Гэта быў сапраўдны гігант, у даўжыню больш чым кіламетр. З такімі велізарнымі касмазаўрамі ні мне, ні камусьці іншаму з паляўнічых яшчэ не даводзілася сутыкацца.
Гэта само па сабе кепска, але яшчэ горш было тое, што касмазаўр заспеў караблік у момант завяршэння «скачка», у самым бездапаможным ягоным стане!
Не дзіўна, што хлопчык запанікаваў. Напэўна, я б і сама захвалявалася на ягоным месцы, але пры ўсім гэтым наступныя мае дзеянні былі б чыста аўтаматычныя адпрацаваныя да дробязей і ў баях, і на шматлікіх трэнажорах.
Нічога такога ў хлопчыка яшчэ не выпрацавалася. У ягоных дзеяннях было шмат лішняга і непатрэбнага.
Хлопчык ударыў у касмазаўра адразу ж з чатырох бліжніх плазменных устано вак. Чаго рабіць нельга ані ў якім разе! Патрапь ён у свайго праціўніка хоць адным з гэтых залпаў — у хлопчыка мелася б яшчэ магчымасць увесці ў дзеянне астатнюю зброю. Але касмазаўр яму такой магчымасці не прадставіў.
Той, хто ніколі не назіраў касмазаўра ў момант атакі, нават уявіць сабе не можа, з якой хуткасцю і грацыяй перамяшчаецца ў прасторы гэтая агромністая і, на першы погляд, няўклюдная махіна!
Мудрагеліста выгнуўшы доўгае змеепадобнае цела, касмазаўр без усялякага намагання ўхіліўся ад усіх чатырох плазменных залпаў. І ўдарыў сам. раз. потым яшчэ раз.
Усе падрабязнасці паядынку я магла назіраць праз шматлікія экраны. Я імчалася на дапамогу хлопчыку, але адлегласць між намі была вельмі значнай. Я спазнялася. Безнадзейна спазнялася!
Караблік напарніка, скамечаны і пашкоджаны, бездапаможна куляўся ў касмічнай пустэчы, а касмазаўр, не прыбягаючы нават да свайго полымя, усё працягваў і працягваў дабіваць яго магутнымі ўдарамі хваста. І я ўяўляла сабе стан хлопчыка там, унутры металічнай скрынкі. дакладней, я проста старалася не думаць пра гэта цяпер.
Самае лепшае для хлопчыка ў дадзены момант было б страціць прытомнасць, і, магчыма, так яно і адбылося.
Але тут здарылася нечаканае!
Зламаны, скалечаны караблік К-22 выкінуў раптам з сябе лазерныя мячы. Адразу абодва!
Здараюцца ж у жыцці моманты неверагодных удач, асабліва ў навічкоў.
Хлопчык, прыводзячы ў дзеянне лазерныя мячы, відаць, дзейнічаў усляпую. Я была проста ўпэўнена, што экраны ягонага карабліка выйшлі са строю ў выніку бязлітасных удараў монстра. І, тым не менш, адчайны ўзмах аднаго з мячоў усё ж дасягнуў мэты.
Лазерны прамень прайшоўся якраз па хваставой частцы касмазаўра. Я знаходзілася ўжо непадалёк і магла назіраць, як шарахнуўся скалечаны касмазаўр.
Вядома ж, гэта была яшчэ не перамога.
Але я знаходзілася ўжо зусім побач.
Спярша я ўдарыла з дальнабойнай плазменнай устаноўкі. Адразу ж чаргой з некалькі дзясяткаў зарадаў. А потым, залажыўшы круты віраж, кінулася ў атаку, пачаргова выпускаючы па монстру залпы з усіх чатырох плазменных установак бліжняга бою.
Страціўшы хвост і згубіўшы значную долю ранейшага спрыту, касмазаўр, тым не менш, заставаўся грозным праціўнікам. Вузкія языкі полымя, якія вырываліся з ягонай пашчы, літаральна паласавалі прастору вакол майго карабліка. а я, паспяхова ад іх ухіляючыся, усё працягвала і працягвала ўсаджваць зарад за зарадам у бугорчатае цела монстра. Праўда, адлегласць між намі была яшчэ даволі значнай, і большая частка плазменных зарадаў расцякалася па звыштрывалай каменнай брані касмічнага гіганта. Але варта было мне толькі падабрацца бліжэй і задзейнічаць уласныя лазерныя мячы.
І, нібыта зразумеўшы гэта, касмазаўр кінуўся наўцёкі. Не знік, імгненна перамясціўшыся ў прасторы, а проста задаў лататы, нібыта перапалоханы заяц.
Я кінулася, было, наўздагон, але ўспомніла пра хлопчыка, які сцякаў крывёю ў разбітым карабліку. Нічым дапамагчы яму я не магла, акрамя, як выклікаць дапамогу, але і ў гэтым не было аніякай неабходнасці.
Увесь наш паядынак, вядома ж, фіксаваўся на шматлікіх экранах Цэнтра, і тэхнічны крэйсер ужо спяшаўся сюды, пранізваючы прастору. Пра што мне адразу ж ветліва паведамілі.
А потым яшчэ больш ветліва выказалі пажаданне, каб я ўзнавіла пагоню за падбітым касмазаўрам, для канчатковай ягонай ліквідацыі.
«А пайшлі б вы! — агрызнулася я ў думках. — Самі б хоць раз паспрабавалі!»
Але гэта ў думках.
— Вас зразумела! — прамовіла ўслых, але, перад тым як пачаць выконваць загад, пераключылася на бліжнюю сувязь. — К-22, я — А-3! — прагаварыла ў мікрафон. — Ты мяне чуеш?
Я не чакала пачуць хоць штосьці, але адказ прыйшоў. Хлопчык мне адказаў: