Выбрать главу

— А-3, я — К-22! — прашаптаў ён. — Падчас бою атрымаў значныя пашкоджанні і часова выбыў са строю!

Я паспрабавала ўсё ж прыгадаць імя хлопчыка, але так і не ўспомніла.

— Трымайся, К-22! — сказала я ў мікрафон. — Дапамога побач ужо, так што не ўздумай паміраць! З цябе выйдзе класны паляўнічы, і нам будзе пра што паразмаўляць у будучым!

Адключыўшы ўсялякую сувязь, я зрабіла першы «скачок». І касмазаўр адразу ж апынуўся непадалёк. Але бою і цяпер не прыняў, працягваючы адступленне.

А ўдалечыні, у тым жа напрамку, куды ён імкнуўся, ледзь праглядваўся на экранах расплывісты сілуэт яшчэ аднаго касмазаўра. Таго, з якога, уласна кажучы, усё і пачалося.

Быў ён нейкім дзіўным і незразумелым, гэты касмазаўр, але менавіта гэтага ніяк не магла вызначыць. Тым больш, з такой адлегласці.

Вырашыўшы, што ўсяму свая чарга, я выкінула перыферыйнага касмазаўра з галавы. Тым больш, што бясхвосты ягоны калега спыніўся і вырашыў прыняць бой.

Бачылася, што ён сур’ёзна паранены. Рухаўся касмазаўр цяпер бокам, манеўраваць не мог зусім, і прыкончыць яго не з’яўлялася сур’ёзнай праблемай. Галоўнае — ухіліцца ад плазменных струменяў. але з гэтым як-небудзь спраўлюся.

Здзіўляла і насцярожвала тое, што касмазаўр па-ранейшаму не спрабаваў знікнуць, імгненна перамясціўшыся ў прасторы. Магчыма, згубіўшы хвост, ён страціў і гэтую дзіўную ўласцівасць?

З дапамогай дальнабойных установак я разабралася з касмазаўрам так лёгка і хутка, што адчула нават нейкае расчараванне. Поўная паляўнічага азарту, паімчалася ў пагоню за касмазаўрам нумар два, хоць яго больш правільна было б называць першым нумарам.

Гэты касмазаўр, нягледзячы на павольнае перамяшчэнне, паспеў аддаліцца на такую адлегласць, што можна было без рызыкі здзейсніць некалькі «скачкоў». І я іх здзейсніла. Дакладна, амаль ювелірна вынырнула з апошняга «скачка» і ўбачыла праціўніка непадалёку. На адлегласці двухсот кіламетраў, не больш.

І зразумела, нарэшце, што ў ім было дзіўнага.

Ён меў пры сабе дзіцянё. Маленькага касмазаўрыка, памеры якога ледзь перавышалі памеры майго карабліка.

Дык вось чаму дарослы касмазаўр (дакладней, касмазаўрыха) рухалася так павольна, вось чаму яна не спрабавала знікнуць, пранізваючы прастору.

А той, першы касмазаўр. той, якому адсек хвост хлопчык, а потым за справу ўзялася я і літаральна разнесла яго на кавалкі.

Ён мог застацца жывым, здзейсніўшы адзін толькі «скачок», але замест гэтага вырашыў прыняць бой, абараняючы самку з дзіцём.

Я абавязана была аддаць яму належнае за такую самаахвярнасць. Магла таксама пашкадаваць гэтую касмазаўрыху, якая зусім нядаўна стала маці. і я на самай справе яе шкадавала.

Тым больш, вартае жалю было дзіцянятка, якое кранальна і бездапаможна пры ціскалася да браніраванага боку маці.

Ды толькі ўсё гэта анічога не змяняла!

Я не магла пакінуць іх жывымі, бо сваім міласэрным учынкам асудзіла б на смерць тысячы і тысячы людзей у недалёкай будучыні.

Напэўна, касмазаўрыха і сама зразумела, што літасці не дачакаецца. І таму, засланіўшы сабой дзіця, першая рынулася ў бой.

4

Гэты бой аказаўся цяжэйшы за папярэдні, хоць памеры касмазаўрыхі былі даволі сціплымі: метраў шэсцьсот, не болей. Але яна, як усялякая маці, абараняла сваё дзіцяня!

Усяго каля дваццаці хвілін прайшло ад пачатку паядынку, а я ўжо страціла дзве з чатырох плазменных установак бліжняга бою. Корпус шматпакутнага майго карабліка быў прапалены не менш, чым у дзесяці месцах. Адтуліны гэтыя, зразумела ж, адразу запаўняліся аварыйнай металічнай пенай, але ўнутраныя пашкоджанні аднавіць было не так проста. І, што самае непрыемнае, адзін з плазменных струменяў касмазаўрыхі пашкодзіў мне левую руку. Не вельмі адчувальна, але цяпер, нават прарваўшыся ў бліжні бой, я магла задзейнічаць адзін толькі правы лазерны меч.

Касмазаўрысе таксама здорава дасталася. Яе браніраваная скура была пашкоджана ў многіх месцах і звісала з тулава рванымі шматкамі. Галаву касмічнага монстра я раскурочыла так, што плазменныя струмені з пашчы білі ўсяго метраў на сто, не далей. Рухі касмазаўрыхі зрабіліся хаатычнымі і нескаардынаванымі.

Тым не менш, нават у такім стане касмазаўрыха самаахвярна спрабавала засланіць ад мяне сваё дзіцяняці. І я была б апошняй дурніцай, калі б не скарысталася гэтай самаахвярнасцю.

Заклаўшы занадта круты віраж вакол монстрыхі, я рынулася ў напрамку да маленькага касмазаўрыка. Дакладней, стварыла ў касмазаўрыхі падманнае ўражанне. І калі яна таксама памкнулася ў той бок, безразважна падстаўляючы безабаронную шыю, мне хапіла і аднаго правага мяча.