Званок ля дзвярэй магазіна.
Яневіч. Зноў... Адны гускі ды аслы ходзяць... (Выйшла.)
Караліна. Я зраблю.
Кастусь. Ведаю... (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала... Няўхільна... Няўмольна... Адразу...
Марцявічус. Даўно пара...
Яневіч (у дзвярах). Кажу, нельга.
У дзвярах Вітаўт і Марыя Грэгатовіч.
Вітаўт. Свае. Трэба.
Зайшлі. Паўза.
Кастусь. Ах-х, вось яшчэ не было... Вітаўт!.. (Ціха.) Нашто прывёў старонняга?
Вітаўт. Ну-у!.. В-ведаеш! Табе ўнаравіць... як графскаму сабаку... Табе што, жыццё сваё – капейка?.. Я прыйшоў, каб вы-ра-та-ваць яго... Мала гэтага?.. Зразумеў? I ўсё! I досыць!
Кастусь. Зразумеў... Але гэта канспіратыўная кватэра. Я магу памерці – камітэт павінен жыць...
Вітаўт. То і памрэш...
Марыя. Пан Макарэвіч... Не трэба яго... Я ў адчай прыйшла, пакуль яго адшукала... Горад аббегала...
Кастусь. Спакойна, Марыя. Што такое?
Марыя. Надвячоркам зайшла суседка... Прасіла не выдаваць... Па сакрэту сказала, што ўжо ва ўсіх на тым баку вуліцы правяралі дамавыя кнігі, што заўтра будуць у астатніх... У нас... Я пайшла да мадам Салье... (У адчаі.) Выявілася, што ўлады шукаюць слядоў Макарэвіча... Яны ведаюць, што ён і Каліноўскі – адно...
Чортаў Бацька. М-маем.
Арсень. Значыць, табе нельга вяртацца на Антокаль, Кастусь.
Паўза.
Марыя (зусім ціха). Вы на Антокалі? I не маглі знайсці... Што ж, я зрабіла ўсе, што магла: заліла чарнілам ліст у дамавой кнізе маці.
Арсень. Чортаў Бацька, давай бланк.
Чортаў Бацька дастае з-пад маснічыны нейкія паперы.
Чортаў Бацька. На.
Караліна падышла яшчэ бліжэй да Кастуся і Марыі.
Марыя. Я ненавіджу гэтую вашу... справу. Але я зрабіла гэта.
Кастусь. За што ненавідзіце?
Марыя. Яна адбірае вас ад мяне. Якраз у той дзень, калі я зразумела, што... кахаю вас... – вы зніклі з флігеля на Антокалі: пайшлі, відаць, у гэтую сваю... справу... Яна і цяпер адбірае вас, дае мне замест шчасця штодзённае гора.
Кастусь. Марыя...
Марыя. Бо я кахаю вас. I я слабейшая за яе, праклятую. Што яна зрабіла з горадам, з краінай, са шчасцем, ваша справа?! А я – слабейшая. Я не магу змагацца супраць яе... Гора маё! Бяда мая! (Плача.)
Караліна. Сочаць... Падбіраюцца. Як пальцы да горла.
Марцявічус (змрочна). Не лезь, Мураш, да горла мяцяжу, бо атрымаеш ты... па пысе... Не, я не Пушкін... Але па пысе ён атрымае.
Вітаўт. Не ўсё ж каб шанцавала ды шанцавала. Паўсюль. Ва ўсім. У вайне, выкраданнях, каханні... у картах... чорце, д’ябле.
Арсень са здзіўленном азірнуўся.
Арсень. У якіх картах?
Вітаўт. Скажам, “у стратэгічных картах”.
Марцявічус. З імі некаторым, прама скажам, не шанцуе...
Арсень (нудна). Ты, Вітаўт, нуда японская... Астабрыд ты мне. (Думае над бланкам пашпарта.) Якое б табе прозвішча, Кастусь?
Вітаўт (сам сабе, вельмі змрочна). Банапарт нядрэннае прозвішча... Пугачоў.
Чортаў Бацька. Відны...
Арсень. Нешчаслівае для нашага брата прозвішча... Гм... Не, там людзі дрэнныя, поскудзь дробная, а не людзі... Спасаіконапрэабражэнскі? Пузам для такога прозвішча не выйшаў... А што, калі тваё, Пархвен, прозвішча? Ды не, які ён Бабаед... Унь бабы яго, гаротнага, поедам ядуць,.. Ага, ад лацінскага “віта” – жыццё... Шчаслівае прозвішча – Ві-т а-жэ-нец.
Яневіч. А жыць яму, святому дурню, у святым месцы. У Свентаянскіх мурах.
Чортаў Бацька. Праўдачка. Да Мурашоўскага палаца адтуль – д-даплюнуць можна. Хто стане шукаць?
Кастусь (да Марыі). Але я не ўводзіў вас у зман.
Марыя. Але я кахаю.
Кастусь (мякка). Мне шкада, Марыя. Вельмі шкада.
Паўза.
Але я не магу быць побач. Не думайце, што прычына таму – вы. Проста мы ўсе тут – жаніхі радзімы, свабоды... Калі гэта цябе супакоіць – супакойся.
Караліна апускае галаву.
Калі можаш дараваць – даруй.
Караліна. Досыць... Не трэба слоў... Яна ж – ну проста... (Робіць жэст адчаю.) Маўчы. (Бярэ Марыю за плечы, адводзіць.)
Марыя. Ты таксама кахаеш... (Дапытліва глядзіць на Караліну.) Нічога. Я цябе не баюся. Я баюся – той... Бывай, Кастусь.
Кастусь. Бывай.
Марыя (ціха). Да сустрэчы... як прыйдзе “свабода”. (Горка.) Не думала, што буду яе чакаць.
Чортаў Бацька. Чакай, дзетухна, чакай светлую нашу.
Пайшла Марыя.
Караліна (ціха). Нясцерпна ёй.
Яневіч. Ты ўжо маўчы!.. Ты ўжо маўчы!.. Як аперазаю, не гледзячы.
Арсень бярэ стары пашпарт Кастуся, паліць на запалках. Падае яму новы.
Арсень. Усё. Вітаю з хрышчэннем, пан Вітажэнец, прыватны настаўнік.
Марцявічус. Пан настаўнік, пан настаўнік, у вас бяда!
Кастусь (змрочна). Што?! Кабан здох?
Марцявічус. Горш... інспектар прыехаў.
Усе засмяяліся, не вельмі весела.
Вітаўт (голасна). Жарцікі... А ты на полі страчаных быў, а-т а-ман?
Арсень. А ты лічыў, гінуць са сцягам? Так і гінуць.
Вітаўт. Ты быў, што жартуеш?
Яневіч. Змоўч, псіх... Выгляд твой пахмуры – свята светлае побач з ягонымі... жартамі, імяніны сэрца...
Кастусь. Не трэба яго крыўдзіць... Вітаўт, я ж не таму сказаў табе папрок, што ў мяне дрэнны характар, што я дрэнна стаўлюся да цябе. Проста, нават калі справа ідзе аб жыцці аднаго з нас – на канспіратыўную кватэру нельга весці старонніх. Ты гэта – запомні.
Вітаўт. Яна ж твая кватэрная гаспадыня. Ты ж з ёю ды са мною аб зорах гаварыў.
Кастусь. Зоры – справа іншая. На іх яшчэ мураўёўскія сышчыкі не паспелі залезці.
Вітаўт. Я ж думаў, у яе толькі справа. Я ж не ведаў, што яна яшчэ і куры з табой строіць.
Кастусь. Не буду я з табой біцца, Вітаўт мілы.
Вітаўт (непрытомна). Ух-х, да чаго ж цябе пашанцаванне любіць!
Кастусь. Скончу, значыць, дрэнна.
Чортаў Бацька. Тых бунт аўшчыкоў, якім шанцуе, улады асабліва не любяць.
Вітаўт (у ціхай раз’юшанасці).I ваявода ты, і трасца, і хвароба,.. I паэт ... “I акадэмік, і герой...”
Кастусь. Разнастайны чалавек... I цесля... Калок аднойчы зачасаў. I скончылася – страшна. Хіба што не мараплаўца... Вітаўт , што з табой?