Выбрать главу

Вітаўт. Мараплаўца... I каламутнае яно, тое мора, у якім плаваеш. Плывец ты – нічога. Толькі замест залатога ветразя ў цябе – ануча. Чужым зрабіў нам мора. Не ведаю, з якой прычыны. Са славалюбства?

Кастусь. Я не адмірал. Я грабу дзень і ноч, ратуючы карабель. У мяне ад напругі – кроў з-пад пазногцяў. Ты гэтага хочаш?

Вітаўт. Адмірал... хамаў...

Кастусь. За сябе я не крыўдую... хаця я любіў цябе... (Грозна.) Але гэтага, але людзей, братоў маіх, – ты мне не чапай... Мы за гэта закапанымі заплацілі... Іх... жывымі... а ты мне тут... тэарэтычныя антраша вырабляеш, зміеў шып папалам з істэрыкай.

Доўгая паўза.

Досыць аб гэтым.

Вітаўт. Не, не досыць... Ты чаму мяне да вялікай справы не дапускаеш?! Чаму?

Кастусь. Ты ўдзельнічаў. У многіх.

Вітаўт. Ах, справы... Тэрарыст , экспрапрыят ар, трасца, хвароба... А мне змыць, змыць з сябе трэба...

Кастусь (пасля п аўзы). Добра... Караліна не паедзе на Міншчыну...

Караліна. А хто?

Кастусь. Ён...

Вітаўт. Туды? Дзе развал?

Кастусь. Больш цяжкай працы няма... Не ўпэўнены – не едзь.

Вітаўт. Вось... Вось яе... Толькі яе...

Кастусь. I ўлічы, там сапраўды цяжка.

Вітаўт. Зробім... Не ўсё ж ты ды другія... Мы таксама не шапкай боршч ямо, не ў нерат узімку хутаемся, не нагою нос выбіваем...

Паўза.

Кастусь. Едзь. Марыш аб славе? Законна для тваіх год. Хочаш небяспекі? Таксама. Працаваць хочаш? Працуй. Вось табе Міншчына. Рабі там што хочаш. Але каб праз месяц быў стальны парадак. Не зробіш – адкажаш. Будзем ведаць: крыкі твае – шчанюкоў віск. Зробіш – вось табе твая слава і памяць у пакаленнях.

I тут раптам устае пані Юзэфа.

Яневіч. Не! Агойтайся, Кастусь! Нельга!

Кастусь. Чаму?

Яневіч. Панства яго! Сённяшняя яго выхадка...

Кастусь. Ён заўсёды быў смелы...I ён зразумее сваю няслушнасць. Усім нам іншай дарогі няма: або перамога, або пятля... Мяне ён не абразіць, Юзэфа. I потым, ён хлопец з хворым сумленнем, яму сапраўды трэба верыць у сябе...

Яневіч. Нішто сабе гусь! Ну і ну! Яму дзевятнадцаць, табе – дваццаць пяць, а ты за яго не разумнейшы...

Кастусь. Чаго гэта я гусь, цётка Юзэфа?

Яневіч. А тое... Не любоў галоўнае ў ім. Зайздрасць!

Кастусь. Рэўнасць, цётка... Рэўнасць да кат аржнай працы... Хай працуе.

Я н е в і ч. Не вер!

Кастусь. Ён – чалавек. Я не магу не верыць чалавеку.

Паўза.

(Кастусь паказвае на чамаданы.) Бяры. Чакай на кватэры інструкцый.

Вітаўт. Дзякуй... Кастусь.

Пайшоў Вітаўт.

Арсень. Позна ўжо. Нам – час.

Яневіч. Ідзіце... Я вас – выведу.

Усе пайшлі. Толькі Караліна трохі затрымалася.

Караліна. Ты добра падумаў?

Кастусь. Трэба рат аваць чалавека... Як яно радзее, кола сяброў... Але гэтага я адчаю і злосці – не дам.

Караліна збіраецца ісці.

Скажы мне, сланечнік... Ты мне з самага таго дня не гаварыла.

Караліна. Што?

Кастусь. Ты ведаеш, што...

I тады Караліна традыцыйным жэстам прыкладае кулачок сагнутай левай рукі да сэрца.

Караліна. Люблю... Беларусь.

Кастусь. То ўзаемна... узаемна.

Карцiна дзясятая

Канцылярыя ў мінскай жандармерыі. Ноч. Гарыць толькі адна свечка. Стол падзяляе дзве фігуры. Гэта Лосеў і Парафіяновіч. Ідзе допыт.

Вітаўт. Вы нічога ў мяне не знайшлі... Я пратэстую супраць арышту!

Лосеў. Усе гэта патроху робяць.

Вітаўт. Я – гэта не ўсе.

Лосеў. У вас – як ва ўсіх – дзве нагі... Цалкам прыдатныя, каб мераць камеру... Усе – мераюць. То чым гэта вы такі адметны перад дзяржавай?..

Вітаўт. Без здзекаў!.. Я вам – не хлопчык!

Паўза. Лосеў раптам усміхаецца... Усмешка страшнаватая.

Лосеў. Гм... Магчыма... А я вось здзіўляўся, нашто арыштавалі такое дзіця?.. Дурасць!.. Што яно магло небяспечнага нарабіць у сваім узросце?

Вітаўт (з гневам). То чаму арыштавалі?

Лосеў. Таму што, калі ідзе звычайная праверка, невінаваты не шукае чорнага ходу з кафэ. Чаму б гэта?

Вітаўт. У вас жа прынцып: вінават ага і дурань пакарае. Ты невінаватага пакарай – вось у чым сапраўдная дзяржаўная веліч.

Лосеў. I тое праўда... Прымітыўна – па ўзросту, – але ўмееце думаць. Глядзіце вы! Можа, вы сапраўды большая асоба, чым я меркаваў?

Вітаўт. I што?

Лосеў. А тут яшчэ пашпарт на ваша імя знайшлі сярод папер забітага паўстанца Далеўскага. Чаму б гэта?

Вітаўт. Адзін Гаўрыла ў Полацку... Аднафамілец.

Лосеў. I тое... Другі аднафамілец, па чутках, Магілёўшчынай кіраваў.

Вітаўт. Парафіяновіч – распаўсюджанае прозвішча.

Лосеў. Канечне. Хіба мог юнец кіраваць такой махінай? Вам колькі?

Вітаўт (праз зубы). Дзевятнаццаць.

Лосеў. Небяспечныя бываюць цёзкі... хлопчык... Вы – не з тых. Вам, дзіця маё, трэба славу любіць... жанчын... Карыстацца іх узаемнасцю. Вы – прыгожы... хлопчык.

Вітаўт. Я магу вас папрасіць адмовіцца ад гэтага ідыёцкага звароту?

Лосеў. Так... Канечне... мой юны друг...

Паўза.

Дык вось, я наконт пашпарт а магу вам паверыць... Але сістэма – не. Трэба зрабіць лянівай яе бязлітасную памяць. Можа, ведаеце хаця што-небудзь?

Вітаўт. Адкуль?

Лосеў. Ну, не ведаеце – не трэба... Я гэта пра дробязь... Каб улады маглі праявіць звычайную мяккую паблажлівасць і аддаць вас на парукі бацькам... малады чалавек.

Вітаўт. Лічыце, што маладосць перашкаджае рабіць вялікія... (Асекся.) Лосеў глядзіць на яго.

Лосеў. Т -так... То бок – не... Я проста лічу, што вашаму ўзросту не вялікія справы, а каханне... Жанчыны, што праўда, любяць моцных, нязломных мужчын, але і ваша тонкая... тандэтная прыгажосць павінна ім падабацца...

Вітаўт (гледзячы ва ўпор). Гэта да чаго?

Лосеў (усміхаючыся). Ні да чаго. (Канфідэнцыяльна.) Шукайце жанчыну – кажа мая сістэма. I вось я, стары сыскны сабака, не ведаю, як гэта дастасаваць да вас... Якія вакол вас могуць быць жанчыны? Так, паненкі. Яны пішуць у альбомах, мараць аб прынцах і таму... павінны любіць вас.

Вітаўт. Канечне. Што я, пачвара?

Лосеў. Та-ак... Вельмі павінны. (Скоса глядзіць н а Вітаўта, які нервуецца.) Шкада мне! Хаця б трошачкі ведалі... Хаця глупства... Ад сістэмы адчапіцца.

Вітаўт. Я нікога не ведаю.

Лосеў. Шкада... Таму што гульня скончана, хлопчык... А ўлады ў такіх выпадках не жартуюць. На Магілёўшчыне – правал, пад Бахарэвічамі – правал, Белы жонд ад... вас адхіснуўся. Разумныя!.. Не з хамамі ж ім блакіравацца?.. Хаця б нехта... Сказаць аб ім – і ўсё...