Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.
Марыя. Даруй мне, даруй!
Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: “Кастусь!” I цішыня.
Шалгуноў. Адвядзіце і гэтага.
Шоціка цягнуць.
Шоцік. Даруйце, пан... Каліноўскі. Я не хацеў.
Кастусь. Жыві шчасліва, Ігнась.
Паўза.
Гогель (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?
Кастусь. Як вам не сорамна, паручнік?
Гогель. Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?
Кастусь. Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі... і іншыя.
Гогель. Менавіта “былі”. Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.
Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы... Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.
Шалгуноў. Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў – гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?
Кастусь. Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.
Шалгуноў. Я... загадаю даць вам паперу.
Кастусь. Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых – не больш.
Шалгуноў. Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.
Кастусь. Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць з’яўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.
Шалгуноў. Я вас... паважаю. Пашкадуйце сябе.
Гогель. Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю – вы заб’яце і блакітны, і аранжавы...
Кастусь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі – вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. I гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы – проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.
Паўза.
Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?
Кастусь. Уяўляю.
Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.
Кастусь. Ведаю. I мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.
Карцiна трынаццатая
Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў “Дамініканах”. За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюдца ў цемры... На ложку сядзіць Кастусь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.
Тызенгаўзен. Вы мяне слухаць?
Кастусь. Нашто? Я і так усё ведаю... Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.
Тызенгаўзен (чытае далей). ...прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага... дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава...
У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф Мураўёў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.
... пакараць смяротнай карай – расстраляннем... (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?
Кастусь. Гэта дарэмна. I не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.
Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.
Мураўёў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.
Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.
Кастусь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.
Мураўёў. Другі... Князь Мсціслаўскі.
Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.
Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.
Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.
Мураўёў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі – а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы – парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас – жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.
Кастусь. Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?
Мураўёў. Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі – трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне... Я вам абяцаю. Не Аляксандр – я.
Кастусь. Гэта важыць больш. Ведаю... Чаму прапаноўваеце?
Мураўёў. Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.
Кастусь. У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Мураўёў. А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.
Кастусь. Ведаю.
Мураўёў. А паслухаеш – можаш жыць, кахаць...
Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.
Кастусь. Кахаць...
Мураўёў. Так... Бачыш?
За акном густым вэлюмам падае снег.
Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў...
Кастусь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.
Мураўёў. Я пажыў...
Кастусь. Як пажылі?.. I чаму прапаноўваеце гэта мне?
Мураўёў. Сынок... Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні...
Кастусь. Сімптаматычна.
Мураўёў. У вас блакітная сонечная кроў. Вы – сапраўдны дваранін, рыцар – не тое што гэтыя вырадкі. I вы са сволаччу.
Кастусь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае – гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да “сволачы”?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.