Максім Танк
Казка пра Музыку
Гэта даўна было.
Каб дайсьці да тых дзён,
Адцьвілі б, пасівелі гады,
Шмат стаптаў бы лапцей
I знасіў бы ня менш
Дзьве ці, можа, і тры барады.
Але я быў і там.
Пэўна ж не пехатой,
А на крыльлях легэнды
Матулі маёй.
Ёсьць куток на зямлі,
Дзе крыніцы звіняць,
З трысьнікамі гавораць азёры,
Дзе на кожнай сьцяжыне
Курганы стаяць,
Векавечным парослыя борам.
Ёсьць куток на зямлі
Казак, песьняў, і мар,
I вясёлкавых, красачных сноў,
Дзе і папараць нат
Расьцьвітае-гарыць
У купальскую ноч.
Ёсьць куток на зямлі:
Дзень адзін пражывеш —
Назаўсёды цябе зачаруе.
I дзе б ты ні хадзіў,
Кім бы потым ні быў,
Сум-тугу за тым краем пачуеш.
Даўна гэта было…
Але што значыць нам
Глянуць ўдалеч праз горы-гады!
Толькі трэба усім,
Хто паслухаць прыйшоў,
Быць адважным і быць маладым.
Частка першая
За борам цёмным,
Вялікім,
Дзе, зачапіўшыся
За сасновы грэбень,
Калышацца сіняе неба, —
Жыў сірата Музыка.
Ня меў ён ні двара,
Ні гароду,
Толькі сярмяжку старую —
Прыкрыцца калі ў непагоду —
I жалейку жывую.
А іграў ён заўсёды
Весела.
Нават дрэва, пачуўшы яго,
Хоць бы нізка да долу
Галіны плакучыя
Зьвесіла,
Зашуміць, засьмяецца,
Атрасаючы пыл,
Закалышацца вецер,
I заскачуць,
Як зайцы,
Наполі снапы.
А што ўжо казаць пра людзей!
Калі кожная песьня яго
Сілы шмат дадавала,
Шмат будзіла у сэрцы надзей,
Беднякоў і сірот сагравала…
Вось які быў з Музыкі
Мастак-чарадзей!
Далёка,
Там, дзе сонца заходзіць,
А мо’ і яшчэ далей,
Жыў цар у палацы вялікім.
Ён ня раз чуў ад розных
Бывалых людзей,
Што на сьвеце ёсьць
Гэткі Музыка.
Загадаў цар
Музыку таго прывясьці
У палац, на царскія вочы.
Прывядуць —
Усіх азалоціць,
А то — лепш і дамоў не ісьці…
Ішлі слугі цара дзень і ноч:
I пры сонцы,
I пры месяцы высокім;
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.
Аж пачулі, нехта недзе грае,
Толькі дзе і хто —
Ня бачаць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ноч і целы дзень гарачы.
Адзін кажа:
— Можа, гэта здань?
Другі:
— Мо’ трава сьпявае?
Толькі трэйці,
Прытуліўшы вуха,
Кажа:
— Браткі! тут зямля такая!..
Можа, лепей пойдзем да ракі,
Дзе ля вадапою
Ловяць сонца рыбакі,
Ды спытаем,
Што такое.
Аж глядзяць —
Насустрач ім ідзе
Ў лапціках лазовых хлопчык
Невялікі.
Вось паслы ў яго пытаюць:
— Дзе
Ў вас жыве такі Музыка?
Выняў ён жалейку ды зайграў,
Толькі зазьвінела рэха борам,
Разьлілося шумам траў,
Высыпалі песьню слухаць зоры…
Тут усе пазналі, хто прад імі.
Вось паслы і кажуць:
— Хоча цар
Адкупіць тваёй жалейкі чар
Разам зь песьнямі жывымі.
А Музыка кажа:
— Бедны мы.
Сам я голы, як калок у плоце.
Можа, ваш багаты гаспадар
Камяні ўсе ў полі азалоціць,
Але я жалейкі не прадам
Ні цару, ні вам ніколі!.. —
I пайшоў Музыка ўдаль,
У сінеючае поле.
Частка другая
Доўга думалі паслы
Над сваёй бядой-няшчасьцем.
Парашылі, што жалейку
Трэба ім украсьці.
Скураной дарожнай торбай
Зь іх патрос адзін:
З торбы вылецела птушка,
Паднялася ў сінь.
А другі на мокры дзёран
Зь сьвіткі рукава
Вытрас цень кудлаты, чорны, —
Ні воўк, ні сава, —
Аж, здаецца, пацямнела
Неба, зелень траў…
Трэйці — гадзіну
З-за пазухі дастаў.
Вось адзін пасол гаворыць
Птушцы:
— Ты ляці,
Дзе лускою серабрыстай
Нёман зіхаціць,
Дзе купаецца зялёны
Вецер у траве…
Там, здаецца, і Музыка
Ў тым баку жыве.
~ 1 ~