Стогне вецер, вые дзіка,
Хвалі пеняцца на шхерах.
Ужо бачаць Вяль з Музыкам
Бор стары, знаёмы бераг.
Яшчэ раз вяслом ударыць!
Плыт ўразаецца ў пясок,
Мачта хіліцца набок,
Зьвесіў крыльлі мокры парус,
Пырскі мора на ім зьзяюць…
Вяль Музыку так гаворыць:
— Мы гасьцей з-за сіня мора
Безь цябе тут прывітаем.
Хопіць ім сталоў-курганаў;
Мёдам абнясем ліповым.
Хай даруюць, калі п’яна
З плеч пакоцяцца галовы
Або ў скоках пад нагамі
Трэснуць панцыры іх, шлемы…
Ты ж ідзі далей шляхамі,
Дзе над Нёмнам вербы дрэмлюць,
Дзе шумяць прасторы жыта
Ў залатым імглістым цьвеце.
I што бачыў, раскажы ты,
Перадай ўсім на жалейцы.
Разышліся.
Вяль з братамі
Ловіць мора сіні подых,
А Музыка йдзе шляхамі
На сустрэчу сонца ўсходу.
Вось ужо ў далінах тоне,
Вось хаваецца за межы,
Толькі ўсе жалейкі тоны
Разьліваюцца ў бязьмежжы.
А тым часам у затоку
Караблі ўсё прыбываюць,
I на бераг на шырокі
Цар з дружынай высядае.
Сам цар выступіў наперад,
Кажа:
— Гніцеся мне ў пояс!
Сплёў густы для вас я нерат,
Каб цягнуць да вадапою.
Лепей самі аддавайце
Мне жалейку і Музыку,
А то з вашых плеч на лапці
Надзяру мяккога лыка.
I рагоча ўся дружына.
Вяль гаворыць:
— Што хваліцца!
Паглядзім лепш, хто ў даліне
Выстаіць ці ляжа ніцам…
— Што, няўжо на вас, на гэткіх,
Маёй сілы будзе мала? —
I ўсе разам — цар, і войска,
I паслы — зарагаталі.
А пасьля пайшлі ўсе ў наступ
Чорнай ненавіснай сілай.
Вырваў Вяль дуб каранасты,
Пояс патужыў Асілак,
Волат парасправіў глечы —
I сустрэліся з навалай.
Пачалі мясьці і секчы —
Толькі рэха застагнала.
Быццам жнівам на іржышчы —
Сноп на сноп — кладзецца сіла;
Цэлы дзень грыміць ігрышча,
Як стагі, растуць магілы.
Наступае вечар сіні,
Сонца ў хвалях мора тае,
Позна волатаў з дружынай
Разьдзяліла ноч глухая.
Цар хутчэй уцёк за мора.
Вяль прылёг каля кургана,
Каб, як згаснуць толькі зоры,
Зноў прачнуцца раным-рана.
Сьпіць зямля.
Смугою ліпкай,
Цёплым ценем сон ліецца,
Толькі часам ціхай скрыпкай
Заіграе сонны вецер.
Частка шостая
Ходзіць, нукае Араты,
Конь, залёгшы, цягне шчыра;
I сярэбрацца нарогі
Ад пяску сырога, жвіру.
Часам сталь скрабне паліцу,
Часам іскрай пырсьне крэмень…
I хаваюцца пад дзёрнам
Пікі, панцыры і шлемы,
Трупы царскіх слуг, ваякаў…
Колькі Вяль з братамі выбіў!
Колькі сіл варожых зьнішчыў!
— Ну, раўней лажыся, скіба!
Зааром, забарануем,
Сыпнем ядраны насевак,
I запеняцца ўраджаі,
Закалышуцца напевы…
Толькі дзень замітусіўся,
Вяль, прачнуўшыся, гаворыць:
— Што за дзіва? — дзе ні глянеш —
Скібы чорныя, разоры:
I на захад, і на поўнач
Без канца яны, бяз краю;
Там, дзе бой кіпеў учора,
Нават мейсца не пазнаеш…
Сонца залатой пагодай
Дываны жытоў абмыла.
Сеў Музыка каля броду,
Пад бярозаю пахілай.
Думу думае маркотны:
Ці жыве дзе Вяль з братамі?
Можа, хмарай пералётнай
Ці віхурамі-вятрамі
Мые косьці іх па нівах,
На прасторах на шырокіх,
Дзе ўсе песьні — шум прыліву,
Гул прыліву, хваляў рокат.
Летучы з краёў заходніх,
Воран, кружачы, гаворыць:
— Ой, лягло нямала войска,
Войска царскага з-за мора…
I ў раку ён нешта кінуў.
Паглядзеў Музыка ў тоні:
Зьзяе там красою дзіўнай
Камень, выдзерты з кароны…
I вясёлкамі зазьзялі
Воды сінія, здаецца,
I зноў тоны заігралі
Ў зачарованай жалейцы