— Ні ў якім разе! Хай звоняць, хай патрабуюць! Я забараніў сыходзіць на паверхню! — І ён адключыўся, паглядзеў на Лору. — Ну, дык што нас розніць?
— Той, хто стварыў Зямлю-2, лічаць некаторыя нашы вучоныя, вырашыў усім нам, яе жыхарам, зрабіць падарунак. Мы — несмяротныя. У нашых вачах, у зрэнках ёсць крышталік... Гэта — рухавік бясконцасці, рухавік вечнага жыцця. Ён нейкім чынам звязаны з ядром нашай планеты, з яго сілавымі энергіямі. Наша Зямля нас сілкуе, таму мы ніколі не спім. Мы не ведаем, што такое сон. Мы заўсёды ў бадзёрым стане. У вашых зрэнках няма рухавіка вечнага жыцця, вы — смяротныя...
Мы слухалі Лору, верылі і не верылі. Але шок быў... Што мы маглі сказаць на гэта? Я чамусьці запытаўся ў Антона:
— Што яны хацелі, з карабля?
— З імі звязаліся з Асацыяцыі зоркавых палётаў. Патрабуюць, каб выходзілі на паверхню. Ім для нечага патрэбен старшы пілот.
— Гэтага рабіць нельга, — сказала Лора. — Супрацоўнікі Асацыяцыі адразу вызначаць, што яны з першаасновы, з Зямлі-1. Іх пастараюцца затрымаць... Для доследаў. Калі ў вас былі з некім кантакты, дык сюды могуць прыйсці са службы бяспекі.
— Кантакт быў! Дзядзька Сымон, ты размаўляў са сваім суседам, — сказаў Арцём.
— Мой сусед дома, на Зямлі, — адказаў я. — А тут... іншапланецяне. — І падняў позірк на Лору. — Клон майго зямнога суседа, так трэба разумець? Ён заўважыў, што ў мяне няма ліловага бляску ў вачах, што яго і напалохала.
— Вам трэба пакідаць гэтую кватэру, — Лора паглядзела на доктара Савіча. — Я хачу стаць такой, як вы... Адчуць, што такое сон. Мне не трэба несмяротнасці. У мяне есць магчымасць пабачыць Зямлю-1. Я хачу паляцець з вамі і, можа, нават змагу некалі вярнуцца, расказаць, што там... на першааснове.
— Наш карабель не разлічаны на дадатковы груз, — хутка адказаў Антон.
— Яна мала важыць, — задумліва зазначыў доктар Савіч і кіўнуў Антону. — Пройдзем у той пакой...
Я не ведаю, пра што яны там размаўлялі, магу толькі здагадвацца, але вярнуліся яны вельмі хутка. Доктар Савіч не хаваў задавальнення і адразу звярнуўся да дзяўчыны:
— Я яго ўгаварыў, Лора. Ты ўсё ж мая знаёмая...
Яго апошняя фраза была бы са сцэны тэатра абсурду, як і ўсё астатняе. Мы нечакана ўсе ўздрыгнулі, так гучна зазваніў хатні тэлефон у кватэры.
— Не бярыце трубку, гэта можа быць служба бяспекі, засцерагальна сказала Лора. — Вы ўступалі ў кантакт...
— А, можа, нехта звоніць табе? — запытальна паглядзеў на мяне Антон і нервова засмяяўся.
Мы ўжо адчувалі, што трэба пакідаць гэтую кватэру, спешна вяртацца на карабель. На гэты раз я не забыўся пра мяшэчак з рачным пяском. І хоць ведаў, што ён не належыць мне, сунуў яго ў кішэню. А калі ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку, чакаючы рэйсавага аўтобуса на касмадром, я пачуў крык:
— Сымо-он! Сымо-он!
Азірнуўся і ў тым, хто бег да нас, пазнаў, хм-м... свайго стрыечнага брата. Ён пасміхаўся шчыраю ўсмешкаю беларуса вочы свяціліся ліловым ззяннем, якое проста іграла ў іх.— Ты вярнуўся-я! Вярнуўся-я-я... А я лічыў, што ўжо не пабачымся!
— Таксі-і! — крыкнула Лора і спыніла машыну. — На касмадром! З намі падлетак, як-небудзь уціснемся.
Мы сапраўды ўціснуліся і праз якую гадзіну ўжо былі ля касмадрома. Калі з намі ветліва прывітаўся юнак, падобны да праграміста, што працаваў на нашай Зямлі ў Асацыяцыі, мы, як па камандзе, апусцілі вочы, каб не выдаць сябе, што мы не з Зямлі-2.
— Скажыце, хай зойдзе ў аддзел кіравання палётамі ваш старшы пілот, — папрасіў ён. — У нас перабоі з сувяззю, правісае кантакт.
— Скажам, — прабурчэў Антон.
Мы заспяшаліся да карабля і без аніякіх тлумачэнняў астатнім членам экіпажа, якія запытальна глядзелі на Лору, Антон аддаў распараджэнне старшаму пілоту:
— Ідзіце да сваіх робатаў хай рыхтуюцца да старту. Вяртаемся на Зямлю.
Лору падсялілі ў адсек да псіхолага Галі.
— Ты б яе праінструктаваў, — сказаў я Антону. — Робаты аб'явяць старт, загадаюць пагружацца ў сон, а ў Лоры гэты... рухавік вечнага жыцця.
— Я ўжо ўсё сказаў Галі. Ідзі ў свой адсек і ні пра што не турбуйся.
У адсеку мяне чакаў доктар Савіч. Арцём паіў з піпеткі Ням-Няма, але я не мог не заўважыць, што твар у яго быў засмучаны.
— Нешта здарылася, Арцём?
— Голас... куды я званіў. Гэта быў голас маёй мамы.
— Ты пабачыш яе, калі мы вернемся на Зямлю. Яна там цябе чакае, хвалюецца.
— А я ўсё думаю пра Лору, Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Напэўна, не трэба было яе браць з сабою, але ж я — доктар, мне цікава паназіраць...
— Як за аб'ектам для доследаў? Ці штось іншае?