Я сапраўды затрымаўся на доктаравай сядзібе некалькі тыдняў, а потым мне патэлефанавалі з Асацыяцыі. Аднекуль з суседняй галактыкі экіпаж Грынчука, чый зоркалёт, дакладней, копію яго зоркалёта з клонам бортмеханіка мы бачылі на Зямлі-2, прывёз надзвычай цікавую раслінападобную істоту. Знешне — гэта была расліна з вялікім шырокім лісцем. Яна чымсьці нагадвала наш зямны лопух. Калі надыходзіў час цвіцення, у яе на высокай сцябліне распускалася сіняя кветка ў выглядзе вялікай рукі з шасцю пальцамі. І гэтая рука хапала ўсё, да чаго магла дацягнуцца. Нават абрывала ўласнае лісце. У Асацыяцыі склікалі кансіліум, сабралі ўсіх нашых батанікаў, пасля чаго павінна было распачацца даследаванне расліны. Я таксама быў туды запрошаны, хацелася прыняць удзел у тых доследах. Таму давялося развітацца з доктарам Савічам, як пасля аказалася, ледзь не на год. За гэты час я ўжо нават паспеў злётаць у кароткую камандзіроўку на Месяц, як раптам патэлефанаваў мне Антон:
— Слухай, ты ў бліжэйшы час будзеш вольным? Ёсць ідэя! Мяне зноў угаварыў наш дарагі доктар Савіч, — і ён распавёў далей. — Ну-у, памятаеш, тая яго Праграма... Мы ж не памыліліся з планетай-копіяй, дык чаму б не паляцець да сузор'я Шаляў, у якім, калі зноў жа верыць Праграме, на адной з планет у сістэме зорак, што яго складаюць, ужо даўно вынайшлі машыну часу. Думай, Сымон, думай! Я прапаную, а вырашаць табе!
І я, безумоўна ж, вырашыў. Я пагадзіўся ляцець да сузор'я Шаляў, што, мы і зрабілі неўзабаве. І вось тут варта сказаць, што, як толькі наш асноўны склад экіпажа сабраўся на касмадроме за Раўбічамі, да мяне адразу ж кінуўся доктар Савіч. І па выразе яго твару я зразумеў, што ў доктара ёсць нейкая навіна.
— Сымон, не паверыш, — я нават не пачуў ад яго слова вітання. — А той крышталік — рухавік вечнага жыцця — яшчэ захоўваў нейкую жыццёвую сілу.
— З чаго ты гэта ўзяў? — запытаўся я.
— Ведаеш, там, дзе мы згубілі гэтую пацерку, пры лузе вырасла дзівосная расліна і нават паспела зацвісці. Пялёсткі ў яе кветак ліловыя-ліловыя, як той бляск у вачах хм-м... нашых клонаў на Зямлі-2.
— Лепш сказаць, у вачах Лоры. Пацерка-рухавік належала ёй.
— Во-во, — пагадзіўся доктар Савіч. — Таму я і назваў гэтую расліну: сон лугавы. Хай такім чынам жыве на Зямлі памяць пра Лору.
І я дадаў ад сябе да слоў доктара:
— Хай жыве, як сказала б яна сама, на першааснове. І не толькі як памяць пра яе, а і пра ўсю Зямлю-2, куды ўжо, думаю, наўрад ці хто зможа патрапіць з нас, зямлян.
У садах Семіраміды — няўтульна!
1
Я чакаў, што вось-вось пачую голас пілота-робата, маўляў, праз некалькі хвілін мы стартуем. Трэба пагружацца ў сон. Але на гэты раз нічога такога не адбылося, хаця карабель ужо ўзлятаў. Упершыню традыцыя была парушана, і я выйшаў з адсека ў цэнтральны хол, дзе заўжды можна было пабачыць каго-небудзь з членаў экіпажа. Вось і цяпер за невялікім столікам там ужо сядзеў Антон, а з ім — незнаёмец, даволі малады хударлявы мужчына, якога я бачыў упершыню, што мяне здзівіла. На касмадроме я яго не заўважыў.
— Падыходзь да нас, Сымон, — адазваўся Антон. — І знаёмся... Наш новы старшы пілот Ганс Мюлер з Саксоніі.
І мне ўсё стала зразумела. На караблі з'явіўся новы чалавек, а з ім і новы распарадак. Мае думкі быццам падслухаў Антон:
— Ганс узяў толькі аднаго пілота-робата і лічыць, што калі чалавек спіць, дык нават адзін робат небяспечны. Сон мы адмянілі.
Ганс засмяяўся і звярнуўся да мяне па-беларуску:
— Вы батанік? Дык, цікава ведаць, што сталася з тою раслінападобнаю істотаю, якую прывезлі з чужой галактыкі? Чуў у Асацыяцыі, што яе сіняя рука ўсё расце і расце...
— Не-е, ужо сохнуць пачала. Іншымі словамі, адцвітаць. Цяпер мы ўсе засмяяліся. Я ўважліва паглядзеў на саксонца, падумаў: «Што яго прывяло да нас?» І ўжо ў наступны момант атрымаў адказ на гэтае сваё міжвольнае пытанне, таму што саксонец сказаў:
— А яшчэ я чуў, што на вашым рахунку некалькі сотняў самай што ні ёсць сенсацыйнай інфармацыі. Сам жа я, праўда, толькі шукальнік прыгод. Машына часу, якую мы спадзяёмся адшукаць у сузор'і Шаляў, мяне не цікавіць як сенсацыя, а выключна як магчымасць вярнуцца ў мінулае ці наведаць будучыню.
— Прыгоды будуць! — пачуўся ззаду вясёлы голас. Гэта ў хол увайшоў доктар Савіч. — Не скажы, сенсацыя — справа капрызная. За межамі Зямлі ёсць рэчы, у якія не кожны паверыць, — і ён сеў побач са мною. — Вось, напрыклад, Праграма, якую я атрымаў у падарунак на Зялёнай планеце. У яе ніхто не верыў.
— Дык жа ляцім да сузор'я Шаляў, — сказаў Антон. — Значыцца, паверылі.