Я кіўнуў галавой, падтрымаў Антона:
— Яшчэ як! У сузор'і Дзевы Праграма сябе апраўдала... Ганс запытальна паглядзеў на мяне:
— А што там у вас было ў сузор'і Дзевы?
Мы ўсе маўчалі. Паўза зацягнулася. Тады саксонец запытаўся зноў:
— А чаго вы, беларусы, такія прагныя да розных такіх сенсацый? Ледзь не ўвесь космас аблёталі! Вы хоць шыльдачкі пакідаеце на планетах — «Тут былі беларусы»?!
— Разумееш, Ганс, — і Антон задумаўся. — Беларусь — невялікая па памерах краіна. Хто на Зямлі згадае пра нас, калі мы самі пра сябе не нагадаем. Чым больш сенсацыйных адкрыццяў мы робім, тым больш пра нас ведаюць.
У гэты момант пачуўся голас пілота-робата:
— Выклікаю для кансультацыі Ганса Мюлера.
— Мала таго, што робат усяго толькі адзін, дык яго яшчэ і кансультаваць трэба! — засмяяўся доктар Савіч.
Ганс падняўся і ўдакладніў:
— Ён першы раз у палёце... Пайду гляну, што там у яго.
І саксонец пакінуў хол. А я зірнуў на Антона, маўляў, што ж ты не папярэдзіў што ў нас новы старшы пілот? Антон не зразумеў майго запытальнага позірку, а доктар Савіч паляпаў мяне па плячы:
— Саксонец — надзейны хлопец! Дарэчы, як твой астэроіднік? Гэта ж мы з Гансам наведалі той астэроід недалёка ад Валапаса, адкуль і прывезлі табе гэты грыб. Колькі іх ужо ў цябе?
— Можаш паглядзець...
І доктар Савіч не адмовіўся зайсці да мяне. Праўда, тое, што ён назваў астэроіднікам, па прынцыпе, пад асінай — падасінавік, пад бярозай — падбярозавік, ну, а калі нешта вырасла на астэроідзе, значыцца, — астэроіднік, мне самому бачылася кактусам. Ён меў форму грыба, але быў увесь у калючках. Грыб-кактус, у якога была свая маленькая таямніца. Як толькі нехта малазнаёмы падыходзіў да скрыні, дзе ён рос, астэроіднік адразу выдаваў дзіўны гук: «Ку-ум!» І адразу ж побач з ім з грунту вытыркаўся маленечкі астэроіднічак, быццам астэроіднік тым самым хацеў сказаць: «Не чапай мяне! Я не адзін, нас многа!..» З-за гэтага я рэдка каму яго паказваў. Навошта мець на караблі плантацыю ні то грыбоў, ні то кактусаў?!
— Я падыду да астэроідніка адзін, — сказаў доктар Савіч, як толькі мы зайшлі ў мой адсек. Калі ласка, я не пярэчыў яму. І вось ужо чую з глыбіні адсека знаёмае «Ку-ум!» і тут жа голас доктара Савіча:
— А ты Арцёму яго паказваў?
І мне стала зразумелым, чаму раптам доктар Савіч згадаў пра астэроідніка. Ён, напэўна, не-не, ды і ўспамінаў Арцёма, як, дарэчы, і я сам. Адсек ад самага пачатку гэтага палёту мне здаваўся апусцелым. Гэтае пачуццё адзіноты не пакідала і надалей. Я паспеў палюбіць і прывязацца да Арцёма. Мне не хапала яго. І вельмі часта, калі садзіўся да экрана знешняга назірання, уяўляў, як бы гэта цяпер мы маглі сядзець разам. І Арцём, напэўна, зноў запытаўся б: «А чаму сузор'е, куды мы ляцім, мае назву Шалі?» І я адказаў бы яму, што, магчыма, гэтая назва прыйшла са старажытнага Вавілона, з той зямной цывілізацыі, якая дасюль у многім з'яўляецца для сучасных зямлян загадкай. Старажытныя астролагі, якія жылі там, безумоўна, назіралі за Сонцам. Яны маглі гэта рабіць са славутай Вавілонскай вежы. І, вядома ж, аднойчы заўважылі, што калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор'і, дык на Зямлі дзень пачынае раўняцца начы. Атрымліваецца — раўнавага. З Зямлі няўзброеным вокам звычайны чалавек можа бачыць, як у гэтым сузор'і цьмяна памігваюць сем-восем зорак, але, калі паглядзець у тэлескоп, іх, напэўна, значна больш. Ёсць там, безумоўна, і планеты.
«Дык што, мы будзем садзіцца на кожную з гэтых планет, пакуль не знойдзем машыну часу?» — мог бы ў мяне запытацца Арцём. І я адказаў бы яму: «Магчыма, гэта нам і давядзецца зрабіць, але затое які цікавы свет мы можам адкрыць для сябе! Ты ўжо меў магчымасць пабачыць, што ў космасе могуць сустрэцца такія неверагоднасці, у што людзям на Зямлі цяжка паверыць». І потым, калі б мы ўжо дасягнулі сузор'я, сапраўды, маглі б адкрываць для сябе планету за планетай. А, можа, гэтага і не спатрэбілася б, таму што на першай жа планеце мы маглі б сустрэцца з невядомым для нас светам. І гэты свет прадэманстраваў бы нам сваё вынаходніцтва: машыну часу — геніяльнае адкрыццё таемнага чужога розуму. Гэтак думалася мне даволі часта, а на самай справе ўсё атрымалася па-іншаму, зусім непрадказальна.
Аднойчы я займаўся вывучэннем раслін, якія былі ў адсеку, і раптам адчуў, што карабель пачаў вібрыраваць. Усё, што знаходзілася наўкол, затрэслася, захісталася. І ў тое ж імгненне пачуўся голас пілота-робата:
— Не ўпадайце ў паніку. Сітуацыя высвятляецца. Чакайце далейшых звестак.
Вібрацыя працягвалася. Я ўжо было хацеў ісці ў цэнтральны хол, як у адсек увайшоў доктар Савіч.