— А чаму ў цябе не ўключаны экран? — запытаўся ён. — Уключай! Па маіх разліках, а я ж кіруюся арыенцірам Праграмы, мы ўжо ў межах сузор'я Шаляў. І ты толькі паглядзі, што ў нас па курсе...
Я ўключыў экран і ўжо не мог адарвацца ад яго.
На ім вымалевалася планета, абкружаная аблокамі. І яна нібыта варылася ў іх, гэтак яны бушавалі і віхурыліся. Тысячы і тысячы маланак праціналі іх, звіваліся ў вогненныя клубкі і раскручваліся. Нібыта агністыя змеі, маланкі чапляліся адна за адну, утвараючы самыя розныя геаметрычныя фігуры. Аблокі свяціліся то ружовым, то блакітным ззяннем. Мігатлівыя агні выстрэльвалі з іх, і мільёны іскраў уцягваліся назад у аблокі.
— Касмічны ўраган, — сказаў доктар Савіч. — Мы не праб'ёмся праз яго да планеты, ды і невядома, што там на ёй.
— Увага! Карабель прыцягваецца планетай, — пачуўся голас. І на гэты раз не пілота-робата, а Ганса Мюлера. — Спрабую вывесці яго з-пад яе ўздзеяння.
— Гэта катастрофа, — сказаў я. — Калі карабель прыцягваецца, мы можам урэзацца ў гэтую вогненную кашу.
— Мюлер — класны спец!
Але гэтыя словы доктара Савіча мяне не супакоілі. Я глядзеў і глядзеў на экран і мне думалася, што, напэўна, гэтак выглядае пекла. У адсек зазірнуў Антон:
— Прывыклі да трасучкі?! Робатаў ужо, напэўна, штампуюць. Быў бы чалавекам, сказаў бы, што страціў прытомнасць. Бортмеханік спрабуе вярнуць яго да жыцця.
— Ты не пра робата, ты лепш скажы, што будзе з караблём? — запытаўся ў Антона доктар Савіч.
— А што можа быць? — адказаў Антон. — У гэтай планеты ёсць два спадарожнікі. Адзін ледзь заўважны — з пылу. На другім саксонец паспрабуе зрабіць пасадку.
Мы сапраўды неўзабаве завіслі над гэтым другім спадарожнікам. Але карабель усё яшчэ вібрыраваў. І бортмеханік Аляксей, якога звычайна мы рэдка бачылі, такі ён быў некамунікабельны, цяпер нібыта апраўдваўся перад кожным з нас.
— Хлопцы, ну далібог жа ўсё ў парадку. Усе прыборы ў норме, а такое адчуванне, быццам вось-вось на караблі ўсё адмовіць.
— Ты робата вярнуў да жыцця? — запытаўся ў яго доктар Савіч.
— Вярнуў! Ён у сябе ў адсеку.
Мы ўсе знаходзіліся ля галаўнога ілюмінатара. Перакідваліся словамі і кожны з нас напружана ўзіраўся ў паверхню, на якой разгледзець што-небудзь было цяжка. Засцілі попел і пара ў атмасферы гэтага спадарожніка, які нагадваў вялікі востраў. І ўсё ж тое-сёе мы бачылі і, напэўна, у думках кожны жахаўся. Было падобна, што на ім адбылася глабальная катастрофа.
— Бачыце, горы... Ля іх белыя слупкі, — казаў Антон. — Гэта, напэўна, гейзеры, і тэмпература вады ў іх даволі высокая. Пара адсюль бачная.
— Ты на галоўнае не звярнуў увагі, — адазваўся доктар Савіч. — Вунь тая гара, самая высокая. Гэта ж вулкан і не патухлы. Над кратэрам клубы дыму. Але, думаю, вывяржэнне ўжо адбылося. Лава пакрыла ледзь не ўсю паверхню. Шкада. Там было жыццё.
І доктар Савіч не памыліўся. Таму, што, калі Ганс пасадзіў карабель і мы сышлі на паверхню, пакінуўшы на караблі Аляксея і робата, пераканаліся, што вывяржэнне вулкана было вялікай сілы.
— Па нашых зямных мерках, гэта адбылося гады два таму назад, — сказаў саксонец. — Лава паспела застыць і пахавала пад сабою ўсё жывое.
Мы ішлі і ішлі і наўкол бачылі адно разбурэнне, хаця было падобна, што там, дзе мы знаходзіліся, некалі быў вялікі горад.
— Цяжка паверыць у такое, каб аніхто не выжыў, — уздыхнуў доктар Савіч. — Але рэаліі паказваюць, што мы ў мёртвым горадзе, які сузіраем у выглядзе руін.
— Дзіўна, — сказаў я. — Наўкол хоць бы дрэва ці куст які.
— Затое дамы тут былі драўляныя, — заўважыў Антон. — Вунь колькі бярвення, а там... — паказаў позіркам. — Дык амаль неразбураная будыніна. Ого-о, сцяна метраў дзесяць!
І мы падышлі да гэтай будыніны. Яна ўзвышалася напаўразбураным абпаленым зрубам, як пакарабачаны помніку усяму таму, што тут некалі было. Я паспрабаваў уявіць прыгожы драўляны дом, а за ім — яшчэ і яшчэ адзін... Шырокую вуліцу, роўныя зялёныя газончыкі... І здалося непраўдападобным, што гэта ўсё магло быць на маленечкім спадарожніку невядомай планеты, ахопленай касмічным ураганам у сузор'і Шаляў.
Доктар Савіч падняў з долу невялікі зеленаваты аскепак, пакруціў у руках:
— А тут у нетрах ёсць жалеза, — сказаў ён. — Гэта — сэйдзі, адзін з васьмі відаў керамікі. На Зямлі яе пачалі вырабляць у Кітаі недзе каля трох тысяч гадоў таму назад. Потым яна з'явілася ў Японіі. Каб атрымаць такі колер, у паліву трэба было дадаваць жалеза.
— Гэ-эй, сюды! Хадзіце сюды!
Гэта крычаў нам Ганс. Ён паспеў ужо адысціся трохі наперад і быў чымсьці ўсхваляваны. Калі падышлі да яго, пабачылі катлавіну, у якой не было канца. Але ўражвала іншае. Па баках гэтай катлавіны былі трыбуны. Абпаленыя, занесеныя попелам, яны таксама не мелі краю, здаваліся бясконцымі.