— Здагадваецеся, што гэта? — запытаўся саксонец.
— Думаю, стадыён, — адказаў Антон. — Мы стаім перад футбольным полем.
— Але ж якога росту былі тыя, што гулялі на ім? Памеры ўражваюць! — сказаў доктар Савіч.
— Я пра гэта падумаў яшчэ, калі стаялі ля той сцяны, — адазваўся Антон. — Будыніна мела адзін паверх. У такім памяшканні маглі жыць веліканы.
Я азірнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на сцяну адзінокага зруба і заўважыў што каля яе штосьці блішчыць. Краёчак нечага, што ледзь-ледзь вытыркалася з попелу, які гурбамі ўзвышаўся пад сцяною.
— Антон, там нешта ёсць. Блішчыць, як золата, — сказаў я. — Давай вернемся да сцяны.
Калі мы вярнуліся і разгрэблі попел, дык пабачылі нешта, што нагадвала вушную ракавіну, самае сапраўднае залатое Вуха з адтулінай пасярэдзіне, ды такой вялікай, што ў яе мог пралезці чалавек. Знаходка нас уразіла.
— Можа, тут у музеях падобныя рэчы выстаўляліся? — зазначыў Антон.
— А я думаю, што гэта наглядны дапаможнік, — выказаў сваё меркаванне доктар Савіч. — Маглі дэманстраваць у школах, калі дзеці анатомію вывучалі. — І ўзяўся за краёк Вуха. Прыўзняў яго: — Для золата легкаватае!..
Гэта можа быць і часткай нейкай скульптуры, — уключыўся ў размову саксонец. — Калі тут жылі веліканы, дык і скульптуры ў іх былі адпаведныя.
У гэты момант паверхня, дзе мы стаялі, уздрыгнула, хіснулася... Пачуўся незразумелы гул. Мы ўсе азірнуліся і пабачылі, што кратэр вулкана, які быў самае большае ў некалькіх кіламетрах ад нас, пырхае агнём і па яго схіле сцякае вогненная рака... А гейзеры, што білі фантанамі недалёка ад падножжа вулкана, напэўна, закіпалі. Адтуль насоўваліся, ляцелі клубы пары. Паветра зрабілася цяжкім, задушлівым і вільготным.
— Вулкан выплюхнуў з сябе лаву, — уздыхнуў Ганс. — Трэба ратавацца і ратаваць карабель. Яна зноў тут можа ўсё накрыць сабою.
— Сымон, памажы мне...
Доктар Савіч усё яшчэ трымаўся за прыўзняты краёк Вуха, і я падхапіў другі яго канец. З гэтым залатым Вухам мы і рушылі да карабля, дзе нас чакала непрыемная навіна.
— Я ўжо збіраўся паслаць вам сігнал, — сказаў бортмеханік. — Карабель намагнічваецца. Робата прыцягнула да дзвярэй і адарваць яго я не змог. Ён цалкам паралізаваны.
— А мы ўжо гэта бачылі і самі. Робат-пілот вісеў, бы прыклеены да дзвярэй свайго адсека. Больш таго, туды ж прыцягнула і Вуха, якое мы з доктарам Савічам усё яшчэ трымалі ў сваіх руках. Яно прыляпілася да робата, амаль цалкам прыкрываючы яго.
— Ганс, хутчэй ідзі да пульта кіравання палётам, — сказаў Антон саксонцу. — Баюся, мы не зможам узляцець!
Але мы ўзляцелі... Стаялі ля галаўнога ілюмінатара і назіралі, як там, ужо далёка ўнізе, вогненныя языкі лавы выпальвалі і пакрывалі сабою ўсё, што яшчэ заставалася на паверхні, якую мы паспелі своечасова пакінуць.
— Я зазірну да Мюлера, — сказаў Антон. — А вы, хлопцы, разыходзьцеся па сваіх адсеках.
— Куды цяпер? — запытаўся я ў доктара Савіча. — У саксонца ёсць арыенціры тваёй Праграмы?
— Яна паказвала на тую планету, куды мы нават не спрабавалі прабіцца, — адказаў доктар. — Хто ж палезе, як ты сам сказаў, у вогненную кашу?!
І, калі мы ўжо разышліся па сваіх адсеках, пачуўся голас Ганса Мюлера:
— Увага! Карабель размагнічваецца. Можа зноў пачацца вібрацыя, а з ёю і непаладкі. Пры такой сітуацыі знаходзіцца ў глыбокім космасе небяспечна. Бяру курс на Зямлю!
І адразу ж пасля саксонца мы пачулі Антона:
— Загадваю пагрузіцца ў сон! Працягласць сну не вызначайце! Бяру пад свой кантроль усыпляльнік. Падключайцеся да кінасерыялаў!
Ну што ж, сон, дык сон! Загад камандзіра трэба выконваць. І хоць гняла нейкая незразумелая трывога, я падкарміў свае расліны і, як і падчас палёту ў сузор'е Дзевы, падключыўся да мульцікаў... А прачнуўся, калі ўжо Ганс пасадзіў карабель на Зямлі, на нашым касмадроме за Раўбічамі.
— Як бачыш, асаблівых прыгод не атрымалася, — казаў доктар Савіч саксонцу, калі мы ўжо рыхтаваліся пакінуць карабель.
А мне рупіла хутчэй дазнацца, што ж там, з тым залатым Вухам, куды яго цяпер панясём: у памяшканне Асацыяцыі ці ў аддзел экспертызы пры ёй? Пра гэта я і запытаўся ў доктара Савіча, на што ён адказаў:
— Якая экспертыза?! Якая Асацыяцыя?! Гэтае Вуха стала падобнае на звычайную бляшанку. Да таго ж робат, калі пачаў размагнічвацца, трохі памяў яго.
— Што ты прапануеш?
— Нічога... Вынесем і выкінем дзе-небудзь за састарэлымі караблямі. Не ў музеі ж яго выстаўляць! З любога боку ніякай цікавасці яно не ўяўляе.