І тут я ўспомніў пра Арцёма... Для музея Вуха, можа, і сапраўды рэч непрыдатная, а вось падлетка яно зацікавіць можа, хаця б проста паглядзець на яго, памацаць... Як-ніяк, прывезенае з чужога свету!
Мы з доктарам Савічам вынеслі Вуха з карабля і доўга не думаючы, як і сказаў доктар, зацягнулі яго ў канец касмадрома за састарэлыя караблі. Тым жа днём я патэлефанаваў Арцёму. Расказаў яму пра наш палёт у сузор'е Шаляў, і як толькі распавёў пра Вуха, якое стала звычайнай бляшанкаю, ён гатовы быў зараз жа ехаць на касмадром за састарэлыя караблі, што і зрабіў. Праўда, не адзін, а са сваім сябрам — Алікам.
Калі праз некалькі дзён мы сустрэліся з Арцёмам і я запытаўся, якое ў яго ўражанне ад Вуха, дык яго адказ склаўся ў мяне ў асобную казку: «У ПРОСТАЙ РЭЧЫ МОЖНА НЕ ПАБАЧЫЦЬ ГАЛОЎНАГА».
2
Арцём вельмі добра ведаў кожны закутак касмадрома, таму як толькі яны з Алікам апынуліся за састарэлымі караблямі, дык хутка і адшукалі Вуха. Яно ўжо не мела той формы вушной ракавіны, робат не пашкадаваў яго, але адтуліна, цяпер яна была ледзь не на ўсё Вуха, захавалася. Хлопцы пахадзілі, пахадзілі ля Вуха, а потым Алік вазьмі і палезь у тую адтуліну... І ў той жа момант яго не стала. З другога боку ён не вылез. Тады тое ж самае зрабіў і Арцём...
— Я ляжаў на зямлі і бачыў, што я — гэта не я! Звычайная зялёная елачка, над якою лётала, мітусілася невялічкая птушка: цвы-ір! Цвы-ір! — расказваў мне Арцём. — Потым гэтая птушка загаварыла, і я пазнаў голас Аліка.
— Што нам цяпер рабіць, Арцём? Усё адбылося, як у той казцы, калі конь сказаў малодшаму з трох братоў: «Залезь у адно маё вуха і праз другое вылезеш асілкам-прыгажуном». Мы з табою залезлі ў Вуха з сузор'я Шаляў, і вось ты — елачка, а я... Я — салаўіны цвыркун! І назад мы ў Вуха не ўлезем, а яно вунь ляжыць... Я не зацягну цябе, у мяне маленькая дзюбка, сілы не хопіць.
А Арцём тым часам азіраўся і бачыў наўкол пустыню. Пяскі і пяскі... Бязлітасна пякло сонца. «Яшчэ трошкі тут паляжу і з мяне пачнуць асыпацца іголкі», — падумаў Арцём, а Аліку ўслых сказаў:
— Падніміся трошкі вышэй, у цябе ж крылы! Можа, што пабачыш акром гэтай пустыні, гэтых пяскоў?
— Бачу, бачу, — закрычаў праз імгненне салаўіны цвыркун голасам Аліка. — Сюды да нас на вярблюдзе едзе чалавек! А яшчэ трошкі далей нейкі вельмі вялікі горад...
І сапраўды, да іх хутка падышоў вярблюд, і чалавек, які сядзеў на ім, саскочыў на зямлю, і радасці яго не было канца.
— Ай-я-я-яй! Ай-яй! Што бачаць вочы шаноўнага халдзея! Якое дзіўнае дрэва! Якое цудоўнае, прыгожае дрэва! Вечны горад Бабілу яшчэ не бачыў такога! Я завязу яго ў сады мідзійскай прынцэсы, і вялікі Навухаданосар, бліскучы валадар усяго Халдзейскага царства, дасць мне за яго дзесяць дынараў!
Халдзей падхапіў елачку, прывязаў яе да сядла, сам ускочыў у яго, і вярблюд пайшоў далей па гарачых пясках пустыні. «Цвы-ір, цвы-ір!» — трывожна кружыў над вярблюдам салаўіны цвыркун, і елачка трапятала, баялася, што пачнуць асыпацца яе іголкі пад невыносна-спякотным сонцам... Потым быў дзівосны горад Бабілу — шматпавярховыя дамы, стракатыя базары, іскрыстыя фантаны, храмы, спякота і пыл... Халдзей прывязаў вярблюда да каменнага слупа і пайшоў да гандляра, які гандляваў вадою, а салаўіны цвыркун сеў на яловую галінку:
— Ты зразумеў дзе мы? — зашаптаў ён голасам Аліка. — Мы ў старажытным Вавілоне. Бабілу — гэта Вавілон. А сады, пра якія казаў халдзей, — адзін з цудаў свету. Я ведаю гэта з гісторыі — вісячыя сады Семіраміды.
— Не расказвай... Сам усё чуў! Ты лепш скажы, як нам выбрацца адсюль?
Салаўіны цвыркун маўчаў. А халдзей адвязаў вярблюда і рушыў далей, каб неўзабаве апынуцца ля шыкоўнага палаца... Ён атрымаў свае дзесяць дынараў, а зялёную елачку рабы ўваткнулі ў зямлю на першым ярусе тых не забытых чалавецтвам садоў, што ў чатыры ярусы ўзвышаліся над стометровымі сценамі Вавілона.
«Цвы-ір, цвы-ір», — салаўіны цвыркун сядзеў на яловай галінцы і разважаў:
— Калі тут з'явіцца мідзійская прынцэса, а яна абавязкова з'явіцца, каб паглядзець на цябе, давай звернемся да яе сваімі чалавечымі галасамі... Яна, напэўна, тут сумуе па сваёй Мідзіі, а мы сумуем па сваёй Беларусі... Яна павінна зразумець нас. Ты ёй скажаш, што хоць гэтыя сады і прыгожыя, але табе, елачцы, прывыклай да беларускіх лясоў, тут — няўтульна!
— Алік, не балбачы! Я ўжо не магу на гэтай спякоце... Злётай да Еўфрата і хоць некалькі кропель вады ў дзюбцы прынясі.
І гэтыя словы Арцёма-елачкі нібыта хто падслухаў.