Да дрэўца падбеглі рабы і вылілі на яго вядро вады. І тут жа на алеі з'явілася мідзійская прынцэса ў акружэнні сваіх служанак... Арцём бачыў, як пацяплелі, зазіхацелі вочы ў прынцэсы:
— Адкуль?! Хто гэты цуд прывёз сюды?! — І ў чароўным голасе чулася радасць. Прынцэса дакранулася рукой да яловай галінкі і... укалола свой пальчык.
І ўсе замітусіліся, закрычалі: «Прынцэса ўкалола пальчык! Укалола пальчык!» І хоць сама прынцэса гэтага не хацела, але ўладар Вавілона, магутны Навухаданосар, загадаў выкінуць елачку за гарадскія сцены, што і зрабілі рабы.
Пачынала змяркацца. «Цвы-ір, цвы-ір», — трапятаў крыльцамі салаўіны цвыркун:
— Што цяпер будзем рабіць, Арцём?
— А ты зірні на неба, бачыш, якія буйныя прамяністыя зоркі! А вунь там... вежа Вавілонская. За такімі зоркамі нельга не назіраць. Думаю, што на вежы ты можаш знайсці астролага. Вось хто нам можа дапамагчы. Толькі папрасі яго як след!
І салаўіны цвыркун паляцеў да Вавілонскай вежы. На самай верхняй яе пляцоўцы ён сапраўды пабачыў астролага. Тут жа была і падзорная труба. Астролаг сядзеў на самым краёчку вежы і штосьці пісаў на дошчачцы. «Цвы-ір, цвы-ір», — падляцеў да яго цвыркун і апусціўся побач:
— Шаноўны з самых шаноўных, ты ўсё сваё жыццё назіраеш за зоркамі...
— Назіраю. Хм-м, цікавыя лічбы, — астролаг нават не здзівіўся, што птушка звярнулася да яго чалавечым голасам, і працягваў. — Ну, вядома, я гэтае сузор'е назаву сузор'ем Шаляў!
— Вось-вось, з сузор'я Шаляў, недалёка адсюль, у пустыні ляжыць Вуха, — пачаў расказваць салаўіны цвыркун. — Ты можаш пабачыць самы сапраўдны цуд! Толькі для гэтага табе трэба пайсці за мною, падняць за гарадской сцяною елачку, потым мы разам пойдзем да Вуха і ты зразумееш, што я не хлушу. Я веру, што ты — лепшы астролаг з астролагаў, цябе не можа не зацікавіць Вуха з сузор'я Шаляў.
Салаўіны цвыркун гаварыў доўга, вельмі доўга і астролаг, нарэшце, здзівіўся:
— Калі ў пустыні ляжыць Вуха з сузор'я, якое я толькі што назваў Шалямі, дык адкуль жа ты сам, што так цудоўна валодаеш чалавечай моваю?
— Я не магу табе гэтага растлумачыць, а калі і растлумачу, ты не зразумееш, пакуль не пабачыш. Я палячу, а ты ідзі за мной...
— Добра, — сказаў астролаг. — Я сыду з вежы...
І неўзабаве ён ужо нёс у руках елачку, над пяскамі кружыў цвыркун: «Цвы-ір, цвы-ір», і дзівосны горад Вавілон усё аддаляўся і аддаляўся...
— Вось яно, Вуха, — радасна залапатаў крыламі салаўіны цвыркун і апусціўся побач з ім на пясок.
— Што я павінен зрабіць? — запытаўся астролаг.
— Праціснуць дрэўца ў гэтую дзірку.
І астролаг праціснуў елачку і, калі яна знікла па другі бок Вуха, ён запытальна паглядзеў на цвыркуна:
— Прастора паглынула яго?
— Гэта была не елачка, а мой сябар — Арцём. Ён цяпер у Беларусі, у невядомых табе часах. Хочаш, і ты пралезь?
— Ніхто па сваёй ахвоце не пакідае Бабілу, — адказаў астролаг. — Бабілу — Вароты Багоў, а гэта толькі Вуха.
І салаўіны цвыркун нічога больш не сказаў астролагу. Узмахнуў крыламі і ўляцеў у Вуха.
«У кожнага чалавека свой Вавілон, — сказаў я Арцёму, як толькі ён закончыў свой расповед. — Вось чаму астролаг адмовіўся пралезці ў Вуха». І на наступны ж дзень я паехаў на касмадром за састарэлыя караблі, але Вуха там ужо не знайшоў. Затое мне было зразумела, чаму на тым спадарожніку невядомай планеты, што была ахоплена касмічным ураганам у сузор'і Шаляў, мы нікога не выявілі. Тыя, хто жыў на ім, ратуючыся ад вогненнай лавы, скарысталі Вуха — геніяльнае вынаходніцтва свайго розуму. Хто яны? У якой прасторы і ў якім часе цяпер знаходзіліся? На гэтыя пытанні ўжо ніколі ніхто не адкажа, як і я не знайду адказу на сваё:
— Куды ж падзелася Вуха?
Стужка ордэнская
І лёгкакрылы матыль можа навеяць успаміны...
Я ўжо даўно не быў у космасе, як, дарэчы, і доктар Савіч. Займаліся выключна зямнымі справамі. На сваёй сядзібе доктар адвёў мне невялікі ўчастак зямлі, куды я перавёз з карабля свой батанічны сад і цяпер цэлымі днямі быў заняты доследамі. Многія расліны не прыжываліся ў зямным грунце і мне даводзілася іх бясконца перасаджваць у розную глебу.
Быў пачатак верасня, а адна расліна — ну проста бы вылепленая са снегу — якую я выкапаў на адной з планет далёкага сузор'я Вялікага Пса, так і не памяняла свайго белага колеру і толькі-толькі выпусціла першы лісток на Зямлі, у што я ўжо не верыў. Таму і хацеў як мага хутчэй паказаць яго доктару Савічу. Але той ужо сам гукаў мяне:
— Сы-ымон! Сымо-он, не паверыш: у нас госць!