Найбольш нас уражвала тое, што жанчыны былі ўсе на адзін твар і незвычайна прыгожыя. Акрамя гэтага, усе — прыблізна аднаго і таго ж узросту. Іх скура была асляпляльна белая, толькі шчокі ружавелі, што тыя яблычкі на досвітку ў садзе, надзіва свежыя ад кропляў расы. Нехта з нас не стрымаўся і выгукнуў у захапленні, калі мы першы раз пабачылі гэтых жанчын:
— Ды яны ж сапраўдныя Венеры! Багіні, якім няма роўных! І жанчыны ахвотна пагадзіліся з тым, што яны — багіні.
Толькі папрасілі, каб выключна ўсіх іх называлі Венерамі.
— Дык як жа мы іх будзем адрозніваць адну ад адной, — спытаў наш камандзір, — калі ўсе яны будуць мець аднолькавае імя?!
І адказ на гэтае пытанне мы атрымалі вельмі хутка. Надараліся ў жыцці жанчын моманты, калі яны адрозніваліся адна ад адной. Гэта была вялікая неверагоднасць. Ужо праз некалькі дзён нашага гасцявання на той планеце мы пачулі жудасны крык лабаранта-біёлага, самага маладога з членаў нашага экіпажа. Ён бег да карабля ад яркага дома-ліхтара і крычаў:
— Пачвара! Пачвара! Нам трэба хутчэй пакідаць гэтую планету!
І тут жа расказаў нам, што хацеў зайсці ў той дом-ліхтар, але насустрач яму выйшла жанчына, у якой у яго на вачах у адначассе памяняўся колер скуры. З асляпляльна белага ён стаў пачварна зялёным. Жанчына нагадала яму вялікую жабу, якая стаяла на задніх лапах і гатова была накінуцца на яго. Мы не паверылі ў гэта, але хутка да нас на карабель прыйшла адна з жанчын і растлумачыла, што мы не павінны гэтай з'явы палохацца, таму што колер скуры ў жанчын на той планеце сапраўды мяняецца. Гэта залежыць ад іх настрою. Калі ён добры — колер скуры іскрыцца белізною. А варта толькі жанчыне засумаваць, раззлавацца, занервавацца, як скура ў момант можа стаць зялёнай, чырвонай, аранжавай, фіялетавай... Адпаведна мяняецца і выраз твару, міміка, рухі. Мы проста жахнуліся! Відаць, не ўсё на той планеце было так добра, як здавалася на першы погляд. Напэўна, яна была поўная і іншых нечаканасцей, таму і паспяшаліся як мага хутчэй яе пакінуць. Мы высветлілі, што жанчын не цікавіла наша Зямля, што яны міралюбна ставяцца да нас, зямлян, і пачалі збірацца ў зваротную дарогу. І тут адбылася нечаканасць. Адна з жанчын пачала ўпрошваць нашага камандзіра, каб мы ўзялі яе з сабою да нас, на Зямлю.
Магчыма, ён і не пагадзіўся б, але ўмяшаліся мы ўсе — члены нашага экіпажа і падтрымалі жанчыну ў яе жаданні. А чаму б і не? Чаму б не наведаць нашу планету іншапланецянцы, у якой колер скуры залежыць ад яе настрою? Гэтак яно і здарылася.
Мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі разам з ёю. І які ў яе быў настрой, сказаць было цяжка. Час ад часу пазіралі на яе фіялетавае аблічча і міжволі адварочваліся. Але колер скуры ў яе хутка мяняўся і, калі мы пакідалі касмадром, яна мала чым адрознівалася ад зямлянак.
Венеру, як мы працягвалі называць жанчыну, мы пасялілі ў тым жа самым доме, дзе жыў камандзір. І яна проста не адыходзіла ад яго. Ён увесь час прасіў яе, каб яна захоўвала добры настрой, каб нічым не выдавала сябе. Мы хацелі, каб яна прывыкла да зямнога жыцця, а потым ужо абвясціць, што ў нашым гарадку — іншапланецянка. Але праз некалькі месяцаў Венера пачала збягаць ад нашага камандзіра і хавацца ў навакольным лесе, дзе падоўгу стаяла пад густымі кронамі старых дрэў. Асабліва аблюбавала адну алешыну. Мы зразумелі, што яна кепска сябе адчувае на Зямлі, што ёй шкодзіць зямны клімат, таму і стараецца схавацца ад сонечных промняў і ўвогуле ад святла. Гэта пацвярджаў і колер яе скуры. Ён пачаў мяняцца з асляпляльна белага ў аранжава-агністы, нібыта яе спальваў агонь суму, тугі па роднай планеце. І вось неяк Венера з раніцы схавалася ў лесе, і мы доўга не маглі яе адшукаць. А калі адшукалі, дык роспачна сумеліся: пад дрэвам, дзе яна хавалася, замест яе быў маленькі грудок попелу. Адно чаравічкі, яе зіхоткія жоўценькія чаравічкі, усё роўна як два яркія агеньчыкі, мігцелі ў густой траве. Гэтыя чаравічкі ўзяў наш камандзір і доўга зберагаў іх як дарагую памяць. Але зараз ужо гаворка не пра гэта.