Я, вядома ж, пайшоў да альтанкі, адкуль чуўся голас доктара, і пабачыў там Антона, камандзіра нашага экіпажа, з кім найчасцей даводзілася вылятаць у космас. Антон прыехаў да нас з прапановай, і калі мы выслухалі яго, дык адразу і пагадзіліся паляцець да сузор'я Цяльца ў накірунку Крабападобнай туманнасці.
Справа ў тым, што ўжо недзе з год таму назад Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў паслала туды экспедыцыю паназіраць з невялікай адлегласці за гэтай загадкавай газавай туманнасцю, і карабель, дзе пілотам быў саксонец Ганс Мюлер, на адной з планет (трэба меркаваць, сузор'я Цяльца) пацярпеў катастрофу. Ніхто з членаў экспедыцыі, а іх было толькі чацвёра, не загінуў, але на Зямлю яны вярнуцца не маглі. Зоркалёт пад уздзеяннем невядомых энергій распаўся на некалькі частак. Саксонец настойваў на тым, каб па іх паляцелі менавіта мы — беларусы. Маўляў, пабачым там нешта надзвычай цікавае для сябе. А самае галоўнае, што адным з членаў той экспедыцыі была псіхолаг Галя, якую мы неаднойчы бралі з сабою ў касмічныя падарожжы. Як было не паляцець?
І праз паўгода, дзесьці ўжо пад канец зімы, мы стартавалі...
Яшчэ была бачная ў зімовым небе прамяністая зорка Альдэбаран, якую нехта аднойчы назваў «вокам быка». Туды, да яе, і пралёг наш маршрут. Але да Альдэбарана мы не даляцелі, хаця былі зусім блізка ад гэтай зоркі і яе планетнай сістэмы. Так блізка, што маглі бачыць дзве планеты на сваіх экранах. Нечакана на сувязь з намі выйшаў саксонец, і наш робат-пілот адхіліўся ўправа ад іх, прытрымліваючыся тых каардынатаў, якія нам даў Ганс. І ўжо неўзабаве мы завіслі над зусім невялікім астэроідам, усяго кіламетраў пятнаццаць у дыяметры. З вышыні ён меў форму глыбокай талеркі: па краях — горы, а ў сярэдзіне — зялёная пляма, на ўскрай якой мы і апусціліся.
Перад намі ляжаў трапічны пальмавы лес, ды такі высокі, што белыя з чырвонымі дахамі пабудовы між пальмаў выглядалі як казачныя домікі, у якіх жывуць гномы. Але каля гэтых казачных дамкоў мы пабачылі не гномаў а самых сапраўдных людзей-ліліпутаў у вельмі стракатым адзенні. Калі б яны мелі за спінамі крылы, дык іх можна было б прыняць і за казачных эльфаў. Наш карабель не прыцягваў іхняй увагі. Ён не быў для іх дзівам, і нас гэта, у адрозненне ад іх, здзіўляла. Можна было падумаць, што яны тут бачаць зоркалёты з іншых светаў штодня.
Ужо недзе з паўгадзіны мы ўзіраліся ў мясцовасць і вось пачулі радасныя крыкі: «Анто-он! Доктар Саві-іч! Сы-ымон!» Да карабля беглі Ганс Мюлер і Галя. Мы з палёгкаю ўздыхнулі. Робат-пілот не памыліўся, пасадзіў карабель там, куды і павінен быў пасадзіць. І пасля кароткіх слоў прывітання, пасля радасных абдымкаў калі мы спусціліся на паверхню, саксонец прапанаваў прайсці да абломкаў іх карабля, дзе яны размясцілі некалькі палатак. Па дарозе ён расказаў, што тут з імі знаходзяцца яшчэ і астрафізік — бельгіец Алекс, і бортмеханік, імя якога яны не ведаюць дагэтуль. Што, зразумела, нас усіх здзівіла.
— Як гэта такое можа быць? — адразу запытаўся доктар Савіч. — Ты пілот і не ведаеш імя свайго бортмеханіка?
— А гэта не мой бортмеханік, — адказаў Ганс. — Мой у шпіталі на Месяцы, паляк Ромусь. А гэтага мы падабралі там... на родненькім падарожніку. Ён папрасіўся на карабель, і мы не змаглі яму адмовіць. Тым больш што нам патрэбен быў бортмеханік.
І далей саксонец расказаў, што, як толькі яны пакінулі зямную атмасферу, Ромусь адразу захварэў на касмічную дэпрэсію, ды ў такой цяжкай форме, што за ім увесь час трэба было назіраць, што і рабіла Галя. Касмічная прастора гняла яго, выклікала трывогу і неспакой. У такім стане ён не мог ляцець у глыбокі космас, і яны зрабілі незапланаваную пасадку на Месяцы. Каб хвароба не перайшла ў хранічную форму, Ромусь пагадзіўся паказацца там дактарам у шпіталі хуткай дапамогі, дзе і застаўся. Ганс паабяцаў яму, што яны забяруць яго на зваротным шляху. Калі ўжо рыхтаваліся стартаваць, да іх і падышоў незнаёмец, які на касмічным слэнгу папрасіўся на карабель, маўляў, я — бортмеханік, вас не падвяду. Астатняга ведаць вам не трэба.
Мы ўжо падыходзілі да палатак і адразу пабачылі даволі высокага чалавека, які спрабаваў падняць кавалак жалеза. Падобна, што гэта была дэталь насавой часткі карабля.
— Гэ-эй, бортмеханік, — крыкнуў саксонец. — Што ты там робіш?
— Я так разумею, мы хутка стартуем адсюль, — адказаў той. — Не пакідаць жа гэтае жалеззе тут! Трэба перанесці яго ў горы. Ліліпутам цяжка будзе гэта зрабіць.
У яго была жахлівая мова — сумесь самых розных слоў: англійскіх, беларускіх, французскіх, рускіх... Але мы зразумелі бортмеханіка.
— Добра, нясі, — сказаў Мюлер і паглядзеў на нас. У гэты момант з палаткі выйшаў зусім яшчэ малады чалавек прыемнай знешнасці, і саксонец позіркам паказаў у яго бок. — Знаёмцеся, наш астрафізік... — і тут жа запытаўся. — Хто хоча дапамагчы бортмеханіку?