Я быў не супраць падняцца ў горы. Карцела хутчэй агледзець гэтую малюпасенькую маляўнічую планетку, таму і сказаў:
— Я дапамагу!
І мы пацягнулі з бортмеханікам той цяжкі кавалак жалеза пад гару. Пальмы ўжо скончыліся. Мы паднімаліся, дакладней, прадзіраліся праз густы зараснік незямных карлікавых дрэў. І тут раптам зусім блізка пачуўся крык. У голасе былі і жах, і боль.
— Чакай, — сказаў я бортмеханіку. Кінуў жалезіну і пачаў прабірацца праз гушчар у напрамку голасу. Хутка я пабачыў у густой траве ліліпутку. Яна ляжала ніцма і кідалася з боку ў бок, спрабуючы скінуць з плячэй звярка, ну, рыхтык зямную кошку.
— Р'ісь! Р'ісь! — крычала ліліпутка, а звярок упіўся зубамі ў яе шыю, і з раны сцякала кроў. Я спрабаваў ухапіць звярка, але ён зашыпеў і ашчэрыўся.
— Ко-оця, мой ты харошы коця, — раптам вырвалася ў мяне, чаго я і сам не чакаў, і тут жа паспрабаваў пагладзіць звярка. Гэта яму спадабалася. І вось нарэшце я змог узяць яго на рукі і ўжо збіраўся дапамагчы падняцца ліліпутцы, якая цяпер толькі тоненька ўсхліпвала і ўсё яшчэ спуджана паўтарала:
— Р'ісь! Р'ісь!
Але тут з зарасніку выскачыў бортмеханік, а праз некалькі хвілін з'явіліся і ліліпуты. Адзін з іх падышоў да мяне, нешта сказаў, чаго я, вядома ж, не зразумеў. А астатнія трое падхапілі ліліпутку на рукі і зніклі ў зарасніку. За імі кінуўся і той, што нешта сказаў мне.
— Звер мог яе загрызці, — адазваўся бортмеханік.
— Ды які ж гэта звер? Самая сапраўдная кошка!
— Яна дзікая. Адпускай яе.
А кошка ўжо і сама выслізнула з маіх рук, церанулася аб нагу і пабегла ў зараснік.
— Ну што, бортмеханік?— сказаў я. — Дзе тая жалезіна? Пойдзем цягнуць яе далей...
І дзесьці праз гадзіну мы спусціліся з гары назад да палатак, дзе нас ужо чакаў прыгатаваны абед. Але есці селі не адразу. Я расказаў пра здарэнне.
— Цяпер да нас абавязкова прыйдуць ліліпуты, каб неяк цябе аддзячыць, — сказаў саксонец.
— А чаму толькі яго? — не то абурана, не то з крыўдаю запытаўся бортмеханік.
— Хто ўратаваў ліліпутку, таму і падзяка, — адказаў Ганс. — Яны міралюбныя. Я за гэты даволі доўгі час, што тут мы прабылі, пачаў трошкі разумець іх мову.
— А я з некаторымі з іх нават пасябравала, — пасміхнулася Галя.
— Ну і што яны з сябе ўяўляюць? — пацікавіўся доктар Савіч.
— Усю сваю тэрыторыю, а гэта, лічыце, невялічкі горад, яны называюць сваім каралеўствам, — пачаў расказваць Ганс. — У іх ёсць кароль. Вельмі стары і нямоглы, да ўсяго, кепска бачыць. У яго сем дачок і дванаццаць сыноў. Ну, а што да астатніх жыхароў іх тут тысячы дзве, не болей. Нярэдка складваецца ўражанне, што яны перасяленцы з нейкай іншай планеты, якія калісьці таксама пацярпелі тут катастрофу.
— І як жа яны называюць сваё каралеўства? — запытаўся Антон.
— Не паверыце: Бычыны хвост. Такое дзіўнае супадзенне, — адазваўся бельгіец. — Самі яны, мяркую, не ведаюць, што гэты астэроід знаходзіцца ў сузор'і Цяльца.
— Дарэмна ты так мяркуеш, — запярэчыла Галя. — У іх ёсць зоркавыя карты.
У гэты момант пачуліся музычныя гукі, быццам хтосьці некалькі разоў стукнуў па клавішах фартэпіяна. Мы ўсе пабачылі двух ліліпутаў, якія падыходзілі да нас. І Галя перавяла гаворку на іншае.
— Не ведаю, ці ўмеюць яны спяваць, — яна запытальна паглядзела на саксонца. — А вось іграюць бліскуча і без інструментаў. Пэўна, у іх языкі такія музычныя?
— Учора я прайшоўся па адной з іхніх вуліц, — сказаў саксонец, — і, пакуль ішоў увесь час чуў гукі скрыпкі. У доміках расчыняліся вокны, з іх выглядвалі ліліпуты і адразу ж пачынала гучаць вельмі прыемная мелодыя.
Мы ўсе ўздрыгнулі, здалося, што нехта зусім блізка ўдарыў у літаўры. Пасля гэтага ліліпуты звярнуліся да нас з прамовай. Ганс адразу ж пачаў перакладаць.
— Ты, Сымон, — звярнуўся ён да мяне, — уратаваў ад дзікага звера прынцэсу, малодшую дачку караля. І за гэты геройскі ўчынак кароль хоча ўзнагародзіць цябе ордэнам. Заўтра ён гэта зробіць тут, у нас. Прыйдзе сюды са сваёй світай. Але кароль не любіць, калі яму нешта падказваюць. Таму, каб каралю самому адразу было бачна, каму ўручаць ордэн, табе спачатку прышпіляць ордэнскую стужку. І паколькі кароль кепска бачыць, стужка будзе каляровая, вельмі яркая.
Саксонец прамовіў апошнія словы і паглядзеў на ліліпутаў. Яны варухнулі губамі, і зноў пачуліся літаўры. Пасля гэтага ліліпуты развіталіся і пайшлі, а мы ўсе, не без хвалявання, пачалі чакаць наступнага дня, які пачаўся для нас з непрыемнага паведамлення. Прыйшоў адзін з ліліпутаў і сказаў, што ордэнскія стужкі, якія знаходзіліся ў кабінеце іх вайсковага міністра, гэтай ноччу некуды зніклі, але цырымонія ўзнагароджання не адмяняецца. Таму, як толькі з'явіцца кароль са світай, нам усім трэба будзе стаць у строй і, калі кароль падыдзе да нас, я павінен буду зрабіць некалькі крокаў наперад, каб атрымаць ордэн.