Выбрать главу

За маімі вокнамі сапраўды ўжо была ноч, і мы меркавалі стартаваць а шостай гадзіне раніцы. «Хм-м, хай сабе марудна, але свет мяняецца, — думалася мне. — Нашы далёкія продкі лічылі, што да Вегі можна даляцець за дваццаць шэсць светлавых гадоў. Мы ж цяпер даляцім туды за тры зямныя тыдні. Застаецца толькі паапладзіраваць чалавечаму розуму. Бра-ава! Бра-ава, зямляне!»

Невядома, як бы доўга я яшчэ прастаяў ля карты, калі б не патэлефанаваў доктар Савіч.

— Ты яшчэ дома? — здзівіўся ён. — А сасонкі?! Табе трэба прасачыць за пагрузкай, каб не пашкодзілася карэнне, калі лабаранты будуць апускаць іх у герметычную камеру.

І я заспяшаўся... Як жа я мог забыцца пра гэтыя дваццаць маладзенькіх сасонак, якія нас папрасілі ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў даставіць на адну з планет. Тут трэба сказаць, што за гэтай планетай ужо некалькі дзесяцігоддзяў вяліся назіранні з Зямлі. Яе адкрылі вельмі даўно. І неаднойчы туды пасылаліся экспедыцыі. Але нічым асаблівым планета не прыцягвала ўвагі зямлян. Там было паветра і некалькі магутных рэчак, але, як нам сказалі ў Асацыяцыі, у планеты была паверхня бы выпаленая. Ніякага расліннага свету! Хоць жыццё нейкіх простых жывых арганізмаў на ёй было і не выключана.

— А ты не задумаўся, — сказаў мне тады доктар Савіч, — чаму так доўга назіраюць за гэтай планетай?

— Магчыма, мяркуюць заснаваць там нейкі доследны Цэнтр, — адказаў я. — Такія Цэнтры ўжо існуюць на асобных планетах.

— Не думаю, — і доктар Савіч прыцішыў голас. Ён заўжды так рабіў, калі ў нечым быў няўпэўнены. — Я чуў ад астрафізікаў, — працягваў доктар далей, — што гэтая планета знаходзіцца паблізу валакністай туманнасці.

Пасля гэтых слоў доктар Савіч пачаў надта доўгі расповед пра існаванне мноства тысяч туманнасцей, якія з'яўляюцца вынікам даўніх катастроф у касмічнай прасторы. Потым ён расказваў пра зоркі трайной сістэмы, што складаюцца са звычайнай зоркі, з пульсара і з чорнай дзіркі. А я слухаў яго і думаў пра выключна зямное: «Навошта мы павязём свае беларускія сасонкі на тую планету?»

Якраз пра гэта я і запытаўся ў доктара Савіча, калі пабачыў яго на касмадроме за Раўбічамі ля нашага карабля.

— Навошта вязём? — перапытаў ён. — А ты, дарэчы, спазніўся. Сасонкі паспелі пагрузіць. Ну, а што да адказу на тваё пытанне, ён вельмі просты. Ты ж вырас сярод сасновых бароў. Ведаеш, якое там чыстае паветра! А на той планеце, дзе мы зробім пасадку на шляху да Вегі, апошнім часам бачылі дзіўныя віхурыстыя плямы, якія з'яўляюцца ў самых розных месцах планеты і вельмі хутка развейваюцца. Мяркуюць, што гэта пясчаныя ўраганы. Уяўляеш, колькі там пылу! Нашы сасонкі стануць прыроднымі ачышчальнікамі паветра.

Пасля гэтых доктаравых слоў у нас пачалася пасадка. Я прывітаўся з Антонам — камандзірам нашага карабля, які ў гэты момант размаўляў з нашым астрафізікам.

— Пачакай, — сказаў мне Антон. — Ты ж ведаеш, у нас будзе вельмі кароткая пасадка на планеце, дзе мы пасадзім сасонкі, якія толькі што загрузілі ў камеры. Дык май на ўвазе, ты спусцішся на паверхню планеты са сваімі двума лабарантамі. Усе астатнія будуць займацца доследамі на караблі.

— Ага-а, — пасміхнуўся астрафізік. — Будзем даследаваць саміх сябе. Доктар Савіч зоймецца вывучэннем нашых крывяных ціскаў. Там паветра не зусім ідэнтычнае з нашым.

— Сасонкі высадзіце па ўсіх законах лесапасадкі, — дадаў Антон.

— Не хвалюйся, усё зробім як трэба, — і я падняўся на карабель.

Да старту заставаліся лічаныя хвіліны. Я не любіў гэтага моманту развітання з Зямлёю, таму што заўжды з'яўлялася міжвольнае пытанне: «А ці вернемся назад на Зямлю?». Таму, як толькі зайшоў у свой адсек, адразу падключыўся да сістэм, якія дапамагалі пагрузіцца ў глыбокі і працяглы сон. Гэта дазваляла захоўваць у арганізме ўсе віды энергіі. І як толькі я падключыўся, на табло над маім адсекам адразу з'явіўся надпіс: «Сон — 240 зямных гадзін». Менавіта столькі часу павінна было прайсці, каб мы дасягнулі атмасферы той планеты, на якую павінны былі апусціцца. Праўда, я яшчэ паспеў завесці будзільнік, так мы называлі кантралёр сну, які павінен быў пабудзіць мяне ў вызначаны час. Пасля чаго я ўвайшоў у стан глыбокай адключкі.

2

Помню, мне тады сніліся лясы... Бясконцыя беларускія лясы з густымі зараснікамі папараці, багуну ў балоцістых мясцінах, якія змяняліся палянкамі, дзе рос чарнічнік. Такой колькасці ягад мне яшчэ нідзе ніколі не даводзілася бачыць. Выглядвалі з-пад апалага сапрэлага лісця вясёлыя жоўценькія лісічкі, прыцягвалі зрок самавітыя чырвонагаловыя падасінавікі. А я ішоў і ішоў ляснымі сцяжынамі ды дарогамі ўсе 240 зямных гадзін. А потым знянацку, раптоўна ўсё наўкол пацямнела. Пачуўся шум, свіст ветру, ад чаго, уласна кажучы, я і прачнуўся, не пачуўшы сігналу будзільніка. І адразу зразумеў, што шум ідзе ад вентылятараў. У адсек пачало паступаць паветра з чужой атмасферы, гэта каб паступова прывыкаць да яго. І хаця яно было ўжо разрэджаным нашымі вентыляцыйнымі сістэмамі, дыхалася цяжка. Тут і пачуўся стук у дзверы.