— Можаце заходзіць, — адгукнуўся я.
Дзверы адчыніліся, і ў адсек увайшоў доктар Савіч. Увесь яго выгляд паказваў, што ён ужо даўно сцёр з сябе рэшты сну. Голас у яго таксама быў бадзёры.
— Экран назірання ты, вядома ж, не ўключыў, — сказаў ён. — А мы паўгадзіны ўжо вісім, хм-м, над шарыкам, куды неўзабаве сядзем. Гэтую планету можна назваць Планетай Сапфіраў.
— Чаму ты так вырашыў?
— На паверхні ёсць ланцужкі гор, а ў асноўным — гэта камяніста-пясчаная раўніна, на якой мігцяць блакітныя кропачкі.
Яны паўсюль і іх вельмі шмат. Мяркую, сапфіры! Нічога іншага там не можа быць. Сустракаюцца кропачкі і зялёныя. Гэта, напэўна, ніфрыты.
— Што? Проста так і ляжаць на паверхні гэтыя каштоўныя камяні?
— Ага-а, проста так і ляжаць, — пасміхнуўся доктар Савіч. — Як у глыбокай старажытнасці на Зямлі ў Афрыцы ляжалі алмазы.
Карабель страсянуўся. Здавалася, што ўсё ў ім завібрыравала.
— Вось мы і зніжаемся, — сказаў я. — Прайшлі атмасферу. Хутка апусцімся на паверхню, — і да мяне падступілася ўжо адчуванне самоты. Я заўжды на далёкіх планетах адчуваў сябе вельмі самотным. У нейкай меры ратаваў ад гэтага пачуцця доктар Савіч, але цяпер я мусіў сказаць: — Шкада, што давядзецца сысці на паверхню без цябе, доктар. Гэтым разам са мною будуць два лабаранты.
— Тут ужо нічога не зробіш, у мяне загад заставацца на караблі. Але ты, спадзяюся, назбіраеш для мяне сапфіраў?
— Калі мы іх там знойдзем, — адказаў я. — Штосьці я не чуў у Асацыяцыі, каб з гэтай планеты на Зямлю прывозілі каштоўныя каменьчыкі...
І я не памыліўся ў сваіх сумненнях, таму што праз нейкі час, як толькі ступіў на паверхню планеты, куды ўжо праз грузавыя люкі былі спушчаны сасонкі, акрамя пяску і шэрых камянёў самых розных памераў нічога іншага наўкол сябе не пабачыў. Лабаранты ўжо адносілі сасонкі як мага далей ад карабля, і, наколькі мне дазваляў скафандр, я бачыў напружанне на іх тварах. Яны таксама былі ў скафандрах. Гэта было іх першае касмічнае падарожжа, і чужая планета трывожыла лабарантаў.
— Набірайцеся ўражанняў, хлопцы, — перадаў я ім праз радыёсувязь. — Распавольвайцеся. Тут ні звера, ні гуманоіда не пабачыце. Планета мёртвая. Можа, толькі праз гадоў восемдзесят зашумяць тут нашы сасонкі. Кідайце іх вунь ля таго вялізнага валуна. Ад яго і пачнём капаць ямкі пад пасадку.
І тут я заўважыў, як ля невялікага каменя недалёка ад мяне штосьці заварушылася, нейкая блакітная рысачка мільганула.
Рушыў туды, нахіліўся над каменем і пабачыў страказу з блакітным брушкам. Самую звычайную страказу! Майму здзіўленню не было межаў. А яна тут адкуль?! І я міжволі азірнуўся...
Лабаранты стаялі недалёка ад мяне, і над імі кружыў цэлы рой гэткіх жа самых стракоз. Праўда, у некаторых з іх брушкі былі зялёныя. Стракозы кідаліся на скафандры, і лабаранты адмахваліся ад іх рукамі. Я зноў павярнуўся да каменя і сустрэўся позіркам са страказой, якая бы прыліпла да яго і не рухалася. Мне здалося, што яе лупатыя вочкі працінаюць мяне. Але вось страказа варухнулася. Яе лёгкія празрыстыя крылцы затрапяталі, і я закрычаў ад нечаканасці. Яна адарвалася ад каменя. Але гэта была ўжо не страказа, а агромністая цёмна-сіняя птушка з ярка-чырвонаю дзюбаю і кіпцюрамі на тоўстых лапах, якімі птушка намервалася ўваткнуцца ў мой скафандр. Я чуў, як нада мною зашумелі яе крылы, даўжыню якіх можна было мераць метрам. О не, гэта была не птушка! Гэта была самая сапраўдная жудасная пачвара. Толькі так яе і можна было назваць. Яна гатова была схапіць мяне, як нешта вельмі маленькае, і панесці ў сваіх кіпцюрах над бяскрайняй раўнінай, што бачылася наўкол, у невядомым напрамку, адкуль ужо не вяртаюцца.
Я міжволі ўцягнуў голаў у плечы, і здавалася, мой скафандр узарвецца ад жаху, які перапаўняў мяне. Птушка імкліва ўзлятала ў вышыню і яшчэ з большай імклівасцю кідалася ўніз, і я не мог утрымацца, каб не прысесці: «Ну, вось зараз... Зараз яна ўхопіць мяне!» Але птушка толькі кружыла нада мною, я адчуваў — у лютым бяссіллі. Я быў для яе недаступны, быццам нейкая сіла ахоўвала мяне, нейкае чароўнае кола. Яна яшчэ раз паднялася ўверх і паляцела туды, дзе стаялі мае лабаранты. І вось ужо я пабачыў як адзін з іх кінуўся бегчы ў бок карабля. Ён бег, азіраўся і дзіка крычаў. Я таксама пачаў азірацца, таму што, як ні дзіўна, нідзе не бачыў гэтай пачвары. Яна бы растала ў паветры. Толькі перапуджаныя стракозы кружылі наўкол, і ў маім скафандры пачуўся голас камандзіра: