Выбрать главу

— Што адбылося?! Што вас там гэтак напалохала?! Вяртайцеся на карабель!

А лабарант тым часам ужо дабег да яго і кінуўся да спушчанага трапу. Другі ж няспешна ішоў да мяне. Я зірнуў уверх і ўвесь скалануўся. Я зноў пабачыў над сабою гэтую пачвару. Ва ўсе бакі разляталіся стракозы, а яна ляцела проста на мяне, і яе раскрытая дзюба нагадвала пашчу. І тады я пабег, прыкідваючы ў думках, што да карабля яшчэ далёка, але галоўнае, каб не спатыкнуцца, не ўпасці.

Я чуў, як ззаду за маёю спінаю шумяць магутныя крылы і тупацяць ногі. Гэта, напэўна, і другі лабарант кінуўся наўцёкі, але я не азіраўся. У такой сітуацыі трэба толькі бегчы. Сябры-астранаўты штосьці крычалі з карабля, махалі рукамі. У маім скафандры чулася зусім незразумелае:

— Спыніся! Не бяжы!

А я бачыў толькі выратавальны трап, які ўсё набліжаўся і набліжаўся, пакуль, нарэшце, я не ўзбег на яго сходы.

«Хутчэй! Хутчэй да расчыненых дзвярэй!» — тахкала маё сэрца, адкуль ужо цягнуліся рукі, каб уцягнуць мяне на карабель, і тут я азірнуўся... Жудасная птушка вісела проста нада мною. Яе кіпцюры дакраналіся да майго скафандра, і я пахіснуўся, не знайшоўшы нічога лепшага, як ухапіцца за агромністую лапу пачвары. І о-о, дзіва! Я не адчуў гэтай лапы, але штосьці схапіў і яно заварушылася ў маіх сціснутых пальцах.

Не ведаю, як і ўтрымаўся я на трапе, як не зваліўся ўніз! Пэўна, мяне падтрымаў лабарант, які ўжо таксама падняўся на трап. І праз некалькі хвілін мы не ўвайшлі, а хутчэй, уваліліся ў дзверы карабля, дзе мяне адразу ж падхапіў Антон. Інакш я, напэўна, упаў бы. Тут я і расціснуў кулак і на далоні пабачыў страказу з блакітным брушкам. Крылы ў яе былі прымятыя. І ўсё ж яна затрапятала імі, адарвалася ад маёй далоні і паляцела ў глыб карабля...

— Мы ўжо ўсё ведаем, — сказаў Антон. — Доктар Савіч выводзіць твайго лабаранта са стрэсу, які першым прыбег сюды. Хм-м, ведаеш, з'ява проста-такі выключная. Незвычайная з'ява.

— Што ты маеш на ўвазе? Якая з'ява?! Вы ўсё бачылі. Мы перажылі кашмар.

— Не кашмар, а гіпноз, — Антон на імгненне задумаўся, быццам у тым, што сказаў, сумняваўся, і дадаў упэўнена. — Фа-акт! Самы сапраўдны гіпноз, які выклікае галюцынацыі. Твой лабарант паспеў нам пра ўсё расказаць, і мы прыйшлі да такой высновы.

— Доктар Савіч даў такое тлумачэнне гэтай з'яве, — удакладніў наш бортмеханік. — Лабарант расказаў, што на яго накінулася драпежная птушка. Трэба думаць, што і на цябе таксама, а мы ж з карабля ніякай птушкі не бачылі.

— Ён праўду кажа, — пацвердзіў Антон. — Над вамі проста кружылі стракозы, дакладней, над тваімі лабарантамі. А над табою кружыла адна, самая вялікая з іх, з блакітным брушкам. Гэта мы добра бачылі на экране назірання.

— Вось табе і Планета Сапфіраў, — толькі і змог вымавіць я. Але ў мяне з'явілася шмат самых розных думак. Разабрацца ў іх дапамог мне доктар Савіч, калі ўжо на паверхню планеты апусцілася нязвыклае для нас, зямлян, бэзавае сутонне. І ў нізкім цяжкім небе загарэліся надзвычай буйныя бліскучыя зоркі. Адна з іх ззяла ліловым святлом і незвычайна заварожвала.

Мы стаялі ля ілюмінатара, і я даводзіў доктару:

— У нашым уяўленні гіпнозам валодаюць асобныя людзі там, у нас на Зямлі. Ну-у, яшчэ асобныя паўзуны, той жа самы ўдаў. А тут страказа, маленечкая істота! І чаму толькі ў адной з іх такая ўласцівасць?!

— Своеасаблівы дар тутэйшай скупой прыроды, — пасміхнуўся доктар. — А, мажліва... Мажліва яна выпрацавала гэтую асаблівасць у сабе. Можа, яна страказа-дазорац, вартаўнік, ахоўнік гэтай планеты, яе ўладар. І як ёй, такой маленькай, бараніць усю планету?

— Ад каго?

— Ды хаця б і ад нас!

— Атрымліваецца, што такім чынам яна наганяла жах, — з доктарам нельга было не пагадзіцца, і я працягнуў. — Ты маеш рацыю, мы для яе — чужынцы, прышэльцы з іншага свету. І хаця нічога кепскага ёй не зрабілі, яна як магла бараніла свой спакой.

— О-о, не толькі спакой! Яна ўсё тут бараніла. Гэта ж яе тэрыторыя. Планета — яе дом, — сказаў доктар. — Мне цікава паглядзець на астатніх стракоз. Заўтра спушчуся разам з табою на паверхню. Трэба ж будзе пасадзіць тыя сасонкі! Тады як след і разгледжу гэтыя мілыя стварэнні.

Доктар Савіч яшчэ не ведаў, як, зразумела, і я сам, што нам не давядзецца саджаць тыя сасонкі. І што разглядваць ён будзе не раі стракоз на паверхні планеты, а тую адну, з блакітным брушкам, што выпырхнула з маёй далоні, ды так і засталася на нашым караблі.