— А што? — позірк у доктара Савіча ажывіўся. — У словах бортмеханіка штосьці ёсць! Але я думаю трошкі ў іншым накірунку. Дапускаю, што гэтая планета — ізалятар, але чаму абавязкова для злачынцаў? Гэтыя істоты могуць быць няўдалым эксперыментам нейкага надзвычай развітага розуму. Штосьці накшталт гамункулусаў.
— Гамункулусы? — перапытаў Антон. — Упершыню чую.
Хто яны?
І доктар Савіч патлумачыў:
— Чалавечыя істоты, якіх на Зямлі ў глыбокай старажытнасці, у так званае Сярэднявечча, алхімікі марылі стварыць штучна ў лабараторных умовах. Тады ім гэтага зрабіць не ўдалося. І вось цяпер тут, у гэтай частцы Сусвету, на нейкай невядомай нам планеце гамункулусаў маглі стварыць, але... вопыт атрымаўся няўдалым.
— Хм-м, доктар Савіч у нас фантазёр, — пасміхнуўся бортмеханік. — Мы, вядома, гэтыя істоты можам назваць гамункулусамі. Але калі іх прыняць за няўдалы эксперымент, дык на нейкай той планеце павінны жыць нашы браты, калі не па розуме, дык па знешнім падабенстве. З самымі звычайнымі насамі. Ну, а тыя хобаты, якія мы бачылі, — памылка эксперымента. Ты гэта меў на ўвазе?
— Чаму б і не? Чаму б і не? — некалькі разоў не сказаў, а прамармытаў доктар Савіч, і мы ўсе бачылі, што ён збянтэжыўся. І адразу ж пачаў развітвацца. Я таксама неўзабаве пайшоў у свой адсек і чамусьці мне хацелася называць гэтыя істоты з хобатамі гамункулусамі. Хай лепш яны будуць няўдалым эксперыментам, чым злачынцамі, для якіх прырода невядомага нам свету пашкадавала нават прыстойных твараў. Я цалкам пагаджаўся з меркаваннямі доктара Савіча. Безумоўна, пра кантакт з імі не думалася, але паназіраць за гэтымі істотамі яшчэ раз я быў бы не супраць. Таму пасля кароткага сну, назаўтра, як толькі пабачыў Антона, заспяшаўся спытаць у яго:
— Ну, як там нашы гамункулусы?! Яны яшчэ не набліжаліся да карабля?
— Набліжаліся, — адказаў Антон. — І нават пасадзілі нашы сасонкі. Паглядзі ў ілюмінатар, ты ж не падумаеш, што гэта зрабілі стракозы?!
І калі я падышоў да ілюмінатара, сапраўды пабачыў пасаджаныя сасонкі, над якімі ўсё кружылі і кружылі чародкі стракоз. У мяне міжволі зашчымела сэрца — перад вачамі быў амаль беларускі краявід, але ў той жа момант падумалася пра істоты, якія я ўжо ніяк не мог назваць інакш, як гамункулусы. Безумоўна ж, іх прывезлі сюды з планеты, дзе растуць дрэвы. Магчыма, нават сасонкі, такія ж самыя, як у нас на Зямлі. Інакш, ці сталі б яны саджаць іх?! Вось толькі шкада, ім не дадзена дазнацца, што тыя сасонкі, якія яны пасадзілі, з Беларусі.
Мы больш не сталі спускацца на паверхню — мэтай жа гэтага нашага падарожжа была Вега. Але ляцець туды нам не давялося.
З Асацыяцыі мы атрымалі паведамленне, што вярнулася адна з экспедыцый, якая паляцела да Вегі значна раней за нас. Аказалася, што сузор'е Ліры, дзе Вега з'яўляецца галоўнай зоркай, блакіравана чорнымі дзіркамі. І хаця на Зямлі ўжо даўно існуе меркаванне, што чорная дзірка — нішто іншае, як праход з аднаго сусвету ў другі, мы не сталі рызыкаваць... Далейшы наш палёт быў небяспечным. Праўда, само гэта паведамленне пра чорныя дзіркі выклікала шмат самых розных размоў на нашым караблі.
Бортмеханік пачаў расказваць, што падчас аднаго са сваіх падарожжаў у чужой галактыцы яму даводзілася бачыць на экране знешняга назірання, як з чорнай дзіркі вылятаў зоркалёт. Пасля чаго доктар Савіч сказаў:
— Асабіста я веру ў існаванне паралельных сусветаў... Што, калі чорныя дзіркі — шлях да іх? Вы толькі ўявіце, мы трапляем у паралельны сусвет і ўжо адтуль пачынаем вывучаць Зямлю, але з паралельным светам на ёй.
І пасля гэтых яго слоў наш бортмеханік, як і там, на планеце Пясчаных Ураганаў, назваў доктара фантазёрам. І доктар зноў збянтэжыўся. Можа нават пакрыўдзіўся, таму што нейкі час нікога не ўпускаў да сябе. А калі аднойчы сам запрасіў мяне ў свой адсек, я пабачыў на ілюмінатары страказу з блакітным брушкам. Было такое ўражанне, што яна хоча штосьці разгледзець у глыбінях сусвету. Магчыма, ёй мроілася яе планета?
А доктар Савіч сказаў будзённа:
— Ты пашкодзіў тады ёй адно крылца, але лётае яна добра. Думаю, што ёй спадабаюцца нашы беларускія краявіды. — Доктар паглядзеў на страказу і дадаў: — Дарэчы, яна страціла тую сваю якасць. Здараецца, што я доўга гляджу ў яе лупатыя вочкі і, ты ведаеш, ніякага гіпнозу не адчуваю. Суму, праўда, там многа бачыцца, такога незямнога су-у-му!
Замест эпілога
Дазорац-Уладар і на самой справе ўпадабаў нашы краявіды. Але яго не цікавяць лугі і лясныя палянкі. Ён любіць лётаць над рэчкамі ды азёрамі і, можа, толькі таму, што ў іх адбіваюцца аблокі, за якімі, ну, вядома ж, — глыбіні сусвету. І там, у гэтых глыбінях, сярод мноства самых розных планет знаходзіцца і яго планета, якую, дарэчы, ён ужо мог бы і не пазнаць... Там жа, напэўна, ужо шумяць прыгожыя тонкія сосны — адна ў адну, якімі любуюцца, хм-м... гамункулусы.