Аднойчы, калі мы вярнуліся на Зямлю пасля працяглага падарожжа, хтосьці з нас выпадкова, а, можа, і знарок, апынуўся пад тым дрэвам, дзе шмат гадоў таму назад не стала нашай Венеры. І як жа ён быў здзіўлены, калі на тым месцы, дзе яна стаяла ў апошнія хвіліны свайго жыцця, ён пабачыў расліну, кветкі якой былі якраз як Венерыны чаравічкі. А на кары дрэва праступала ледзь бачная выява жаночай постаці. Дрэва тое потым хтосьці спілаваў. А вось расліну мы так і назвалі: венерын чаравічак, і людзі не памянялі гэтай назвы. Вось толькі чамусьці яна хаваецца ад людскіх вачэй, вельмі рэдка яе можна пабачыць. Таму гэтая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі як рэдкі від зямной флоры.
Касач — кветка чароўных музыкаў
Мы ляцелі тады да сузор'я Арла, а дакладней, да ягонай самай галоўнай зоркі — Альтаір. Наша падарожжа было разлічана на шмат гадоў, і невядома, чым бы яно скончылася, калі б мы не атрымалі загад з Зямлі тэрмінова вяртацца назад, таму што там, у сузор'і Арла, пачалі адбывацца незразумелыя нам, зямлянам, з'явы.
Штосьці там змянялася. Было падобна, што асобныя планеты, якія знаходзіліся ў тым сузор'і, сыходзяць са сваіх арбіт. Адным словам, адбываліся нейкія глабальныя катастрофы. Мы не маглі не падпарадкавацца загаду, і вось тут пачалося самае цікавае. Мы самі пачалі цярпець катастрофу. Нешта разладжвалася ў нашым міжпланетным караблі, які належаў ці не да самага першага пакалення зоркалётаў. Усяму экіпажу было зразумела: неабходна тэрміновая пасадка.
Мне цяпер цяжка сказаць, дзе гэта адбылося, але мы пасадзілі карабель на яшчэ нікім, здаецца, не адкрытай планеце. Помню, яе паверхня ўразіла нас сваім сіне-лілаватым ззяннем. Мы набліжаліся да яе, і гэтае ззянне ўзмацнялася. «Карабель ляціць у фіялетавую ноч», — зазначыў наш доктар, у якога было прозвішча Савіч. Звычайна яго так і называлі: доктар Савіч. Але ўсё тлумачылася вельмі проста. Мы гэта зразумелі, калі карабель пасадзілі на паверхню. Выключна ўся прастора гэтай невялікай планеты была ўсеяна дзівоснымі сіне-ліловымі кветкамі. Адны кветкі, больш нічога! Было чаму падзівіцца — ні травы, ні дрэў, ні птушак... І ўсё ж планета чымсьці нагадвала нашу Зямлю. Там было паветра, былі рэкі і азёры. Праўда, выглядала яна надзіва самотнай — без насельнікаў. Але мы памыляліся. О, як жа мы памыляліся!
Ніхто не адважваўся выходзіць з карабля, толькі наш галоўны біёлаг папрасіў у камандзіра дазволу спусціцца на паверхню. Яго надта ж прываблівалі кветкі. І ён ужо гатовы быў зрабіць гэта, атрымаўшы дазвол. І тут... Тут мы пабачылі, што гэтая планета зусім не самотная, што на ёй жывуць людзі. Ага-а, вельмі падобныя да нас істоты. Якія ж гэта былі прыгажуны! Адны хлопцы — маладыя, дужыя. Яны жылі ў сутарэннях. Магчыма, там у іх былі сапраўдныя гарады, якіх мы не змаглі пабачыць. Мы назіралі адно: яны выходзілі з нетраў планеты на паверхню — дзесяткі, сотні, магчыма, нават тысячы. І наш карабель іх нібыта зусім не цікавіў. Ва ўсякім выпадку, яны не спынялі на ім сваіх позіркаў, а ішлі проста да кветак.
Што нам давялося пабачыць далей, у гэта цяжка было паверыць. Але мы былі жывымі сведкамі ўсяго таго неверагоднага, што адбывалася. Хлопцы аблюбоўвалі, выбіралі сабе кветкі, але іх не рвалі, а прысядалі кожны перад сваёю кветкаю на кукішкі. Потым даставалі з кішэняў невялікія дудачкі і пачыналі іграць на іх. Ах, якое гэта было ігранне! Паўсюль разлівалася музыка, якую яшчэ нідзе і ніколі не даводзілася нам чуць, ад якое кветкі злёгку пакалыхваліся, а хлопцы... Хлопцы на момант пераставалі іграць, і тады з іх вуснаў зрываліся дзіўныя словы: «Касач!.. Касач!.. Касач!..»
Далей для нас усё адбывалася як у сне. Ва ўсякім выпадку, нічога падобнага ў зямным чалавечым жыцці не бывае. Мы раптам пабачылі, што з кветак пачынае віцца лёгкі дымок. Не паверыце, з кожнай кветкі! І ў гэтым дымку ўжо праз нейкае імгненне можна было заўважыць жывую істоту, якая проста на вачах расла, расла і... ператваралася ў чароўную дзяўчыну, якая апускалася на паверхню. Дзяўчаты былі незямной красы. Такіх прыгожых ні на Зямлі, ні на іншых планетах нікому з членаў нашага экіпажа яшчэ не даводзілася сустракаць. Ад іх немагчыма было адарваць вачэй. Хлопцы паднімаліся з кукішак, хавалі свае дудачкі ў кішэні празрыстых камбінезонаў у якія былі апрануты. Потым кожны з іх працягваў сваёй дзяўчыне руку, і яны ўсё роўна як правальваліся пад паверхню гэтай, пагадзіцеся, ну проста казачнай планеты. І адразу ж на тым месцы з'яўляліся новыя кветкі. Нам жа заставалася толькі здзіўляцца.
Прайшло колькі часу, механікі-астранаўты адрамантавалі наш карабель, а галоўны біёлаг усё-ткі спусціўся на паверхню. Думаю, што ён асабліва і не аглядаў тыя кветкі, ён проста ўзяў некалькі з іх разам з іншапланетным грунтам і перанёс на карабель у спецыяльную камеру.