Лён-Лянок, альбо Кампакт-дыск ад зялёнага Дрэйка
Пастка для зямлян
Доктар Савіч затрымліваўся, і я пачаў нервавацца. Ён павінен быў заехаць па мяне хвілін дваццаць таму назад. Можа, здарылася штосьці непрадбачанае. А што магло здарыцца? Даўно ўжо мог звязацца са мной па мабільнай сувязі. Я сам спрабаваў гэта зрабіць, але яго тэлефон быў адключаны. І мне заставалася толькі чакаць. Да старту ў нас яшчэ было гадзін шэсць, у любым выпадку мы не спазняліся. А ляцець мы павінны былі на Месяц, куды тэрмінова быў адпраўлены ўжо не адзін зоркалёт з Зямлі. Туды спяшаліся французы, рускія, амерыканцы...
Справа ў тым, што некалькі дзён таму назад на Месяцы пацярпеў катастрофу невядомы касмічны аб'ект. І, калі верыць інфармацыі, якую мы атрымалі ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў, гэта быў своеасаблівы міні-горад. Праўда, як гэта ні дзіўна, без гуманоідаў. Там былі толькі прадстаўнікі незямной фауны і флоры. І хоць яшчэ не прайшло і тыдня, як мы вярнуліся з даволі працяглага падарожжа ў сузор'е Рака, на Месяц вырашылі ляцець неадкладна. Я яшчэ раз паспрабаваў звязацца з доктарам Савічам, і ў гэты момант пазванілі ў дзверы. Пайшоў адчыняць, думаючы, што, нарэшце, з'явіўся доктар. Але гэта быў Арцём, той самы падлетак, які аднойчы разам з намі наведаў Зямлю-2 у сузор'і Дзевы. З ім былі яго сябры: Алік і Натка, з якімі я ўжо меў магчымасць пазнаёміцца раней. І хоць іх прыход быў нечаканым, я быў шчыра ўзрадаваны.
— Ну вось бачыце, дзядзька Сымон ужо вярнуўся, — сказаў Арцём сябрам і тут жа звярнуўся да мяне. — Раскажыце пра палёт, як там у вас усё было? Я лічыў дні і вось вылічыў... Вы — дома!
— Я ўжо амаль тыдзень на Зямлі, — адказаў я. — Праходзьце...
І трэба сказаць, што міжволі адчуваў сябе вінаватым. Перад адлётам у сузор'е Рака я запрашаў Арцёма да сябе, маўляў як толькі вярнуся, абавязкова прыходзь з сябрамі, каб пачуць, якую ж інфармацыю мы адтуль прывезлі, на якой планеце былі і што бачылі. І вось Арцём прыйшоў, а я ўжо гатовы адправіцца ў новае падарожжа.
— Вы зноў некуды сабраліся ляцець? — запытала Ната, як толькі мы прайшлі ў гасцёўню. — У вас напагатове рэчы.
— На жаль, адлятаю, — вымушаны быў сказаць я. — Непрадбачаны палёт на Месяц. Вы ўжо, напэўна, ведаеце, там пацярпеў катастрофу касмічны карабель незямнога паходжання. Вось-вось заедзе па мяне доктар Савіч.
Я бачыў, што мае словы засмуцілі Арцёма.
— Што нам тая катастрофа?! У мяне мама на некалькі дзён з'ехала пад Гомель, — сказаў ён. — На касмадроме за Раўбічамі мне ўжо стала нецікава. Думаў, пабуду тут з вамі.
Я лёгенька паляпаў яго па плячы.
— У нас яшчэ будзе шмат часу, Арцём, а цяпер ведаеш што? Я прывёз з сузор'я Рака цікавую рэч. Мяркую, там павінна быць штосьці нязвыклае для нас, зямлян!
Той рэччу, пра якую я ўспомніў, быў кампакт-дыск. У мяне не было часу расказваць, пры якіх абставінах ён да мяне трапіў таму, як толькі я знайшоў яго на паліцы, заваленай касмічным хламам, абмежаваўся некалькімі фразамі:
— Вось, трымай! Яго мне даў самотны жыхар незвычайна змрочнай планеты. Наўкол быў толькі адзін шэры колер. Бясконца шэрая прастора. Праўда, дзе-нідзе горы яшчэ былі там, і чалавек... Усяго адзін! На ўсёй гэтай прасторы.
— Чалавек? — перапытаў Алік.
— Не ведаю, — і я на момант задумаўся. — Для мяне ён быў чалавекам. Увогуле, надта сумным было тое наша падарожжа.
— Дык раскажыце, — папрасіла Натка.
— Не-не, у двух словах пра яго не раскажаш. З хвіліны на хвіліну павінен з'явіцца доктар Савіч.
Я бачыў, як уважліва Арцём разглядвае з усіх бакоў дыск, і дадаў:
— Яго мне пасля вернеце, а калі на ім штосьці надзвычай цікавае, пакажыце яшчэ каму-небудзь з сяброў. І як толькі я вярнуся з Месяца, абавязкова заходзьце.
Падлеткі ўспрынялі мае словы як знак, што ім ужо трэба ісці. А, можа, карцела хутчэй паглядзець, што ж на тым дыску? Яны пачалі развітвацца, і я іх не затрымліваў. Зачыніў за імі дзверы і яшчэ раз паспрабаваў набраць нумар доктара Савіча. На гэты раз ён адгукнуўся:
— Вінаваты, Сымон. Затрымалі ў Асацыяцыі. Табе хіба не патэлефанавалі? Камандзір у трансе. Наш палёт адмяняецца! І не толькі наш. Усе рэйсы на Месяц адменены.
І далей доктар Савіч паведаміў мне, што над тым караблём на Месяцы з'явілася талерачка, якая, напэўна, радыёпультам падняла карабель. І калі ён завіс дзесьці за кіламетр ад паверхні, пайшла на стыкоўку з ім.