Выбрать главу

— Дзядзечка Сымон, я баялася паварухнуцца! А раптам гэта зноў паўторыцца?! Бедны Арцём! Усё было так страшна! Шланг намерваўся схапіць мяне. Я і цяпер баюся, — позіркам паказала на стол, дзе стаяў камп'ютэр. — Ён сам адключыўся.

— Нічога не трэба баяцца, паспрабуем разабрацца, што да чаго, — сказаў я, азіраючы пакой, і ў нейкі момант нават пасміхнуўся. На падваконні пабачыў гаршчок, у якім рос Ням-Ням — дзівосная расліна, якую я падарыў Арцёму пасля нашага падарожжа на Зямлю-2. Лісце Ням-Няма трапятала. Ён, відаць, таксама быў перапуджаны.

Ната і Алік тым часам селі на канапу. Да іх падсеў і я. У мяне ўсё яшчэ не было поўнай карціны таго, што адбылося ў гэтым пакоі, і я папрасіў:

— Ну, што ж? Давайце, расказвайце, толькі ўсё падрабязна, з самага пачатку... Я вам даў кампакт-дыск, вы прыйшлі з ім сюды.

— Я спачатку зайшла на кухню, — удакладніла Ната. — Там у халадзільніку былі бутэрброды. Потым мяне гукнуў Арцём, — яна паглядзела на Аліка.

— Ага-а, — пацвердзіў Алік. — Ён крыкнуў табе: «Ідзі глядзець, кіно пачалося!» А я засмяяўся... Арцём ужо ўключыў камп'ютэр, паставіў дыск, і на экране замільгалі кадры...

— Якія? Згадайце ўсё да драбніц. Любая дэталь можа быць важнай.

— Нічога там асаблівага не было, — адказаў Алік. — Пячора была, самая сапраўдная, з вялікаю дзіркаю ў столі. Праз дзірку пранікала святло. Нейкі хлопец стаяў ля ўваходу ў пячору. Прыблізна наш аднагодак. Каля яго, размахваючы рукамі, бегала дзіўная жанчына.

— Яна была такая ваяўнічая, што, як толькі я ўвайшла ў пакой і зірнула на экран камп'ютэра, — перапыніла Аліка Ната, — я адразу ж ускрыкнула: «Амазонка!» А Арцём засмяяўся: «Ну, якая ж гэта амазонка! Яна хутчэй нагадвае ведзьму!»

— Скура ў іх была зялёная? — запытаўся я.

— Не, такая, як і ў нас, белая.

— Чакай, Алік, чакай! Мы забыліся пра галоўнае. На іх было не адзенне, а матляліся нейкія шкуркі. Хлопец увогуле да пояса быў голы. І валасы ў яго былі вельмі доўгія.

— А ў жанчыны шкура была перакінута цераз плячо і падперазаная нейкім матузом, — дадаў Алік. Паглядзеў на мяне і працягнуў. — Потым у пячоры з'явіліся дзяўчына і барадаты дзядзька. Яны таксама былі ў шкурах. Дзяўчына ўкленчыла перад жанчынай.

— Тут і пачуўся нейкі трэск, — сказала Ната. — І ўсё на экране знікла. «Кіно скончылася!» — весела выгукнуў Арцём. І ў гэты момант на экране з'явіўся скручаны зялёны шланг.

— Як ён выглядаў?

— Звычайна! — адказаў Алік. — Як ад пыласоса.

— Вось-вось, я тады падумала пра пыласос, — сказала Ната. — Але тут усё і пачалося. Шланг вытыркнуўся з дысплея і пачаў хутка раскручвацца, як рулетка. Я закрычала...

— Не-е, ты дзіка заверашчала, — пасміхнуўся Алік. — А я ўскочыў з канапы. Шланг хістаўся з боку ў бок, бы гадзюка. Ён памкнуўся да Наткі, але яна замахала рукамі і шпурнула ў яго бутэрброд, які не паспела даесці. Шланг праглынуў яго і павярнуўся да Арцёма...

— Ён уцягнуў яго ў сябе, як уцягвае пыласос штосьці дробнае, — прамовіла Ната. — Усё адбылося імгненна. Арцём не паспеў нават крыкнуць. І адразу ж шланг знік, быццам нехта хутка ўцягнуў яго назад у дысплей, — яна запытальна паглядзела на мяне. — Паміж тым зялёным Дрэйкам, пра якога вы нам расказалі, і гэтым дыскам, напэўна, існуе нейкая сувязь.

Я маўчаў, добра разумеючы, што адбылося. Арцём перамясціўся з адной прасторы ў другую. Аказваецца, зялёны Дрэйк меў тое, над вынаходніцтвам чаго чалавецтва ўжо б'ецца не адно стагоддзе і ніяк не можа вынайсці. І я міжволі згадаў высокую худую постаць у чорным плашчы сярод шэрай бясконцай маўклівасці. Мы ўжо збіраліся пакінуць непрыветлівую, нікім не абжытую, змрочную планету, мяркуючы, што больш не пабачым яе адзінага жыхара, але ён спусціўся з гары і шпарка ішоў да нашага зоркалёта. «Сыдзі на паверхню, развітайся з ім, — сказаў мне Антон, камандзір нашага карабля. — Прапануй, можа, ён пагодзіцца ляцець з намі». Але Дрэйк ад гэтай прапановы адмовіўся, і я не настойваў. Ён абраў для сябе адзіноту, а магчыма, у ім усё яшчэ жыло спадзяванне, што ён сустрэнецца з кімсьці са сваіх блізкіх. У апошнім я памыляўся, таму што Дрэйк, як толькі падышоў да мяне, адразу ж дастаў з кішэні дыск, і я пачуў ад яго словы, якія толькі цяпер сталі мне зразумелымі. Тады ж не ўдаваўся ў іх сэнс, палічыў іх нейкай бязглуздзіцай.

— Хм-м, Ната, сувязь... — я паглядзеў на яе, потым перавёў позірк на Аліка. Яны напружана чакалі, каб я растлумачыў ім тое, што адбылося. І я паўтарыў словы Дрэйка. — Ведаеце, я дакладна ўсё зараз успомніў: «Мне гэтая рэч ужо непатрэбная, вазьмі сабе. Але калі здарыцца абласакар, толькі з таго месца, куды прыбудзеш, вернешся назад». Гэтак мне сказаў зялёны Дрэйк, калі аддаваў дыск. Цяпер я разумею, што абласакар па-нашаму — тэлепартацыя. Значыцца, каб вярнуцца назад, Арцёму трэба быць абавязкова на тым самым месцы, дзе ён апынуўся, калі перамясціўся ў іншую прастору.