— Як гэта на тым самым месцы? — перапытала Ната. — Мне не зусім зразумела.
І я патлумачыў:
— Тут, у гэтым пакоі, як я здагадаўся, Арцём сядзеў на канапе. А ў той нейкай іншай прасторы, дзе ён цяпер знаходзіцца, тое, што вы назвалі шлангам, магло выштурхнуць яго з сябе на падлогу ў доме, ці, скажам, на дах нейкай будыніны, альбо на дрэва. Ён можа пакінуць тое месца і, канечне ж, пакіне, але, каб мы яго выцягнулі, павінен вярнуцца менавіта туды, у тую першапачатковую кропку свайго перамяшчэння.
— Што значыць, каб мы яго выцягнулі?
— Вярнулі яго назад. Як я разумею, зрабіць гэта мы зможам з дапамогай дыска, — адказаў я.
— Гэта немагчыма! — У Натчыных вачах была трывога. — Як жа Арцём дазнаецца, дзе яму трэба быць?
— Зразумела, што ніяк! — Алік быў катэгарычным. — Можа, Арцём цяпер на той планеце, дзе застаўся зялёны Дрэйк?
— Якая розніца, — прамовіла з адчаем Ната. — Дзе б цяпер ён ні быў, мы нічога не зможам зрабіць, — і яна паглядзела на мяне з недаверам. — А як вы зразумелі, што вам сказаў той зялёны чалавек, перадаючы дыск? Хіба вы ведаеце яго мову?
— Не, не ведаю, але ён з большага валодаў нашай, беларускай мовай. Паўтараю, з большага. Мы не заўсёды добра яго разумелі, таму я і не надаў ніякага значэння тым яго словам.
— Я вам не веру! — тут жа выгукнуў Алік. — З-за вас здарыўся з Арцёмам гэты... Ну, як вы сказалі, «абласакар»! І вы цяпер, каб неяк апраўдацца, прыдумляеце неверагодныя рэчы. Зялёны Дрэйк не мог ведаць нашай мовы.
— Чаму? — запытаўся я, і мне давялося ім расказаць, што даволі даўно да зоркі Паўночны Асёл, якая знаходзіцца ў суседстве з сузор'ем Рака, была паслана экспедыцыя. Той карабель да гэтага часу не вярнуўся на Зямлю. Але, як высветлілася падчас нашага падарожжа, на ім здарылася аварыя. І члены той экспедыцыі мусілі яго пасадзіць на бліжэйшую ад іх планету, на якой ім давялося затрымацца вельмі і вельмі доўга, пакуль яны не адрамантавалі свой карабель. Гэта ўсё мы пачулі ад зялёнага Дрэйка. Ён жыў на той планеце і разам са сваімі сынамі дапамагаў рабіць рамонт карабля. Там былі сур'ёзныя непаладкі з рухавікамі, і, вядома ж, кантактуючы з беларусамі, Дрэйк меў магчымасць авалодаць нашай мовай. Мне хацелася сказаць, што адным з членаў той экспедыцыі быў якраз і Арцёмаў бацька, але я не стаў гэтага рабіць. Цяпер трэба было нейкім чынам вяртаць з поўнай невядомасці Арцёма.
— А куды падзеліся сыны зялёнага Дрэйка, і як там можна было ліквідаваць аварыю на караблі, калі вы самі сказалі, што планета была не абжытая? — запыталася Ната.
— А што потым сталася з тым караблём? — у Аліка ўзнікла сваё пытанне.
— Як толькі яго адрамантавалі, члены экспедыцыі паляцелі далей, да Паўночнага Асла, — адказаў я. — І што з імі там здарылася, ніхто не ведае. Ніякай сувязі з імі няма да гэтага часу. А на планеце зялёнага Дрэйка адбылася глабальная катастрофа. Мы сустрэліся з ім на іншай планеце, дзе я атрымаў ад яго гэты кампакт-дыск.
— А можа, ён вам яшчэ нешта сказаў — задумліва прамовіў Алік, — калі перадаваў яго? Можа, вы забыліся і вам яшчэ раз трэба ўсё вельмі добра ўспомніць, каб знайсці падказку, як мы цяпер можам звязацца з Арцёмам?
— Вы сказалі пра глабальную катастрофу, а ці давялося вам пабыць на той планеце, дзе раней жыў зялёны Дрэйк? — і Ната дадала прыцішаным голасам. — Разумееце, вельмі многа ў нас узнікла пытанняў, дык, можа, вы раскажаце пра той свой палёт у сузор'е Рака? Паспрабуйце аднавіць у памяці, як усё адбывалася, і магчыма, сапраўды, як кажа Алік, мы разам зможам знайсці адказ, дзе цяпер Арцём і як з ім звязацца?
Я быў няўпэўнены, што адказ знойдзецца, бо паспеў ужо аднавіць у памяці многае і многае з таго свайго палёту, але не стаў адмаўляцца і, можна сказаць, яшчэ раз перажыў тое наша няпростае падарожжа.
Катастрофа на планеце Гусляр
Мы ляцелі ў сузор'е Рака, але само сузор'е нас мала цікавіла. У ім, як вядома, няма вялікіх яркіх зорак. Але, калі глядзець у зямныя тэлескопы, дык можна заўважыць у ім ледзь бачную зіхатлівую пляму, якая складаецца з агромністай колькасці самых розных зорак, і якую даўно, у глыбокай старажытнасці назвалі адным словам: Яслі. Туды, да гэтых Ясляў, мы і ляцелі са спадзяваннем, што адкрыем там шмат новых планет, дзе мы, беларусы, будзем першапраходцамі.