У мяне быў прыгнечаны настрой, я баяўся, што пачынаю хварэць на касмічную дэпрэсію, таму запрасіў да сябе ў адсек доктара Савіча, каб ён зрабіў запіс маіх пачуццяў і адключыў небяспечныя. Гэтую электронную прыладу, якую заўсёды доктар Савіч насіў з сабою, мы называлі дэтэктарам адчуванняў.
— Ніякай касмічнай дэпрэсіі ў цябе няма, — сказаў доктар. — Я гэта бачу і без расшыфроўкі тваіх пачуццяў. Проста мы ўсе стаміліся ад гэтага доўгага падарожжа. Чаму ты не ўключаеш экран знешняга назірання? Камандзір мяркуе зрабіць кароткую пасадку на планеце, дзе ёсць вада. Яе ўжо можна пабачыць на экране. Антон занёс яе ў нашы карты і пазначыў пад назвай Гусляр.
— Чаму Гусляр?
— А ты ўключы экран і паглядзі. Там два мацерыкі, абкружаныя, трэба думаць, акіянам. Адзін з гэтых мацерыкоў мае форму чалавечага цела, а другі, значна меншы, нагадвае самыя сапраўдныя гуслі. Нават нейкія каналы праходзяць праз яго, бы струны. Антон, як толькі пабачыў усё гэта, адразу ж выгукнуў: «Глядзіце, усё роўна бы гусляр, схілены над гуслямі!» Тут я і падказаў яму, маўляў, дык давай і назавём гэтую планету Гусляр. Ён пагадзіўся. Ты ж помніш, як мы аднойчы адзін астэроід у сузор'і Валапаса назвалі Дранікам?
Я кіўнуў галавой і міжволі пасміхнуўся. Назва Дранік так і замацавалася за тым астэроідам. Успомнілася, як неяк на нашым касмадроме за Раўбічамі прызямліліся англічане. «Адкуль вы вярнуліся?» — запытаўся ў іх наш бортмеханік, і англічане адказалі: «З Драніка!» Магчыма, і назва Гусляр прыжывецца, калі ўжо Антон занёс гэтую планету ў свае карты.
Тым часам я ўключыў экран знешняга назірання, доктар Савіч папрасіў павялічыць відарыс нейкай пэўнай мацерыковай часткі. І, як толькі я гэта зрабіў, мы міжволі затаілі дыханне, уважліва ўзіраючыся ў карцінку на экране. Калі б не ведалі, што знаходзімся ў глыбокім космасе, на адлегласці мільёнаў і мільёнаў кіламетраў ад Зямлі, можна было б падумаць, што перад намі густанаселены квартал зямнога горада. Адно дамы мелі форму незвычайна высокіх вежаў. Я нават не стаў лічыць паверхі, каб не збіцца з ліку.
— Вельмі развітая цывілізацыя, — нарэшце першым парушыў маўчанне доктар Савіч. — Але чаму такія непамерна шырокія вуліцы? На іх жа няма ніводнага аўтамабіля!
— Затое ёсць талерачкі, — я ўжо здагадаўся, што гэтыя шырокія вуліцы нішто іншае, як аэрадромы ці нават касмадромы. — Глядзі, ледзь не ля кожнай вежы стаіць нейкі лятальны апарат.
— Павяліч відарыс яшчэ трошкі, — і доктар Савіч незвычайна ажывіўся, як толькі я гэта зрабіў. — Ну вось, нарэшце мы можам бачыць і тых, хто насяляе гэтыя мацерыкі. Чалавецтва памылялася, калі ў сваім уяўленні малявала гуманоідаў, прышэльцаў з іншых светаў у выглядзе пачвар.
— Дазволю сабе зазначыць, пачвар разумных, — сказаў я.
— І ўсё ж мы, зямляне, уяўлялі іх страшыдламі, а яны ў сваёй большасці, у чым мы пераконваліся неаднойчы, маюць з намі аднолькавую прыроду. Мы з невялікімі адхіленнямі — аднатыповыя. Ну вось яны, перад намі — ходзяць ля сваіх дамоў-вежаў, сядзяць за столікамі пад парасонамі ў адкрытых кавярнях, маці шпацыруюць з дзіцячымі каляскамі. І наўкол адзін бетон: ні газонаў, ні кветнікаў, ні фантанаў. Рэкламныя шчыты, стракатасць самых розных шыльдаў на сценах вежаў. Глядзі, ледзь не перад кожнаю з іх — скульптуры. Калі ў такой колькасці ёсць каго ўшаноўваць, гэта надзвычай высокаразвітая цывілізацыя.
— У іх дзве расы, ты заўважыў? Беласкурая пераважае.
— Ага-а, зялёнаскурых значна менш, — і доктар Савіч паглядзеў на мяне. — Сымон, табе не здаецца, што там нешта пачало адбывацца? Штосьці накшталт панікі.
Я не паспеў адказаць доктару, таму што ў гэты момант пачуўся голас Антона, камандзіра нашага карабля: «Увага! Уключаем абарончыя сістэмы і ўваходзім у атмасферу аб'екта пад умоўнай назвай Гусляр. Жадаючых запрашаю да галоўнага ілюмінатара!»
Мы бачылі, як на экране ў тым далёкім і чужым для нас свеце ўсё прыйшло ў неймаверны рух. Беласкурыя і зялёнаскурыя насельнікі квартала, відарыс якога застыў на нашым экране, то забягалі, то выбягалі са сваіх дамоў-вежаў, утвараючы натоўп на непамерна шырокіх вуліцах, адкуль у паветра адзін за адным паднімаліся лятальныя апараты самай рознай геаметрычнай формы.
— Можа, яны рыхтуюцца атакаваць нас? Нездарма ж Антон сказаў, што ўключаюцца абарончыя сістэмы? — цяпер ужо я запытальна паглядзеў на доктара Савіча.
— Не думаю. Наш карабель не мог выклікаць у іх такі перапуд. Мы яшчэ дастаткова далёка ад іх, нават не ўвайшлі ў атмасферу планеты. Ты паглядзі, яны ўсе ахопленыя самым сапраўдным жахам. Так паводзяць сябе толькі перад вялікай бядой, не ведаючы, як уратавацца. Лятальныя апараты не могуць умясціць усіх жадаючых. Хм-м, цікава! Яны паднімаюцца, як і мы, без разгону. Збаў павелічэнне, давай зірнём на панараму ўсёй паверхні.