Выбрать главу

І як толькі гэтая панарама адкрылася нам, мы міжволі жахнуліся, прыўзняліся са сваіх месцаў, падаліся бліжэй да экрана, быццам не верылі таму, што бачылі. Было ўражанне, што ўся мацерыковая паверхня ўсмоктваецца, укручваецца ў агромністы вір, утвораны высозным валам вады, што бушаваў наўкол. Акіян, які акружаў мацерыкі, уздыбіўся, стаяў вакол іх сцяною, і мацерыкі павольна асядалі ў яго глыбіні, аддаючы сваю паверхню раз'ятраным хвалям. На экране вымалевалася невялікае паселішча, на якое імкліва накатвалася вада, — пяць-шэсць жалезабетонных вежаў і натоўп, які ў літаральным сэнсе штурмаваў тры лятальныя апараты ў выглядзе талерак.

— Пераключы, — змрочна сказаў доктар Савіч. — А лепш выключы зусім. На нашых вачах гіне жыццё, — ён павярнуўся да мяне, і ў яго позірку я ўбачыў боль. Разам з тым доктар запытаўся: — А ты заўважыў што нідзе наўкол не было відно ніякай жыўнасці? Як вядома з нашай зямной, вельмі і вельмі даўняй гісторыі, Ной у свой каўчэг падчас сусветнага патопу браў і хатнюю жывёлу, і птушак... А-а? Цікава, чым жа яны харчуюцца?

— Харчаваліся! З сабою яны і скарбу ніякага ў свае талерачкі не бяруць, ратуюць толькі самае каштоўнае — сваё жыццё, — з гэтымі словамі я выключыў экран.

Яшчэ ніколі нічога падобнага нам не даводзілася бачыць падчас нашых падарожжаў, і мы з доктарам Савічам не знаходзілі слоў, каб выказаць сваё шкадаванне. Лепш бы ўсяго гэтага не бачылі. Але вось доктар запытальна паглядзеў на мяне:

— Ты не супраць, калі я зноў уключу экран? Не хочацца верыць, што хвалі, гэты раз'юшаны вал вады накрыў усю паверхню.

Я не паспеў адказаць, як пачуўся голас Антона, і тое, што ён сказаў, было міжвольным адказам доктару Савічу.

— Увага! Няма ніякага сэнсу вісець над гэтай планетай. Там, унізе, паўсюдна адна вада і цяпер ужо, напэўна, спатрэбяцца мільёны гадоў, каб на Гусляры зноў адрадзілася жыццё. Будзем шукаць паверхню для пасадкі ў іншым месцы. Пры такой колькасці зорак, як у Яслях, наўкол павінна быць шмат планет.

— Слухай, доктар, а чаму спатрэбяцца мільёны гадоў, каб на Гусляры адрадзілася жыццё? — Я не пагаджаўся з Антонам. — Вада можа адхлынуць, і тыя, хто паспеў уратавацца, зноў вернуцца сюды.

— Не думаю, — запярэчыў доктар Савіч. — Штосьці адбылося ў нетрах гэтай планеты. Яе паверхня бы правалілася, — і ён уключыў экран. Я зірнуў на бясконцы акіян, што распасціраўся далёка ўнізе, і адвярнуўся з адной думкай, ці не прымроілася ўсё тое, што мы бачылі на паверхні планеты з гадзіну таму назад? А доктар Савіч ускрыкнуў:

— Глядзі, Сымон! Вунь там, бачыш, мільгаюць дзве талерачкі. Я зноў павярнуўся да экрана і пабачыў два лятальныя апараты, не падобныя на нашы караблі. Надта ўжо былі яны пляскатыя, самыя сапраўдныя талеркі, зялёныя па краях.

— Вярнуліся, каб развітацца са сваёю планетай назаўсёды, — зазначыў доктар. — Не пазайздросціш тым, хто знаходзіцца ў іх. Куды цяпер паляцяць, дзе знойдуць новы прытулак?

Нашы позіркі сачылі за талеркамі. Я думаў, што яны вось-вось завіснуць, як і мы, над планетай. Але талеркі не завіснулі. Яны пачалі імкліва зніжацца і на ўсёй сваёй неверагоднай хуткасці ўрэзаліся ў паверхню ўжо супакоенага, сцішанага акіяна, які імгненна выбухнуў двума вадзянымі слупамі такой вышыні, што, здалося, на нейкі час засланілі Свяціла, вакол якога абарачаўся Гусляр. Пырскі разляталіся, мяркую, на дзесяткі кіламетраў. І на нашым экране былі толькі яны адны.

— Што ты на гэта скажаш? — губы доктара Савіча ледзь варухнуліся.

Я маўчаў, аднак у думках быў упэўнены, што тыя, хто знаходзіўся ў тых талерачках, пажадалі вярнуцца да сваіх родных, каго пахаваў пад сабою акіян, каб назаўсёды застацца разам з імі ў яго глыбінях. І я не памыляўся.

Сустрэча з зялёным Дрэйкам

Мае думкі блыталіся. Было адчуванне душэўнай спустошанасці ад усяго, што давялося пабачыць. Відаць, тое ж самае адчуваў доктар Савіч, таму што паспяшаўся мяне пакінуць. І як толькі я застаўся адзін, адразу ж схацелася забыцца, праваліцца ў глыбокі сон, каб распаволіцца, зняць гнятлівае напружанне, якое быццам скавала мяне. Але перад тым, як гэта зрабіць, я падключыўся да шматсерыйнага дакументальнага фільма «Мая Радзіма — Беларусь», каб у сне зноў і зноў палюбавацца роднымі краявідамі, усім тым, што на працягу многіх стагоддзяў здзяйснялася ў мілай майму сэрцу частцы зямнога свету. Як ніколі раней я хацеў думаць, што на Зямлі ўсё добра, і кадры гэтага фільма маглі толькі ўмацаваць мае думкі.