Сон быў вельмі доўгім, але некалькі апошніх серый я ўсё ж не паспеў дагледзець, падхапіўся, як толькі пачуў Антонаў голас. Камандзір паведамляў, што мы зніжаемся. Пад намі была паверхня невялікай планеты, якую мы неўзабаве, калі на яе апусціўся карабель, назвалі Шэрай Непрыветлівасцю. Там мы і сустрэліся з зялёным Дрэйкам, але не адразу.
Тая планета амаль нічым не ўражвала. Мы ўсе ўжо некалькі разоў выходзілі з карабля, і цешыла толькі адно: на планеце было паветра і была вада. Але гэта была не рака і не возера, а хутчэй за ўсё штучны канал, невядома кім пракапаны. Ён падзяляў планету на дзве роўныя часткі, гэта мы бачылі са сваіх ілюмінатараў калі набліжаліся да паверхні.
— Безумоўна, тут хтосьці быў да нас, — казаў мне доктар Савіч, калі мы з ім, як заўсёды ў пары, што стала ўжо традыцыяй, крочылі па пульхнай, быццам перасохлы торф, глебе. — Ты спаў, а я сядзеў ля свайго экрана і добра бачыў гэты канал. Ён роўненькі-роўненькі, вада ў ім блакітная...
— Ну, а дзе ж расліны, дзе дрэвы? — пытаўся я ў яго. — Дзе ёсць вада, там заўсёды ўсё зелянее. Такі ўжо закон прыроды.
— Э-э, дазволь удакладніць. Зелянее на Зямлі і ў пэўную пару года, а тут не Зямля, — і чамусьці са ўздыхам доктар дадаў: — Я стаміўся ад гэтага шэрага колеру. Дойдзем вунь да той адзінокай невялікай гары і вернемся.
— Я гатовы хоць зараз вярнуцца на карабель.
У мяне сапраўды было такое жаданне, але Савіч адмоўна пахітаў галавой, і да гары мы ўсё-такі дайшлі.
Не хаваючы расчаравання, глядзелі на яе: гара як гара — панурая шэрая каменная глыба. Мы селі на невялікі выступ у ёй.
— У мяне ёсць ідэя, Сымон, — адазваўся доктар. — У тваіх лабараторных прабірках захоўваецца самае рознае насенне. Давай засеем лапінку тутэйшай глебы, і ажывіцца гэтая планета. Толькі шкада, што ўжо больш ніколі не давядзецца сюды прыляцець. Квітнення на ёй мы так і не пабачым.
Якраз у гэты момант і пачуўся за нашымі спінамі голас:
— Тутэйшую глебу не трэба засейваць. Яна ажывае, але цяпер тут півар[2].
Мы баяліся азірнуцца. Больш за ўсё ўразіла, што ўсё, што мы пачулі, было прамоўлена па-беларуску. І ўсё ж мы азірнуліся...
Гара бы расступілася за нашымі спінамі, і ў чорнай адтуліне стаяў ён — зялёны Дрэйк. Скура на ягоным твары была колеру ранняй веснавой лістоты. Вялікія выразныя вочы нагадвалі дзве масліны, толькі зрэнкі былі ярка-жоўтымі. Доўгі чорны плашч падкрэсліваў стройнасць ягонай постаці, і ва ўсім абліччы адчувалася нейкая ўрачыстасць. Мы міжволі падняліся, але Дрэйк павёў рукою, гэта быў ледзь заўважны рух, і мы зноў апусціліся на выступ у гары. Ён сеў побач з намі. Маіх каленяў краналася крысо яго чорнага плашча. Тонкія губы Дрэйка варухнуліся:
— Крыснар з Зямлі?[3]
Мы яго не зразумелі. Але гэтая наша першая сустрэча зацягнулася, і, паколькі ў ягонай гаворцы пракідвалася шмат беларускіх слоў, многае з таго, пра што ён нам расказваў мы маглі зразумець, як і тое, што яго завуць Дрэйк. Тады ж мы пачулі ад яго і пра аварыю на караблі, які ляцеў да Паўночнага Асла, чым Дрэйк і патлумачыў веданне нашай мовы. І калі нарэшце ён прамовіў: «Жыццё на Пурнасе стала небяспечным. На дне акіяна ўтварылася расселіна. Яна пашыралася і пашыралася. Узнікла пагроза, што некалі расселіна ўцягне ў сябе мацерыкі, зрушыўшы іх нетры», — мы ўжо не сумняваліся, што ён з Гусляра.
— Значыцца, твая планета называлася Пурнас? — запытаўся ў Дрэйка доктар Савіч. — А мы далі ёй назву Гусляр.
— Вы наведвалі Пурнас? — і зялёны Дрэйк надзвычай ажывіўся. — Туды цяпер паляцелі мае сыны. Мы атрымалі сігнал небяспекі. Яны павінны вярнуцца сюды са сваімі жонкамі і дзецьмі, таму што рана ці позна на Пурнасе здарыцца баўмік[4], і для свайго новага жытла мы абралі гэтую планету.
— З такім невясёлым пейзажам? — мне падумалася, што ў Яслях можна было адшукаць нешта больш прывабнае.
— Пейзаж піварны[5], — адказаў Дрэйк. — Але пройдзе дзевяць міёраў[6] і тут усё ажыве. З'явяцца трава, кветкі, карлікавыя дрэвы, праўда, на вельмі кароткі тэрмін. Мы даўно назіралі за гэтай планетай. Я разам з сынамі прылятаў сюды шмат разоў, пакуль, нарэшце, не вырашылі абраць яе для жыцця. Праўда, перад гэтым доўга вагаліся. Есць яшчэ адзін варыянт.
Я да гэтага часу не магу растлумачыць, чаму менавіта ў гэты момант запытаўся ў Дрэйка:
— А ў тваіх сыноў лятальныя талерачкі былі з зялёнымі краямі?
— Ты іх бачыў? — і ў голасе Дрэйка пачулася непрыхаваная трывога.
— Мы шмат чаго бачылі, — адказаў за мяне доктар Савіч і падняўся з выступу. — Калі шаноўны Дрэйк жадае, дык мы запрашаем на свой карабель, дзе можна будзе пазнаёміцца з астатнімі членамі нашага экіпажа.