— Вы зараз будзеце тэлефанаваць на Месяц? — здзівіўся Алік. — Як вы гэта зробіце?
— Звычайна! Набяру патрэбны нумар, у мяне ж мабільнік класны. Яго падарыў мне адзін рускі вынаходнік, астранаўт з Варонежа. Па ім я магу звязацца нават з чужой Галактыкай, — і я пачаў набіраць нумар саксонца.
— Хвілінку, не набірайце пакуль! — папрасіла Натка. — Калі ў вас сапраўды такі незвычайны мабільнік, што сігнал ад яго можа пранікнуць нават у нейкую іншую Галактыку, дык трэба паспрабаваць паслаць SMSку Арцёму. Раптам ён яе атрымае?! А ваш знаёмы на Месяцы пачакае.
— Ну-у... Ты малайчына, Ната! — толькі гэта і засталося мне сказаць дзяўчынцы. — Вось бачыце, штосьці ўжо намацваецца. Як я сам пра гэта не падумаў? Сапраўды, чаму б і не паспрабаваць адаслаць SMSку Арцёму! Помню, мы былі немагчыма далёка, у чужой Галактыцы, і ў нас адмовіла сувязь. Мы не маглі звязацца з Зямлёю. А тут на шляху малюсенькая-малюсенькая планета. Наблізіліся да яе паверхні, а яна ўся пакрыта пагоркамі — пагорак за пагоркам, нідзе ніякай роўнай пляцоўкі. Толькі ў адным месцы пабачылі больш-менш прыдатную нізінку, куды можна было пасадзіць зоркалёт. Але там ужо стаяў нечы карабель і ля яго былі людзі. Самыя сапраўдныя людзі ў скафандрах, якія вырабляліся толькі на Зямлі. Калі мы апусціліся зусім нізка, пабачылі сцяжок на борце карабля. Аказваецца, гэта быў рускі карабель. Мы, вядома, і селі на тую планету. Паспрабавалі пасадзіць зоркалёт на адзін з пагоркаў. Вось там Павел, так звалі вынаходніка, і падарыў мне гэты мабільнік.
— А што было на той планеце, яна была незаселенай? Вы там не сустракаліся з абарыгенамі? — запытаўся Алік.
— Я раскажу пра яе, але трошкі пазней, — адказаў я. — Спачатку пашлём SMSку Арцёму. Давайце думаць, што паведамім, вельмі коратка, але каб ён зразумеў нас.
— А тут і прыдумляць няма чаго, — адазвалася Ната. — Пашлём тое, што вам сказаў зялёны Дрэйк: «Стань на тое ж самае месца, куды ты перамясціўся, у першапачатковую кропку, і мы цябе выцягнем». — Натка паглядзела на мяне і дадала. — З дапамогай дзядзькі Сымона.
Толькі дапішыце: «У цябе на гэта ёсць гадзіна часу», — сказаў Алік. — Праз гадзіну і паставім кампакт.
— Правільна, Алік! Гэтую тваю фразу трэба дадаць абавязкова, — і я пачаў хутка набіраць тэкст SMSкі.
— А калі раптам Арцём не атрымае наша паведамленне, — засумнявалася Ната. — Што будзем рабіць тады?
— Не панікуй загадзя, — і Алік звярнуўся да мяне. — Дзядзька Сымон, у нас ёсць ажно цэлая гадзіна. Вы абяцалі расказаць пра планету, дзе сустрэліся з рускімі астранаўтамі.
— Зараз раскажу, толькі спачатку звяжуся з саксонцам.
Але звязацца з Гансам мне не ўдалося. Яго мабільнік быў чамусьці адключаны. Я цяжка ўздыхнуў, але не адсутнасць магчымасці звязацца з саксонцам мяне трывожыла. Прызнацца, я не надта верыў у тое, што Арцём атрымае SMSку. Адна справа паслаць электронны сігнал, хай сабе на неверагодна далёкую адлегласць, і зусім іншая — у часавую прастору. Гэта штосьці зусім іншае. Я чамусьці быў перакананы, што перамяшчэнне Арцёма было перамяшчэннем менавіта ў часе. Аднак спадзявацца заўсёды трэба, калі нават здаецца, што справа марная. І, каб прыглушыць сваё трывожнае хваляванне, я пачаў расказваць Аліку і Натцы пра тое, ужо амаль забытае, падарожжа ў чужую Галактыку.
Планета чарапах
На Зямлі даўно было вядома, што ў той Галактыцы сотні гадоў таму назад адбыўся грандыёзны выбух. Узарвалася адна з самых яркіх зорак, якая знаходзілася найбліжэй да нашай Галактыкі. Зразумела, што нам, зямлянам, было цікава даведацца, як жа паўплываў гэты выбух на развіццё планет, якія маглі быць недалёка ад той зоркі. Час ад часу ў тым накірунку адпраўляліся з Зямлі зоркалёты. Паляцелі аднойчы і мы, беларусы. Мы ж былі шукальнікамі сенсацыйнай інфармацыі, і нас маглі там чакаць самыя неверагодныя адкрыцці.
Тое наша падарожжа, вядома ж, было вельмі доўгім. Мы не адрываліся ад сваіх экранаў: на шляху было шмат яшчэ нікім не адкрытых планет, асабліва на самым краі нашай Галактыкі. На некаторых з іх, відавочна, было жыццё. Але ў большасці гэтыя планеты высвечваліся ў сваёй некранутай нічыйным розумам першароднасці. На іх шумелі магутныя лясы, дзе праглядваліся дзівосныя дрэвы, бурлілі рэкі, ішлі дажджы, а здаралася, усё засцілася снегам. Снег падаў і падаў, і не было ніякіх прыкмет жыцця на бясконцай снежнай раўніне. Сусвет — агромністы, і многае, многае ў ім паўтараецца. Мы ж шукалі загадак і, магчыма, для некага, хто пазіраў на нас з паверхняў сваіх планет у тэлескопы ці бачыў наш зоркалёт няўзброеным вокам, мы таксама былі загадкай. Але кантактаў ні з кім у нас не здаралася. Мы не апускаліся на паверхні планет. А тым часам пакідалі ўжо межы нашай Галактыкі. Вось тут і перапынілася сувязь з Зямлёю, і наладзіць яе не ўдавалася.