Мы ўжо блукалі па чужой Галактыцы, калі трапілі пад моцны метэарытны дождж. Тут Антон, наш камандзір, і вырашыў пасадзіць карабель на адну з бліжэйшых планет. Але, калі наблізіліся да яе паверхні, пабачылі, што гэта зрабіць цяжка: пагорак за пагоркам. Яшчэ ніколі нідзе не даводзілася бачыць такой бугрыстай паверхні. І, напэўна, мы не селі б на тую планету, каб наш астрафізік не звярнуў увагу на нізінку, дзе мы і заўважылі касмічны карабель рускіх.
І, калі ўжо селі на адзін з пагоркаў, пераканаліся, што выйсці з карабля адразу не зможам. На планеце быў моцны радыяцыйны фон. Трэба было зрабіць замеры радыяцыі, а да таго паміж пагоркамі былі такія яміны, што ні прайсці, ні пераскочыць, а мы ж, калі выйдзем, будзем абцяжараныя скафандрамі і герметычным адзеннем. Заставалася адно: скарыстаць для выхаду паветраныя шлюпкі. Але рускія нас апярэдзілі. Мы яшчэ не вырашылі, хто застанецца на караблі, а хто паляціць да іх, як іхні невялікі лятальны апарат ужо закружыў над намі. І неўзабаве, даволі ўдала стыкаваўшыся з нашым зоркалётам, яны ўвайшлі ў наш утульны хол, дзе і адбылося наша знаёмства.
Іх было трое: Павел, Андрэй і Васіль — два пілоты-астранаўты і навуковец-даследчык, які, як аказалася, быў яшчэ і выдатным вынаходнікам. Маю на ўвазе Паўла, ад якога я і атрымаў у падарунак мабільнік. Ён чамусьці падарыў яго менавіта мне.
— Цяпер у вас адновіцца сувязь з Зямлёю, — сказаў Павел, перадаючы мабільны тэлефон. — Адрамантаваць свае сігнальныя сістэмы вы наўрад ці зможаце. У вас на гэтай планеце не шмат часу. Па-першае, тут усё засыпана солямі уранавай кіслаты, а па-другое, навошта прымушаць пакутаваць жывую істоту?! Невядома, як доўга вытрымае зоркалёт яе панцыр.
Пасля гэтых яго слоў увесь наш экіпаж быў у шоку: якая жывая істота?! Які панцыр?! І рускія астранаўты нам патлумачылі, што гэта — планета чарапах. Але з‑за моцнага радыяцыйнага фону адбылася мутацыя, і ўсе тыя пагоркі, якія мы пабачылі на паверхні, не што іншае, як агромністыя чарапахі, такіх памераў, што і ўявіць цяжка. На адну з іх мы і пасадзілі свой зоркалёт. Пачуўшы такое, нам усім стала зразумела, што трэба рыхтавацца да адлёту, каб як мага хутчэй выслабаніць чарапаху ад шматтоннай вагі нашага зоркалёта. Але адкуль тут радыяцыя? Вынік выбуху зоркі, ці штось іншае?
— Вось гэта мы і высвятляем, — сказаў адзін з рускіх пілотаў-астранаўтаў. — Сюды, на гэтую планету, мы прылятаем ужо другі раз. Першы раз толькі даследавалі, а цяпер прыляцелі з грузапад'ёмнікамі.
— Для чаго? — не адразу скеміў я. І другі рускі пілот патлумачыў:
— У гэтай планеты ёсць спадарожнік, вы маглі яго бачыць на сваім шляху. Паспрабуем хаця б палову чарапах перавезці туды.
— Дык мы вам дапаможам, — жыва адгукнуўся наш камандзір.
— Не, — запярэчыў Павел і на момант задумаўся. — У нас тут спецдоследы. Калі першы раз прыляталі сюды, тое-сёе знайшлі цікавае. Магчыма, часткова прыадкрыем загадку Вялікага сусветнага выбуху, але для гэтага тут давядзецца правесці дзесяткі і дзесяткі гадоў.
У яго голасе мы чулі сум. І пачувалі сябе не лепшым чынам: дзесяткі гадоў на планеце, засыпанай солямі уранавай кіслаты! Гэта не жартачкі. А Павел праз невялікую паўзу яшчэ раз паўтарыў сваё катэгарычнае «не» і дадаў:
— Вам трэба ляцець адсюль.
Мы сапраўды неўзабаве пакінулі тую планету. Таму што, як толькі звязаліся з Зямлёю, адразу атрымалі прапанову ад Асацыяцыі міжзоркавых палётаў даследаваць планету, спрэс усланую снежным покрывам. Перад намі стаяла пытанне: што пад снегам? І як ні дзіўна, пад снегам не было нічога. Гэта быў гіганцкі снежны камяк, які абарачаўся вакол свайго Свяціла і нават меў спадарожніка. А тым часам у нас на зоркалёце здарылася дзіва. У адсеку, дзе жыў камандзір, з'явілася шэсць маленькіх чарапашак. Яны вылупіліся з яец, адкладзеных у адсеку, безумоўна ж, на планеце чарапах. Але як гэта ўдалося зрабіць, мяркую, той агромністай чарапасе, на якую мы там пасадзілі свой зоркалёт?! Ніхто з нас на гэтае пытанне не мог даць пэўнага адказу, і доктар Савіч у рэшце рэшт сказаў:
— А якая розніца, як гэта ёй удалося? Галоўнае: зрабіла! І цяпер чарапашкі разам з намі ляцяць на Зямлю. Калі вы ўсе не супраць, я іх забяру з сабою. Ля маёй сядзібы ёсць балотца... Хай там жывуць.