Выбрать главу

Па нашым вяртанні на Зямлю ўсё так і адбылося. Да гэтага часу пераважна ў паўднёвай частцы Беларусі ля сажалак ды завадзяў рэчак, дзе спакойная вада, жывуць чарапахі. І называюць іх балотнымі.

Арцём вяртаецца

— Мне вельмі шкада чарапах, што засталіся на той планеце, — сказала Натка, як толькі я скончыў свой расповед, і запытальна паглядзела на мяне. — А можа ўсё-такі не палову, а ўсіх іх вывезлі на спадарожнік той планеты?

— Не ведаю, Ната, — я развёў рукамі, і тут жа адгукнуўся Алік:

— Мне таксама шкада чарапах, але, напэўна, час падумаць і пра Арцёма. Думаю, ужо гадзіна прайшла.

Я зірнуў на гадзіннік, у нас яшчэ было хвілін восем, але я падышоў да камп'ютэра. Чамусьці выцягнуў з CD-ROMa дыск, пакруціў яго ў руках... І міжволі перад вачамі ўсплыла самотная высокая постаць у доўгім чорным плашчы. І згадаліся словы зялёнага Дрэйка, якія ён прамовіў на Шэрай Непрыветлівасці, калі мы сядзелі разам на каменным выступе: «Я разамі з сынамі прылятаў сюды шмат разоў, пакуль, нарэшце, не вырашылі абраць яе для жыцця. Праўда, перад гэтым доўга вагаліся. Ёсць яшчэ адзін варыянт». Цяпер стала зразумелым, што пад гэтым варыянтам ён меў на ўвазе. Безумоўна, тэлепартацыю, як ён сказаў абласакар! У іншы свет. У тую самую пячору, што з'явілася тут на дысплеі, да тых людзей, апранутых у шкуры дзікіх звяроў. І што ж іх стрымала? Зялёны колер скуры, ці штось іншае?! Гэта ж было не толькі перамяшчэнне ў часе, а, можна сказаць, касмічны палёт з адной планеты ў глыбокае мінулае другой, у яе пячорнае стагоддзе. І тут я ўвесь скалануўся, як жа я раней не дадумаўся?! Арцём, безумоўна, перамясціўся ў тую пячору. Тое, што здалося кадрамі нейкага фільма, было ні чым іншым, як месцам, куды адбылося перамяшчэнне. Ён у мінулым! Але чаму я думаю, што гэта мінулае менавіта зямной цывілізацыі? А можа, гэтая пячора калісьці знаходзілася там, на Пурнасе, які мы назвалі Гусляром? Можа, гэта адзін з самых ранніх перыядаў жыцця на той планеце? Мне стала горача. Не хацелася разважаць далей і я адкінуў ад сябе ўсе думкі. Хутка ўставіў дыск у CD-ROM і ўключыў камп'ютэр. І ў той жа момант на дысплеі паплылі кадры...

— Глядзіце! Глядзіце, там Арцём! — закрычала Натка.

Мы сапраўды пабачылі Арцёма. Ён стаяў ля грувасткага драўлянага стала, за якім сядзела надзвычай расхваляваная жанчына ў шкуры, перакінутай цераз плячо, і штосьці здымаў з рукі той жанчыны.

— Што ён робіць? — Алік запытальна паглядзеў на мяне.

— Ды свой гадзіннік з яе рукі здымае, хіба не бачыш? — адказала Ната і працягнула. — У пячоры толькі Арцём, жанчына і барадаты дзядзька. А дзе ж дзяўчынка і хлопец з доўгімі валасамі? Куды падзеліся яны?

— Ты ў Арцёма потым пра гэта запытаешся, — пачуўся голас Аліка.

А на экране тым часам Арцём зашпільваў бранзалетку гадзінніка на сваёй руцэ. І барадаты мужчына, сагнуўшыся, тыцкаў пальцам у земляную падлогу пячоры недалёка ад выхаду з яе.

— Глядзіце, глядзіце! Дзядзька, напэўна, паказвае Арцёму тое месца, куды ён апусціўся, як толькі адбылося перамяшчэнне. Арцём атрымаў нашу SMSку! — І Натка радасна запляскала ў ладкі. — Вунь, вунь Арцём ідзе туды!

Я глядзеў, як Арцём ішоў да таго месца, на якое паказваў яму барадаты мужчына, і думаў дзе ж гэта ўсё адбываецца? Зямля гэта ці ўсё ж Пурнас? Там жа была не толькі зялёная, а і белая раса. Я адвёў позірк ад Арцёма, пачаў уважліва разглядваць пячору і пабачыў ступу. Самую сапраўдную ступу — старажытную прыладу для апрацоўкі зерня на крупы. Амаль такую ж калісьці, даўно-даўно, у сваім дзяцінстве я бачыў у этнаграфічным музеі ў Мінску. Ступа, трошкі больш за метр вышынёю, зробленая з кавалка тоўстага ствала дуба ці граба, стаяла ў зацемненым кутку пячоры. У яе былі ўваткнуты два таўкачы.

Мне згадаўся Пурнас. На імгненне ў памяці аднавілася паверхня тых двух мацерыкоў, дзе мы бачылі жалезабетонныя высокія дамы-вежы, пляцоўкі для пасадкі лятальных апаратаў ля іх і мноства-мноства скульптур... Згадаліся і пурнасцы, так нечакана для сябе ў думках я назваў жыхароў Пурнаса, але хоць бы дзе мы пабачылі жытнёвае поле! Там не было палёў значыцца, не магло быць і ступы. «Не, гэта, мабыць, усё-такі Зямля», — зрабіў я выснову. Значыцца, ужо тады, калі нашы далёкія прашчуры яшчэ былі апрануты ў шкуры, у іх ужо была ступа. Вялікае вынаходніцтва таго часу! А вунь, каля ступы, і саж — плеценая з лазы ёмістасць для захоўвання мяса. У ім у старажытнасці нярэдка прасушвалі сыры, трымалі грыбы, зёлкі. Саж я таксама бачыў у этнаграфічным музеі, а цяпер бачу яго вунь там, у пячоры. Ён запоўнены нейкімі сухімі раслінамі. Мае думкі перапыніў Натчын крык: