— Не спрацавала! Глядзіце, не спрацавала! Вас падмануў зялёны Дрэйк! Арцём стаіць на тым месцы, якое паказаў яму барадаты дзядзька, і нічога не адбываецца!
Я міжволі ўздыхнуў. Арцём сапраўды стаяў на тым месцы, куды з хвіліну таму назад тыцкаў пальцам барадач. А Ната ледзь не плакала:
— Мы яго не выцягнем! Арцём застанецца там назаўсёды!
— Цішэй, цішэй, не хвалюйся, — пачаў супакойваць я дзяўчынку, а сам напружана глядзеў на экран камп'ютэра. Вось з-за стала паднялася жанчына, кінулася да барадача і замахала перад ім рукамі. Было падобна, што яны спрачаюцца. Потым яна скіравалася ледзь не да самага выхаду з пячоры і там падняла з земляной падлогі нейкую трэску, пачала размахваць ёю, звяртаючыся, відавочна, да Арцёма і паказваючы на тое месца, дзе ляжала трэска. Арцём кіўнуў галавою, маўляў, я ўсё зразумеў, і пайшоў да таго месца, куды цяпер ужо рукою паказвала жанчына. І як толькі ён стаў туды, вакол яго адразу ж з'явілася зіхатлівае зялёнае кола. Барадач і жанчына адбегліся ў кут, да ступы, а з зіхоткага кола пачаў вытыркацца зялёны прамень. Спачатку замаруджана, быццам штосьці намацваў, да нечага прымерваўся, а потым вытыркнуўся імкліва, як джала, і ўваткнуўся ў Арцёма. У тое ж імгненне дысплей пагас...
— Вось і тады рыхтык гэтак усё было, мільгалі кадры, усё роўна як фільм які, — нібыта нечага баючыся, ледзь не шэптам прамовіў Алік, які да гэтага моманту ўвесь час маўчаў, не адрываючы позірку ад экрана. — Вось... Вось, глядзіце!.. З'яўляецца шланг!
На дысплеі сапраўды з'явіўся скручаны зялёны шланг. Адзін з яго канцоў варухнуўся, ён нагадваў жывую істоту, і тут жа вытыркнуўся з дысплея. Да мяне данеслася перапуджанае Натчына: «Ах!» А шланг пачаў хутка раскручвацца, нібыта рулетка. І вось ужо ён захістаўся ў пакоі на ўсю сваю даўжыню ад сцяны да сцяны. Потым у нейкі момант знерухомеў і... выштурхнуў бы выплюнуў, з сябе Арцёма. Проста на падлогу, да маіх ног. У тое ж імгненне ён пачаў скручвацца, быццам хтосьці хутка ўцягваў яго назад у дысплей. І вось ужо толькі зялёная кропачка, згасаючы, замільгала на дысплеі. І, як толькі яна зусім згасла, камп'ютэр адключыўся.
Натка, Алік і я, як зачараваныя, глядзелі на экран камп'ютэра, а тым часам Арцём падняўся з падлогі. Ён пазіраў то на мяне, то на Аліка, то на Натку, нарэшце, пасміхнуўся, быццам з ім нічога такога і не здаралася, і сказаў:
— А вы здорава прыдумалі з SMSкай!
Тут Ната і Алік кінуліся да Арцёма, сціснулі яго ў сваіх абдымках. Дзяўчынка, наогул, павіснула ў яго на шыі, а я, як толькі сустрэўся з ім позіркам, адчуваючы, як спадае нервовае напружанне, папрасіў:
— Ну, цяпер, Арцём, сядай і расказвай...
Пра Лянка, Кудлу і іншых
(Са слоў Арцёма)
Ён пачаў свой расповед з таго моманту, калі зялёны шланг памкнуўся да яго, і ён адчуў, як да рукі даткнулася штосьці прыемна цёплае...
— Было такое ўражанне, што я на імгненне заснуў, — сказаў Арцём. — А калі прачнуўся і расплюшчыў вочы, дык замест свайго пакоя, Наткі і Аліка пабачыў пячору, тую самую, што з'явілася на дысплеі, калі я ўставіў у CD-ROM дыск і ўключыў камп'ютэр. І людзі ў ёй былі тыя ж самыя, апранутыя ў шкуры, хоць адзеннем гэта было назваць цяжка. Нейкія акраўкі матляліся. Я бачыў, што ўсе яны вельмі перапуджаныя. Баяліся зірнуць у мой бок, а жанчына ўвогуле стаяла адвернутая да сцяны і хутка-хутка прамаўляла: «У цябе, лячэ, воўчая галава, аклочаная барада, саламянае чэрава, канапляныя ногі. Згінь! Згінь! Згінь!» І праз невялікую паўзу яна ціха запыталася:
— Ён згінуў, Янук?
Арцём зразумеў, што словы адрасаваліся барадатаму мужчыну, які стаяў і ўвесь тросся.
— Я ў цябе пытаюся, Янук, ён згінуў?
— Мяне карачун скандрычыў, — адказаў Янук. — А ён не-а, не згінуў. Ён сядзіць. На чалавека вельмі падобны.
— Я сапраўды сядзеў на халоднай земляной падлозе, — працягваў Арцём. — Хацеў было падняцца, ды не ведаў што будзе далей, і проста разглядваў людзей у шкурах. Дзіўна, але я зусім не баяўся, нават хацелася засмяяцца. Сапраўды, было вельмі смешна, калі жанчына падышла да мяне і ўтаропіўшыся, спачатку з бояззю, а потым нават ваяўніча, запыталася:
— Ты — хлеўнік[7]? Малако ў маёй каровы ссеш, а я думала, яго вужака высмоктвае.
— Не, Кудлачка, гэта не хлеўнік, — адазваўся мужчына. — Ён не з хлява. Гэта, напэўна, пячурнік[8]. З коміна вываліўся.
— З ко-оміна?! Яшчэ што напрыдумляйце, — запярэчыў хлопец з доўгімі валасамі, які трымаў за руку дзяўчынку. — Ён з зялёнага промня зваліўся, вы ж самі гэта добра бачылі. Да чаго комін? Тут яшчэ вакол яго пляма зялёная свяцілася.