Выбрать главу

— Значыцца, паветрык[9]! У-у, — гнеўна паглядзела на Арцёма жанчына. — Ты навошта ўчора, калі навальніца была, снапы на нашым палетку параскідаў?! Не Пярун жа гэта зрабіў. А цяпер, во-о, і ў хату ўлез, шкоду тут ужо чыніць будзеш! — Жанчына заплюшчыла вочы і хутка-хутка пачала зноў шаптаць замову. — У цябе, лячэ, воўчая галава, аклочаная барада, саламянае чэрава, канапляныя ногі. Згінь! Згінь! Згінь.

Арцём слухаў жанчыну і думаў, як яму быць. Пачаць ім усім расказваць, што з ім адбылася вялікая неверагоднасць? Што ён не хлеўнік, не пячурнік і не паветрык, а звычайны падлетак, які трапіў да іх, у гэтую пячору з далёкай будучыні? Праўда, сам не ведае, як гэта атрымалася?! Але, напэўна, яны не зразумеюць яго. Застаецца проста сядзець і назіраць за ўсім, што адбываецца, а калі раптам спатрэбіцца, — дзейнічаць, сыходзячы з абставін. У пячоры было душна і ён зняў сваю куртачку. І ў тое ж імгненне жанчына адскочыла ад яго, закрычала:

— Янук! Янук! Хадзі, сюды, хутчэй... Глядзі, вунь на руцэ ў яго вока Люцыпара[10] — галоўны нячысцік.

Янук падышоў да жанчыны, яго вочы акругліліся, як толькі ён зірнуў на Арцёмаў наручны гадзіннік.

— В-вока! Ага-а... вока! — пацвердзіў ён.

І тут да жанчыны кінулася дзяўчынка, прыціснулася да яе, зашаптала:

— Мамачка, у мяне ногі трасуцца. Пойдзем да старой Паланеі, хай з воскам ляк вылье.

— Я табе сама яго мякішам хлебным выкачаю, ды не цяпер жа! — Жанчына адштурхнула ад сябе дзяўчынку, на імгненне задумалася, зірнула на Арцёма і павярнулася да Янука. — Ён сам адсюль не сыдзе, для нечага ж Люцыпар сваё вока сюды прыслаў?! Трэба ісці да Паланеі.

— Ага-а, да ведзьмы пойдзеш, дык можаш і не вярнуцца! Сурокаў нашле, — адгукнуўся Япук.

— Я залашчу яе, зёлак занясу, а яна няхай нячысціка ад нас выведзе, — жанчына зноў паглядзела на Арцёма. — У-у, чурылка[11], — замахнулася на яго. — Ведзьма з табою разбярэцца!

— Гэта, напэўна, кладнік6, — адазваўся хлопец. — Калі кветку папараці на Купалле хто знаходзіць, дык зямля ў тым месцы пачынае свяціцца, скарбы ў сваіх нетрах паказвае. І нячысцікі вакол скачуць, каб першымі скарб ухапіць. Вакол яго таксама ўсё свяцілася, пляма зялёная была, ага-а? Пад тваім долам скарб, цётка Кудла.

— Для каго Кудла, а для цябе — Агата! Стой тут! — і жанчына тут жа загадала. — Янук, вынось саж у двор, зёлак для Паланеі адбяру. Там у мяне разрыў-трава ёсць, і баркун, і расакіля, і блёкат. Бяры саж, а я ў стойла да жывёлы зайду, гляну, ці шкоды не нарабілася. Гэты, — кіўнула на Арцёма, — псоту на яе мог наслаць, — і жанчына выйшла. За ёю рушыла і дзяўчынка. Янук падаўся ўглыб пячоры да ступы, туды, дзе стаяў саж з зёлкамі. У гэты момант Арцём падняўся з долу і падышоў да хлопца, які адразу ж закрычаў:

— Не падыходзь да мяне! Не падыходзь, нячысцік!

Янук, які ўжо было падхапіў саж, каб несці, прысеў за ступаю, а Арцём сказаў хлопцу:

— Ну які ж я нячысцік! Ці ж ты не бачыш? На мне проста адзенне іншае, таму што я не адсюль. Выгляд інакшы. Я з другога часу. Паміж гэтаю пячораю і горадам, дзе я жыў дасюль, безумоўна, тысячы і тысячы гадоў, але табе гэтага не зразумець, як бы я не тлумачыў. Мяне не трэба баяцца, я такі ж самы, як і ты, — і тут Арцёму стала вельмі самотна. Ён паспеў ужо добра ўсвядоміць сваё становішча і не бачыў ніякага выйсця, як яму вярнуцца назад, у сваю мінскую кватэру, пра што і сказаў. — Я ніколі не змагу вярнуцца ў свой час, давядзецца застацца тут назаўсёды. Я хацеў бы з табою пасябраваць. А каб мне не быць белаю варонаю сярод вас, знайдзі мне такую ж шкуру. Гэта ўсё, што на мне, я скіну.

— Дзе я табе шкуру знайду, звера трэба забіць, — і хлопец абвёў позіркам сцены пячоры, потым зірнуў на Арцёма. — Для мяне ты ўсё роўна нячысцік, а гэта — не пячора. Жытло з бярвення складзена. У пячорах прадзеды нашы жылі.

Арцём ужо і сам бачыў, што сцены складзены з бярвення, праўда, гэта нічога не мяняла. Пабудова ўсё роўна нагадвала пячору, але не гэта хвалявала яго цяпер.

— Ты бачыў, як я апынуўся тут? — запытаўся ён у хлопца.

— Бачыў. З промня зялёнага злез, людзі на такое няздатныя. «Хм-м, зялёны прамень, — падумаў Арцём. — Атам жа, дома, у маім пакоі з дысплея вытыркнуўся зялёны шланг... Ніякага промня не было», — і тут жа адагнаў ад сябе гэтыя думкі, сказаў хлопцу:

— Ну чым я табе магу даказаць, што я не дух, не нячысцік! Мова ў нас з табою аднолькавая. Мы разумеем адно аднаго. Ты... Ты — мой далёкі прашчур. Я самы сапраўдны чалавек.

— Кудла! Кудлачка! — пачулася з дальняга кутка, з-за ступы. І адтуль выбег Янук. Ён падскочыў да Арцёма і схапіў яго за руку. — Дык ты чалавечай пароды? Ты проста нетутэйшы, не з нашага краю! — і адразу ж звярнуўся да Кудлы, якая ўжо з'явілася на крык у пячоры. — Кудлачка, ён — не паветрык! Ён — чужаніца. Шкуру для сябе прасіў.

вернуться

9

Таксама.

вернуться

10

Таксама.

вернуться

11

Таксама.