— Сказаў адкуль?
— Не, яшчэ не сказаў, але скажа. Кудлачка, скажа.
Кудла падышла да Арцёма, уважліва паглядзела на гадзіннік на яго руцэ, запыталася:
— Вока гэтае, а лепш сказаць, бяльмо, чаго на руцэ яно?
— Гэта не вока, а звычайны гадзіннік, чалавецтва ішло шляхам прагрэсу, — і тут жа спахапіўся, трэба патлумачыць неяк прасцей, але як? І ён не знайшоў нічога іншага, як паўтарыць па складах. — Га-дзін-нік... Га-дзін-нік... Ён час адмервае. — Потым нечакана для самога сябе зняў гадзіннік з рукі, працягнуў яго Кудле. — Прыгожая рэч, можаце пачапіць яго сабе на руку. Будзе як упрыгажэнне.
Кудла запытальна паглядзела на Янука, трошкі павагалася і нясмела працягнула руку:
— Сам пачапі.
І калі Арцём пачапіў ёй на руку гадзіннік, яна пачала хутка абмацваць Арцёма ўсяго — ад пятак да галавы. Намацала ў кішэні лёгкай Арцёмавай курткі мабільнік і запытальна паглядзела на яго, маўляў, што гэта там у цябе? Арцём хутка засунуў руку ў кішэню. Яму не хацелася паказваць мабільнік, каб зноў не напалохаць іх.
Пакуль Кудла абмацвала Арцёма, Янук хадзіў вакол яго, уважліва разглядваючы, нарэшце спыніўся:
— Ён зубтэльны[12] надта, малалетні яшчэ. Да працы не здатны будзе. На ловы[13] хадзіць не зможа, звер задзярэ яго.
— Галдоўнікам[14] сваім ужо яго палічылі, — адазваўся хлопец, які ўсё стаяў і стаяў на адным і тым жа месцы, — быццам і не бачылі, як ён тут з'явіўся. Не пешшу ж прыйшоў, ляк выганялі.
І Кудла, і Янук на некалькі крокаў адышлі ад Арцёма. Ён бачыў, што яны зноў пазіраюць на яго з недаверам і сказаў:
— Я таксама спалохаўся, калі нада мною завіс зялёны шланг, — і тут жа зразумеў, што сказаў нешта не тое.
Невядома, як бы далей павялі сябе Кудла і Янук, калі б не з'явілася дзяўчынка, якую Арцём ужо бачыў у пячоры. Яна спынілася ля ўваходу, кіўнула галавой:
— Там дзядзька з селішча, што за лесам, прыйшоў. Нехта мусіць да яго выйсці. Ён двух зайцоў прынёс, памяняць іх на крупы хоча.
— Мала ў нас крупаў, — буркнуў Янук. — Не памяняем.
— І ўсё ж два зайцы, падумай, не абы-што, а мяса! — разважыла Кудла. — Хай заходзіць. Мо на штось іншае памяняць пагодзіцца.
— А гэтыя? Яны не для чужога вока, — Янук кіўнуў на Арцёма і хлопца з доўгімі валасамі. — Што з імі рабіць? Так тут і будуць стаяць?!
— Не, не будуць. Вядома, не будуць, — Кудла на імгненне задумалася і загадала Януку: — Ты іх у камору завядзі, а я да чалавека выйду...
І потым, калі яны ўжо сядзелі ў цёмнай каморы, Арцём з роспаччу думаў пра безвыходнасць свайго становішча. З ім ужо аднойчы здаралася штосьці падобнае. Калі разам з Алікам яны паехалі на касмадром за Раўбічы, каб паглядзець на Вуха, прывезенае з сузор'я Шаляў. Тады яны ўзялі ды і ўлезлі ў тое Вуха і нечакана для сябе апынуліся ў старажытным Вавілоне — цудоўным горадзе Бабілу! І ўсё ж там у іх была надзея, што яны вернуцца назад, у свой час, таму што за гарадскімі сценамі ў гарачых пясках ляжала тое самае Вуха, праз якое яны і насамрэч вярнуліся ў Мінск, на касмадром за Раўбічамі. А тут выключна іншы выпадак. Ніякага спадзявання на вяртанне ў яго не было. Заставалася адно: сядзець у гэтай цёмнай каморы, дзе цяжка было што-небудзь разгледзець. Але ён чуў, як хлопец, якога Янук прывёў сюды разам з ім, штосьці, відавочна, перацягвае з месца на месца. Відаць, адгароджваецца ад яго, і ён запытаўся ў хлопца:
— Ты ўсё яшчэ не верыш, што я не нячысцік? Добра, не вер, гэта твая справа. Але хаця б скажы, як цябе завуць? Я — Арцём, а якое ў цябе імя?
Хлопец перастаў цягнуць штосьці цяжкое і праз невялікую паўзу адказаў:
— Каб ты быў нячысцікам, дык імя маё ведаў бы. Відаць, усё ж не нячысцік. Лён я, але найчасцей мяне называюць Лянком.
— Ну і імя ж табе далі, — здзівіўся Арцём. — Там, у тым часе, адкуль я тут з'явіўся, лён расце на палетках. Расліна такая, з якой тканіну вырабляюць. Потым з гэтай тканіны шыюць адзенне.
— Што ты сказаў?! Ты ведаеш расліну, з якой можна вырабіць адзенне?!
І штосьці загрукацела, пападала долу. Гэта Лянок пераскочыў праз сваю барыкаду і ўмомант апынуўся ля Арцёма.
— Скажы яшчэ раз! Там, у тваім часе ёсць такая расліна?!
— Чаго ты так расхваляваўся? Я ж сказаў, з лёну вырабляюць тканіну... А ў цябе імя — Лён. У нас там такіх імёнаў няма, але ёсць такая расліна.
Хлопец хутка сеў побач з Арцёмам, пагладзіў калматую поўсць шкуры, якою быў абкручаны, потым сказаў: