— Гэта ваўчыная шкура, новая зусім. А ў Дамінічкі, ты ж бачыў яе, яна — дачка Кудлы, шкура старая, дзіравая. Я пасмяяўся з гэтага, і Кудла разгневалася. Паабяцала, што галдоўнікам мяне сваім зробіць, калі я расліны такой не знайду, з якой можна было б адзенне вырабіць. У нашым селішчы Кудле ніхто не пярэчыць. Я сапраўды стану галдоўнікам. Няма тут у нас такой расліны, а Кудла кажа, што павінна быць. Жыта — корміць, зёлкі — лечаць, значыцца, і апранацца з расліны павінны, каб не хадзіць у шкурах.
Арцём слухаў Лянка і са шкадаваннем думаў: каб жа ён ведаў, што з ім здарыцца такое, што аднойчы ён апынецца ў гэтай цёмнай каморы ў немаведама якім стагоддзі, ён бы там, у Мінску, насіў бы ў сваіх кішэнях насенне лёну і цяпер бы аддаў яго Лянку. І якраз у гэты момант Арцём міжволі ўздрыгнуў: ён пачуў, што мабільнік прыняў сігнал. І гэта не прымроілася, хоць у такое і цяжка было паверыць. Як? Якім чынам з будучыні ў глыбіню стагоддзяў магло прабіцца чыёсьці паведамленне?! Ён выхапіў мабільнік з кішэні і прачытаў SMSку, і ўжо не мог стрымаць сваёй радасці.
— Мяне адсюль выцягнуць! Мяне выцягнуць! — крычаў Арцём.
А Лянок надзвычай спалохаўся. Разам з тым з цікавасцю пазіраў на мабільнік. І Арцём патлумачыў яму:
— Гэта мабільны тэлефон. Прылада для сувязі. Тут, у вас, калі трэба звязацца з кімсьці з суседняга селішча, ганца туды пасылаюць, праўда? Ці самі ідуць. А ў нас там па тэлефоне звязваюцца. Вось бачыш, са мною звязаліся сябры. SMSку мне прыслалі, іншымі словамі, паведамленне, — і тут жа задумаўся, а ці вызначыць дакладна ён сам тое месца, куды перамясціўся? Здаецца, сядзеў пасярэдзіне пячоры? Але ён можа і памыляцца, тое памяшканне было даволі вялікім і цемнаватым. І Арцём запытаўся ў Лянка:
— Ты добра памятаеш месца, куды я злез, як ты сказаў з зялёнага промня? Толькі адтуль я змагу вярнуцца назад. Пакажаш мне яго?
І Лянок адказаў адразу:
— Паказаў бы! Усё адбылося недалёка ад уваходу ў жытло. Але ж мы тут можам праседзець немаведама колькі часу. Можа, пра нас і забыліся ўжо.
— Дык мы зараз пастукаем у сцяну, тут жа дошкі. Нас пачуюць, — сказаў Арцём і падняўся. Яму хацелася як мага хутчэй выйсці з каморы.
— Чакай, сядзь, — папрасіў Лянок. — Спачатку раскажы мне пра тую расліну, з якой вырабляецца адзенне. Можа, яна і ў нас тут ёсць, толькі ніхто пра гэта не ведае, што яна расліна не простая.
Арцём сеў, задумаўся і міжволі пашкадаваў, што сам ніколі не бачыў ільну на палетках, ён — дзіця горада, асфальту і бетону. Толькі ў кніжках даводзілася чытаць пра лён. І ён расказаў Лянку тое, што ведаў.
— Расліна высакаватая, думаю, мне па лытку будзе. Лісце дробненькае. Кветкі таксама дробныя, блакітнага колеру. Калі лён зацвітае, у нас там кажуць, што нібыта мора наўкол разліваецца.
— Раслін з блакітнымі кветкамі ў нас тут многа, — уздыхнуў Лянок. — Як дазнаюся, што гэта менавіта тая расліна?
У гэты момант за невялікімі дзверцамі пачуліся крокі. Арцём і Лянок міжволі сцішыліся. Дзверцы расчыніліся, і ў камору зазірнуў Янук.
— Гэ-эй, чужаніца, выходзь хутчэй! — гучна загадаў ён. — А ты, Лён, заставайся ў каморы. З табою Кудла пасля разбірацца будзе.
— Ідзі, — падштурхнуў Арцёма Лянок. — Помні пра месца, яно недалёка ад уваходу.
І Арцём у адказ дакрануўся да яго пляча. Гэта было знакам развітання.
— Ты нас падмануў, — сказаў Янук, як толькі Арцём выйшаў з каморы. — Кудла думала, што чапляеш ёй на руку ўпрыгажэнне. А гэта штось іншае, яно жывое. Зараз сам усё пабачыш.
Яны прайшлі праз нейкі завалены розным рыззём закуток і выйшлі ў тое прасторнае памяшканне, куды перамясціўся Арцём са сваёй мінскай кватэры. Кудла сядзела за сталом, руку з гадзіннікам трымала на адлегласці і, як толькі пабачыла Арцёма, ускочыла, затрэсла рукою, закрычала:
— Здымай хутчэй! Здымай! Яно жывое, там нешта рухаецца! «Стрэлак спалохалася», — здагадаўся Арцём, і яму адразу падумалася, што ён можа скарыстаць гэтую сітуацыю, таму і сказаў Кудле:
— Я здыму, але спачатку хай ён, — паглядзеў на Янука, — пакажа мне тое месца, куды я апусціўся з зялёнага промня.
— Ён пакажа, — запэўніла Кудла і тут жа загадала. — Янук, пакажы! А ты здымай, хутчэй здымай! Яно рухаецца, і рухаецца ў сярэдзіне бяльма гэтага!
Кудла з бояззю пазірала на гадзіннік. Янук адышоў бліжэй да выхаду з пячоры, паўглядаўся ў падлогу, потым сказаў:
— Ты спачатку непрытомны ляжаў потым сеў, — і зараз жа запытаўся з хітрынкаю ў позірку: — А для чаго табе трэба гэтае месца ведаць?
Арцём ужо зняў гадзіннік з рукі Кудлы, пачапіў яго на сваю руку і цяпер уважліва сачыў за Януком. Гэтае пытанне міжволі насцярожыла яго: «А раптам возьме і не пакажа тое месца?» І тут прыйшла нечаканая думка, якую Арцём і выказаў услых: