Выбрать главу

І я сапраўды праз некаторы час атрымаў яе, але цяпер распавяду пра іншае.

Цудоўны, амаль зямны хлопчык

Доктар Савіч ужо чакаў мяне. Я яшчэ не паспеў разлічыцца з таксістам, як ён ужо падхапіў маю дарожную сумку і зашаптаў мне на вуха:

— Абавязкова скажы Мыму, што ён цудоўны! Дарэчы, гэта мы назвалі яго Мымам. А ён на самой справе не Мым, а Мыквік.

І вось ужо мы ідзём з доктарам па амаль начной лугавіне. Ногі ахутвае лёгкі туман, а вочы цешаць ярка-асветленыя вокны доктаравай двухпавярховай будыніны, настолькі старон, што яна ўжо даўно глядзіцца сапраўдным рарытэтам. Хочацца хутчэй адчуць яе цяпло, але ў нейкае імгненне я насцярожыўся. На ганку мільгнуў нечы лёгкі цень, зарыпелі і зачыніліся дзверы...

— Бельгійцы праз некалькі тыдняў ляцяць да Вег, ты ведаеш? — нечакана сказаў доктар. — Гэта ж трэба, колькі было памылковых гіпотэз! Стагоддзі чалавецтва думала, што вакол Вегі толькі пачынаецца працэс фарміравання планетнай сістэмы. А сістэма даўно сфарміравалася. Абалонка вакол яе нішто іншае, як ланцужок планет і астэроідаў. Не пяць, не дзесяць, а сапраўднае скопішча!

— Гэта ж, здаецца, дзесьці адтуль саксонец прывёз Мыма, — зазначыў я.

— Не Мыма, а Мыквіка, я ж табе сказаў. Буду прасіць бельгійцаў, каб узялі яго з сабою. А раптам хлопец патрапіць на сваю планету!

Я запытальна паглядзеў на доктара. Хм-м, хлопец! Ганс, помніцца, пра яго сказаў: «Экзэмпляр незямнога жыцця!» Але ўслых я прамовіў зусім іншае:

— Як ты з ім паразумеўся?

— Праз камп'ютэр. Аказалася, што ў сусветным слоўніку ёсць і яго мова. Ён нашчадак вельмі старажытнай іншапланетнай цывілізацыі. — Доктар хутка ўзбег на ганак і, адчыняючы дзверы, гукнуў: — Мыквік!

І як толькі Мым, дакладней Мыквік, выйшаў да нас, я не мог не адзначыць, што выраз ягонага твару стаў яшчэ больш прыязным. Вочы ззялі цікаўнасцю і такой цеплынёй, што мне адразу ж згадалася просьба доктара сказаць яму штосьці прыемнае, што я і зрабіў.

— О-о, які цудоўны, амаль зямны хлопчык! А мы ужо, здаецца, знаёмыя. Ты пазнаў мяне?

Безумоўна ж, Мыквік нічога не зразумеў з маіх слоў, ва усякім выпадку так я думаў, але інтанацыю майго голасу ён, відаць, дакладна ўлавіў, таму што засаромеўся, як дзяўчынка, нават пачырванеў і, апусціўшы галаву, адвярнуўся. Я, напэўна, быў бы менш здзіўлены, калі б раптам пабачыў перад сабою тут, на доктаравай сядзібе, зялёнага Дрэйка. Майму здзіўленню не было межаў. Я не пабачыў другога аблічча Мыквіка, поўнага ваяўнічасці і нечалавечага гневу. Яно, сапраўды, як раней і сказаў доктар, нібыта сцерлася. Замест жудаснага аблічча былі доўгія пышныя валасы, сабраныя ў хвосцік. «А можа, гэта звычайны парык, — мільганула думка, — і пад ім хаваецца тое не для чалавечых вачэй аблічча?»

— Ты пераканаўся? — звярнуўся да мяне Савіч. — Амаль цудоўны зямны хлопчык! — і кіўнуў Мыквіку. — Наш батанік з табою прывітаўся, і цяпер ты ідзі да сябе наверх. А мы з батанікам трошкі яшчэ пасядзім каля тэлевізара...

І калі мы ўвайшлі ў гасцёўню, Мыквік адразу ж пакінуў нас, нейкім чынам зразумеўшы тое, што яму сказаў доктар, а мы селі да тэлевізара, дзе ўсё яшчэ з кароткімі перапынкамі ішла трансляцыя з Месяца.

— Дзесьці там і наш саксонец, — доктар прапанаваў мне каву і падсунуў бліжэй да мяне сваё крэсла. — Ты з ім ужо звязаўся?

— Вядома, але хопіць, Савіч, — абарваў я яго. — Не хітруй, у Мыквіка на галаве парык?

Доктар пакруціў галавою, хмыкнуў:

— Аднак ты мяне здзіўляеш! Ён жа не зямны, а амаль зямны хлопчык! У яго энергетыка незямная. Аднойчы ён зрабіў такія высілкі, такое намаганне, што парушыў свой генетычны склад, сваю генетычную схему. А цяпер... Цяпер толькі тое і зрабіў, што аднавіў яе.

«А ці ўсё добра з доктарам Савічам?» — міжволі падумаў я, але ўслых сказаў яму іншае:

— Наколькі я зразумеў, пры нейкіх абставінах Мыквік змог парушыць сваю генетыку і ў яго ззаду на галаве з'явілася жудаснае аблічча, дык ён свой генетычны склад можа парушыць яшчэ раз. І да нас з твайго другога паверха спусціцца не цудоўны, амаль зямны хлопчык, а, скажам, дыназаўр!

— Ты кепска жартуеш, Сымон, — сказаў доктар Савіч. — Ты ўжо чуў, што ён належыць да вельмі старажытнай іншапланетнай цывілізацыі. Я магу табе расказаць, што з ім здарылася там, у сістэме зоркі Вегі, адкуль яго прывёз саксонец.

Мне засталося толькі кіўнуць галавой у знак згоды, маўляў, расказвай, і тое, што я пачуў, захапіла і ўразіла мяне.

Планета, на якой жыў Мыквік, існавала мільярды і мільярды гадоў, пакуль, нарэшце, не здарылася тое, што можа здарыцца з планетай у любой зоркавай сістэме. Яе прыродныя рэсурсы вычарпаліся, жыць на ёй стала цяжка, і пачаўся пошук іншага месца для жыцця. Ён працягваўся датуль, пакуль жыхары той планеты не натрапілі на астэроід, у нетрах якога было шмат нафты. З гэтым радасным паведамленнем на планету вярнулася першая экспедыцыя, а вось другую напаткала няўдача. На караблі, які трымаў курс да таго астэроіда, распаўсюдзілася невядомая касмічная інфекцыя. Члены экіпажа пачалі гінуць адзін за адным, і ніякага паратунку не знаходзілася. Лекі, што былі на караблі, не дапамагалі. І калі нарэшце ён быў пасаджаны на паверхню астэроіда, на ім заставаўся цяжка хворы пілот і Мыквік. Ён быў сынам пілота. І праз колькі часу яму давялося пахаваць бацьку.