Выбрать главу

«І чаго ён так расхваляваўся? — думаў я. — Што можа здарыцца з дыскам? Арцём пасля ўсяго, што з ім адбылося, можа, яшчэ дасюль прыходзіць у сябе альбо адсыпаецца, як гэта бывае пасля моцнага стрэсу». Я надзіва быў спакойны ў тую хвіліну, але, як паказалі далейшыя падзеі, мне трэба было трывожыцца.

Насенне лёну для Лянка

Ужо хвілін дваццаць я стаяў ля дзвярэй Арцёмавай кватэры і раз-пораз націскаў на кнопку званка. Міжволі пачаў нервавацца: быў бы Арцём дома, ужо даўно адчыніў бы. Можа, з Алікам паехалі на касмадром за Раўбічы?! Яны любілі распытваць астранаўтаў, якія вярталіся з далёкіх падарожжаў, і тыя ахвотна расказвалі ім пра свае палёты. «Не, на касмадром наўрад ці яны паехалі, — думаў я, — у маршрутным раскладзе на сёння няма прызямлення. А раптам? Раптам падлеткі ўзялі дыск і пайшлі да каго-небудзь з сяброў, каб прадэманстраваць, якім дзівам яны валодаюць?» Ад гэтай думкі стала горача. Я яшчэ раз націснуў на кнопку званка, і тут дзверы адчыніліся. Я пабачыў перад сабою Натку. Яна відавочна стушавалася, адвяла позірк, быццам знячэўку яе заспелі за чымсьці непрыглядным.

— А-а? Гэта вы? Арцём і казаў, што можаце заехаць.

— А дзе ён сам?

Замест адказу дзяўчынка запрасіла мяне прайсці ў кватэру, дзе ў Арцёмавым пакоі я пабачыў Аліка. Ён стаяў ля акварыума і карміў залатых рыбак. На маё прывітанне адказаў, не паднімаючы вачэй, і выгляд у яго быў збянтэжаны.

— Ну, дык дзе ж Арцём? — я павярнуўся да Наты, якая паспела ўжо сесці на канапу і штосьці засяроджана адкалупвала пальцам з маленькай скураной падушачкі, што ляжала на канапе.

— Вы, напэўна, прыйшлі, каб забраць дыск, — нарэшце сказала дзяўчынка, але позірку не падняла. — Давядзецца пачакаць. Вы сядайце, — і, зірнуўшы на Аліка, дадала: — Арцём сёння раніцай купіў насенне лёну. Здаецца, ажно цэлы кілаграм.

І я пра ўсё здагадаўся: Арцём — зноў у той пячоры, у мінулым. Ён вырашыў скарыстаць дыск, цяпер ужо наўмысна, каб перадаць насенне лёну Лянку. Які адчайны ўчынак! А раптам штосьці не спрацуе? Гэты дыск — вынаходніцтва чужога незямнога розуму і толькі той, чужы незямны розум, усё ведае пра яго. Тут не проста рызыка, гэта — небяспека!

— Ды вы не хвалюйцеся, — Ната быццам прачытала мае думкі. — Усё было, як і ў мінулы раз: тая ж пячора, тыя ж самыя людзі ў шкурах. У нас дамоўленасць з Арцёмам. Ён ужо з паўгадзіны там. Праз гадзіну нам трэба ўстаўляць дыск у CD‑ROM.

— А?.. А?.. А?.. — у маёй галаве круцілася шмат пытанняў. — А вы не падумалі пра тое, што абласакар, ну... тэлепартацыя можа быць абмежаванай. Скажам, туды і назад, а потым — толькі туды!

Алік перастаў карміць рыбак. Я бачыў, што ён захваляваўся, але голасам гэтага не паказаў:

— Мы пра гэта не падумалі, і вы не думайце. Арцёму і SMSку не трэба пасылаць. Ён узяў з сабою крэйду, каб дакладна пазначыць тое месца, куды апусціцца.

— А яшчэ ліхтарык[15] узяў, — бадзёра дадала да Алікавых слоў Натка, але на яе твары чыталася трывога. — Ліхтарык ён хоча падарыць Лянку. А калі раптам там здарыцца штосьці небяспечнае, ён яшчэ і газавы балончык з сабою прыхапіў. Будзе бараніцца.

«Ага-а, у стагоддзе, дзе яшчэ не скінулі шкуры, з газавым балончыкам, — думаў я. — Што заўгодна там можа адбыцца!» І я сеў побач з Наткай. Алік таксама падышоў да нас, апусціўся ў крэсла, што стаяла побач з канапай, і сказаў:

— Гэта была Арцёмава ідэя: з будучыні перадаць насенне ў мінулае. І ён гэта зробіць, калі цяпер лён называецца імем таго, каму Арцём хоча перадаць насенне. Таго ж хлопца ў шкуры з доўгімі валасамі звалі Лянок.

— Ну, канечне ж, — сказаў я. — Арцём перадасць насенне, калі ўжо ён перамясціўся туды, у тую пячору, але, каб з лёну вырабіць тканіну, трэба ведаць, як яго апрацоўваць. Існуе спецыяльная тэхналогія.

— Не хвалюйцеся, — Натка падхапілася з канапы, хутка падышла да стала і зашамацела нейкімі паперамі, раскладзенымі на ім. — Вось глядзіце, Арцём усё прадугледзеў. — Яна ўзяла ў рукі аркуш, амаль ватман, і пачала чытаць. — Валакно гэтай расліны служыла асноўнай сыравінай для вырабу тканін. Для атрымання валакна саломку лёну рассцілалі на лузе, альбо на пожні, звычайна ў канцы жніўня ў час вялікіх рос. Потым яе замочвалі, сушылі, мялі церніцай, трапалі траплом, часалі грэбенем. Атрыманую кудзелю пралі пры дапамозе прасніцы і верацяна ці на калаўроце. — Натка паглядзела на мяне, маўляў, ну што, чулі? І сказала. — Гэта ўсё Арцём выпісаў з этнаграфічнай энцыклапедыі. Ксеракопію ўзяў з сабою, будзе Лянку ўсё гэта тлумачыць. Тут на стале і шмат самых розных чарцяжоў ляжыць. Зірніце...

вернуться

15

Некалькі гадоў таму назад археолагі пры раскопках адной са стаянак першабытных людзей сярод рэчаў хатняга ўжытку знайшлі выключна незразумелую рэч, якая чымсьці нагадвала сучасны ліхтарык. Тая рэч засталася загадкай. А раптам гэта і на самай справе быў ліхтарык, які Арцём падарыў Лянку?!