Выбрать главу

«Вось дык Арцём! — думаў я. — І калі толькі паспеў збегаць у бібліятэку! Наўрад ці ў яго дома была этнаграфічная энцыклапедыя. Пасля наведвання Зямлі-2 ён толькі і жыў марамі пра падарожжы да далёкіх планет, а тут аказваецца, што веданне этнаграфіі роднага краю справа далёка не апошняя. Цікава, што ж там за чарцяжы ў яго?!» І я падняўся з канапы, падышоў да стала, узяў у рукі адзін аркуш паперы, другі... І міжволі ацаніў Арцёмавы старанні. З цікавасцю разглядаў кросны з падрабязным апісаннем бёрдаў, нітоў, асновы, панажоў... Тут жа былі чарцяжы, апісанне і малюнкі церніцы, трапла, грэбеня, верацяна. І ўсё было зроблена надзвычай дэталёва. Я міжволі згадаў ступу, якую пабачыў у тым жытле, калі ўчора пачалі мільгаць кадры на дысплеі, перад з'яўленнем зялёнага шланга. Несумненна, там, у тым далёкім мінулым стагоддзі ёсць майстры. І калі яны змаглі зрабіць ступу, то яны змайструюць і кросны, і церніцу, маючы наглядныя дапаможнікі, якія Арцём перадасць Лянку. Напэўна, перадаў ужо! І я зірнуў на гадзіннік. Алік заўважыў гэты мой позірк і заспакоіў:

— Не бойцеся, яшчэ Арцёма выцягваць рана. Я сачу за гадзіннікам.

— І я таксама сачу, — адгукнулася Ната. — Ён яшчэ будзе там цэлых трыццаць пяць хвілін. — І тут жа звярнулася да мяне, складваючы аркушы паперы на стале ў роўненькі стосік. — Можа, вас гарбатай пачаставаць?

І, калі я адмовіўся ад гарбаты, Алік згадаў Ганса Мюлера.

— Вы да яго датэлефанаваліся на Месяц?

— Яшчэ ўчора, — адказаў я і дадаў: — Вы надзвычай цікавую трансляцыю з Месяца прапусцілі. Там усё абышлося, ніякай пасткі для зямлян не было.

— А што было? — адразу ж пацікавілася Натка. — Саксонец вам, напэўна, штосьці расказваў.

І я зразумеў, што давядзецца расказаць падлеткам тое, што я пачуў ад саксонца. Адно, ці павераць яны ў праўдзівасць майго расповеду?

Чыставуст каралеўскі

Тое, пра што я пачаў расказваць, канечне ж, са слоў саксонца, адбылося на зусім маленечкай планеце і, напэўна, у нашай галактыцы, мяркуючы па тым, што невядомы касмічны карабель зрабіў пасадку на Месяцы.

На той планеце было ўсяго толькі адно каралеўства з жыхарамі і, вядома, з каралём. У караля была дачка — прынцэса прыгажосці незвычайнай, але наколькі яна была прыгожай, настолькі і зласлівай, з халодным сэрцам і не надта вялікага розуму. Прынцэсе ўсё было не даспадобы і толькі на маладога рэферэнта караля яна звяртала сваю ўвагу. Больш таго, захаплялася ім. Ён валодаў аратарскім майстэрствам, яго гаворка была поўная далікатных і ўзвышаных слоў, таму кароль толькі яму аднаму даручаў зачытваць ягоныя загады і распараджэнні, і нават рабіць прамовы ад яго імя. І ён гэта рабіў настолькі бездакорна, вытанчана і пераканаўча, што ўсе называлі яго Чыставустам каралеўскім, а сапраўднага яго імя ніхто і не ведаў.

Жыхары той планеты былі істотамі вельмі разумнымі. Іхнія таленты і працавітасць дазволілі ім пабудаваць цудоўныя гарады і ва ўсім дасягнуць такога росквіту, калі жыццё здаецца нічым іншым, як раем. Кароль таго каралеўства вельмі любіў на сваім зоркалёце вандраваць па шматлікіх касмічных трасах, а прынцэса любіла слухаць Чыставуста. І паколькі яна сама ўжывала пераважна грубыя, нетактоўныя словы, падчас размоў з ім яна найчасцей маўчала. У яе выглядзе з'яўлялася штосьці накшталт мілай сарамлівасці, той сціпласці і цнатлівасці, якія надзвычай падабаюцца маладым людзям. Рэферэнт лічыў яе анёлам, што спусціўся з вышыняў Сусвету, каб дарыць яму хвіліны замілавання і шчасця.

Пра гэтую захопленасць Чыставуста прынцэсай шмат хто ведаў у каралеўстве. Толькі не маглі зразумець, як ён не бачыць, што яна зусім не такая, якой прыкідваецца. Таму аднойчы, калі прынцэса ў каралеўскім садзе накінулася на садоўніка з жахлівым крыкам з-за таго, што ён не паспеў падстрыгчы кусты нейкіх дзівосных кветак пад яе акном, хтосьці з акружэння караля сказаў Чыставусту:

— Ты абагаўляеш прынцэсу, ты лічыш яе чароўнай маўклівіцай, трапятлівай маўчухай, але ты памыляешся. Выйдзі ў сад і ты пабачыш, якая яна на самой справе.

І малады рэферэнт — Чыставуст каралеўскі выйшаў у сад...

Магчыма, ён быў надзвычай уражлівы, а, можа, быў і сапраўды вельмі і вельмі закаханы ў прынцэсу, таму што, як толькі ён пачуў тыя словы, якія зляталі з яе вуснаў, ён... ён у адно імгненне адзеравянеў. Яго прыродная вытанчанасць, відаць, не дазволіла яму стаць магутным дрэвам, і ён стаў адраўнелай папараццю. Пасля гэтых слоў я зрабіў паўзу, і Натка адразу ж запыталася:

— Ну, а што прынцэса?

— А як ты думаеш, Ната? Пасля ўсяго, што здарылася, яна ўзненавідзела выключна ўсё, што расло на той планеце. А яшчэ і звяроў, і птушак, таму што нават птушкі пераставалі спяваць, калі надаралася ім чуць Чыставуста каралеўскага.