Мой адказ не ўразіў дзяўчынку, больш таго, яна скептычна пасміхнулася і сказала:
— Я так і думала, што прынцэса ўсё ўзненавідзіць. Ваш расповед — самая сапраўдная казка, вельмі падобная да зямных. Нічога касмічнага ў ёй няма. У саксонца, відаць, на Месяцы было шмат вольнага часу і ён гэта ўсё прыдумаў.
— Э-э, не скажы, — запярэчыў я. — Ты даслухай да канца. — І я павёў далей свой расповед.
Тая планета была маленькая, але на ёй можна было шмат чаму падзівіцца. Справа ў тым, што паралельна з жыхарамі планеты на ёй жылі эльфы — вельмі жыццярадасныя, добразычлівыя да ўсяго духі прыроды. І ў іх таксама, як і ў жыхароў той планеты, было там сваё каралеўства, свае паветраныя гарады і самыя сапраўдныя зоркалёты.
Эльфы бачылі, як прынцэса стала глуміцца над дрэвамі і над кустамі, — яна ламала, здзірала з іх кару, секла іх і найбольш здзекавалася з Чыставуста каралеўскага. Адраўнелая папараць пачала засыхаць. А яшчэ прынцэса паўсюдна ставіла пасткі на звяроў і на птушак. Іх усё менела і менела. Сэрцы эльфаў проста разрываліся ад жалю. Усё, што было іхнім чароўным светам, гінула на вачах. І яны вырашылі ўратаваць гэты свой свет, вывезці дрэвы і кусты, а таксама звяроў і птушак на нейкую іншую планету. Што яны і зрабілі. Яны загрузілі ўсё, што ім было дорага, у зоркалёт, вядома, і Чыставуста каралеўскага таксама. І адны эльфы паляцелі ў зоркалёце ў напрамку Месяца, каб там зрабіць часовую пасадку, а другія ў больш лёгкай талерачцы пачалі расшукваць у Галактыцы найбольш прыдатную планету для свайго далейшага жыцця. І, напэўна, знайшлі, таму што прыляцелі на Месяц, паднялі свой грувасткі зоркалёт, стыкаваліся з ім і ўсё, што там было, перамясцілі на талерачку. А зоркалёт пакінулі. Ён для іх быў напэўна, залішне вялікім.
— Чаму вы не адказваеце? — пасля гэтых маіх слоў запытаўся Алік. — У вас жа проста разрываецца мабільнік!
Ён сапраўды разрываўся, і гэта быў доктар Савіч. Напэўна, яму карцела хутчэй дазнацца, ці забраў я ў Арцёма дыск? А што я мог адказаць яму? Тое, што Арцём зноў у мінулым і я чакаю, каб ужо праз некалькі хвілін выцягнуць яго адтуль? Сказаць такое — значыцца прымусіць доктара хвалявацца! Не-е, трэба сказаць, што дыск ужо ў мяне. Але ж пры падлетках такога не скажаш, і я вырашыў выйсці ў суседні пакой.
— Я на хвілінку, — сказаў Аліку і Натцы. — Гэта доктар Савіч. У нас важная размова.
І ўжо там, у другім пакоі, набраў доктараў нумар і адразу ж заспакоіў яго:
— Я яшчэ ў Арцёма, але хутка буду выязджаць. Дыск у мяне! У доктара змяніўся голас і ён радасна паведаміў што да яго прыехаў Антон, наш камандзір, каб паглядзець на Мыквіка, таму што, як і я, не паверыў, што яго жахлівае аблічча знікла. А яшчэ Антон сказаў доктару, што карпарацыя з Жодзіна[16] па вытворчасці зоркалётаў прапанавала нашай Асацыяцыі ажно тры новенькія караблі, і адзін з іх збіраюцца перадаць нам.
— Рыхтуйся да чарговага падарожжа, — сказаў доктар Савіч. — Думаю, дзесьці праз нейкіх паўгода зможам на суперталерцы паляцець да Вегі. Цяпер пераконваю Антона, што трэба, нарэшце, і нам, беларусам, пазнаёміцца з тым мноствам планет...
У гэты момант у суседнім пакоі пачуўся трывожны Натчын крык: «Арцём! Арцём!» І я паспяшаўся развітацца з доктарам Савічам. І як толькі — не ўвайшоў, а літаральна ўбег у Арцёмаў пакой, пабачыў што Арцём сядзіць на падлозе. Ён увесь скурчыўся, ці то ад перапуду, ці то ад болю, але пабачыў мяне і заўсміхаўся. Мне здалося, што цераз сілу.
— Стукнуўся каленам аб падлогу, — сказаў ён. — Шланг выкінуў мяне на шафу і я адразу ж зваліўся з яе.
Я бачыў, што Арцём расцірае калена, і кінуўся да яго, аднак паспеў заўважыць, што на дысплеі яшчэ свеціцца зялёная іскрынка — ледзь заўважны след ад шланга.
— Мы не сталі вас чакаць, — пачаў тлумачыць Алік. — Ужо трэба было выцягваць Арцёма, і я ўставіў дыск у CD-ROM. І ўсё паўтарылася, як і ў мінулы раз...
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант пачуўся даволі гучны трэск, быццам штосьці надламалася ў камп'ютэры, і ў тое ж імгненне на дысплеі з'явілася постаць зялёнага Дрэйка. Мне здалося, што яго позірк працяў мяне, а вочы, што нагадвалі дзве масліны, свяціліся такой глыбінёй, быццам яны ўвабралі ў сябе ўсю неабсяжнасць Сусвету. І зараз жа пачуўся яго голас. Дрэйк прамовіў выключна пяць слоў на сваёй пурнаскай мове і знік з экрана. Камп'ютэр сам па сабе адключыўся.
— Вы бачылі! Бачылі? — закрычала Натка. — Гэта быў зялёны Дрэйк?! Ага‑а?! Дрэйк?