Выбрать главу

— Доктар Савіч, ты мяне напалохаў — прашаптаў я, і ў маім голасе чуўся калі не перапуд, дык вялікае здзіўленне. Але прывід доктара Савіча як з'явіўся, так і расплыўся ў паветры. У галаве закруцілася думка: «Гэта — трызненне! Я трызню!» І раптам мяне ўсяго скаланула, па целе прабегла сутарга, нейкая сіла падняла мяне ўверх і апусціла назад у крэсла, пасля чаго я адчуў палёгку. Жыццёвыя сілы вярталіся да мяне, і я хутка ўскочыў з крэсла. Падумалася, што трэба зараз жа падключыцца да стымулятараў, але тут зноў пачуўся Антонаў голас:

— Батаніка, лабаранта і астрафізіка тэрмінова прашу да сябе ў адсек. Бортмеханіку загадваю падрыхтаваць зонд для вывучэння паверхні.

«Няўжо мы ўжо знаходзімся над Цэнтаўрай? — мільганула думка, і я зірнуў на экран знешняга назірання. Ён па-ранейшаму быў цёмны. — Ну, што ж? Трэба ісці да Антона!»

І як толькі я выйшаў з адсека ў доўгі вузкі калідор, адразу пабачыў нашага астрафізіка.

— Як ты? — запытаўся ён. — Мы патрапілі ў нейкую касмічную калдобіну. Падлятаем да аднаго са спадарожнікаў Цэнтаўры. Я ўжо бачыў яго на экране ў Антона. Мой не працуе. Самаблакіроўка.

— У мяне тое самае, — махнуў я рукою і пацікавіўся: — Ну, а што спадарожнік?

— Па памерах амаль як Цэнтаўра, а па форме — самая сапраўдная бульбіна. Зараз сам пабачыш...

Астрафізік хацеў яшчэ штосьці сказаць, але ў гэты момант карабель трасянуўся ўсім сваім шматтонным корпусам, і мы не ўтрымаліся на нагах — пападалі на падлогу. Чулася, як у адсеках штосьці рушылася, грукацела, звінела. Калі б мы былі ў гэты момант на зямным моры, можна было падумаць, што пачаўся страшнай сілы ўраган. Але мы былі ў космасе, і тут магло быць адно: катастрофа! Мы церпім катастрофу! Ва ўсякім разе, гэтак думалася мне, і я чакаў, што вось-вось карабель распадзецца на часткі. Яго трэсла, кідала з боку на бок, і мы з астрафізікам лёталі ад сцяны да сцяны.

— Рухаемся па спіралі, ты адчуваеш?! — ледзь не ў самае вуха пракрычаў мне астрафізік, і яго кінула да сцяны. Я тут жа зваліўся на яго, і ён зноў крыкнуў: — Чуеш мяне? Нас зацягнула ў касмічны віхор!

Я чуў астрафізіка, але ў гэты момант яго зноў адкінула ўбок, а на мяне наязджала вялізная скрыня, якая немаведама адкуль узялася ў гэтай частцы карабля. І ў тое ж імгненне я страціў прытомнасць...

Калі апрытомнеў, пазнаў свой адсек. Я ляжаў у раскладзеным крэсле-ложку, і мая рука адчувала цяпло пальцаў доктара Савіча. Ён намацваў мой пульс. А я паглядзеў на экран знешняга назірання. Ён зноў працаваў. І тут я міжволі прыўзняўся... Ад таго, што пабачыў, у мяне перахапіла дыханне. На экране быў гай маладога бярэзніку. І частка паверхні, трэба думаць, таго спадарожніка Цэнтаўры, пра які мне сказаў астрафізік, нагадвала лагчыну, дзе паўсюль ружовым покрывам слаўся верас і зелянела трава ўся ў расе...

— Што з маім экранам?! Доктар Савіч, даражэнькі, я не веру сваім вачам — бярозы, верас, трава... Я быў непрытомны, ага-а? Але нешта такое круцілася ў галаве вельмі цьмяна: узлесак, дрэвы, магчыма, там рос і верас. І вось цяпер яны тут, на экране. Мы ўжо на спадарожніку Цэнтаўры? Слухай, доктар, на ім ёсць жыццё?

— Наконт жыцця не ведаю, — паціснуў плячыма доктар Савіч. — Гуманоідаў ніхто на сваіх экранах не бачыў, а вось раслінны свет ідэнтычны з зямным. Праўда, на паверхню ніхто не спускаўся. А ты яшчэ, бачу, як след не ачуняў. Табе трызняцца бярозы...

— Трызняцца? Ніякага трызнення ў мяне няма!

— Магчыма, магчыма, — усё роўна як сам сабе прамармытаў доктар і тут жа засмяяўся: — На тваім экране — рачулка, Сымон. Яна мне нагадвае Нёманец, на беразе якога я калісьці вырас.

Я не ведаў, што адказваць доктару, хутка падняўся і стаў насупраць экрана, дзе па-ранейшаму трапяталі сваім тонкім веццем бярозы. Павярнуўся да доктара Савіча і нічога не паспеў яму сказаць, таму што дзверы адсека расчыніліся і на парозе з'явіўся Антон.

— О-о, ты, гляджу, ужо ў норме, — звярнуўся ён да мяне. — Трэба ж, якая трасучка была! Дзякуй Богу, удала селі... Як толькі апусцяцца прыцемкі, зможам паназіраць адсюль за Цэнтаўрай.

— Хто-небудзь будзе спускацца на паверхню? — запытаўся ў Антона доктар Савіч.

— Я спушчуся, вазьму пробы грунту. І вось, чаго я прыйшоў, — Антон паглядзеў на мяне. — Ты казаў, што ўзяў з сабою дзве бульбіны.

— Узяў! — адказаў я. — Іх перад самым нашым адлётам дала мне мая пляменніца. Заехаў да брата развітацца, а яна іх якраз выбрала з каша для нейкага школьнага конкурсу. Бульбіны — во-о, як тры кулакі разам! Такія не часта сустрэнеш. Гатункі розныя: «Адрэта» і «Скарб». Пляменніца папрасіла, каб пасадзіў іх на Цэнтаўры.