— Хм-м, мы яшчэ не ведаем, што нас там чакае, — сказаў Антон. — А тут, на гэтым яе спадарожніку... Мы ўжо зрабілі замеры паветра. Яно нічым не адрозніваецца ад зямнога. І ўвогуле, вунь на тваім экране, якое возера! Выключна наш краявід! Дзе-небудзь паблізу яго і пасаджу твае бульбіны. Сюды, напэўна, нехта прылятае. Мы селі на такую роўненькую пляцоўку, і яна тут не адна. Бульба, вядома ж, узыдзе. Там, дзе пасаджу, пакіну дошчачку: «Бульба беларуская. Тут былі беларусы».
Я слухаў Антона, а думкі мае круціліся вакол аднаго: «Ён сказаў, што на маім экране — возера. Я ж бачу на ім бярозавы гай, а доктар Савіч — рачулку, якая нагадвае яму Нёманец. Такога не можа быць, каб кожны з нас бачыў нейкую сваю карцінку. Значыцца... Значыцца, на гэтым спадарожніку Цэнтаўры мы можам сутыкнуцца з самымі рознымі нечаканасцямі».
Мне схацелася спусціцца на яго паверхню, і я сказаў Антону:
— У прынцыпе, я згодны, што бульбіны лепш пасадзіць тут. Але хацелася б гэта зрабіць самому. Усё ж пляменніца прасіла мяне, я і павінен выканаць яе просьбу.
— А што скажа доктар? — пасміхнуўся Антон. — Ён табе дазволіць выйсці з карабля? — і паглядзеў запытальна на Савіча.
— Дазволіць, дазволіць, — за доктара адказаў я, і Савічу толькі засталося кіўнуць галавой, маўляў, у мяне наконт гэтага ніякіх пярэчанняў няма.
— Тады рыхтуй спецадзенне, — сказаў Антон. — У цябе ёсць адна гадзіна. Нам трэба спусціцца на паверхню да прыцемкаў.
І калі Антон пакінуў адсек, доктар Савіч устрывожана паглядзеў на мяне.
— Ты чуў? — запытаўся ён. — Антон пабачыў на тваім экране возера, а на ім жа толькі невялікая рачулка...
— Ніякай рачулкі, доктар! На ім — бярозавы гай, вось таму я і хачу спусціцца на паверхню. Тут нас могуць падсцерагаць самыя неверагодныя сюрпрызы.
Гэтак яно і здарылася. У чым мы з Антонам пераканаліся, як толькі сышлі з трапа на паверхню спадарожніка Цэнтаўры.
3
Антон спускаўся ўніз па трапе першым. Я ішоў следам, ледзь не дыхаючы яму ў патыліцу, і азіраў наваколле чужога свету. Яно добра праглядвалася са сходняў. Наўкол, як зірнуць, ляжала раўніна, дзе ўсімі колерамі вясёлкі стракацелі незнаёмыя кветкі. «Ну, а дзе ж той бярозавы гай, які бачыў я на экране? — само сабою ўзнікала пытанне. — Можа, ён па другі бок карабля?» Я намацаў бульбіны ў кішэні камбінезона і пашкадаваў, што не ўзяў з сабою сцізорыка, каб разрэзаць іх на палавінкі. Тады тут вырасла б не два, а чатыры бульбяныя корчыкі. І мне раптам стала сумна да слёз. «А калі ніхто не прыляціць на гэты спадарожнік Цэнтаўры, што стане з бульбаю?! Але ж, калі нават і прыляціць нехта, ці заўважаць істоты з чужога незямнога свету яе сярод гэтых кветак? Ці здагадаюцца выкапаць?! Божа, якое наіўнае жаданне зямной дзяўчынкі!» Я і сам выглядаў наіўным дзіваком, таму што пагадзіўся яго выканаць. І мне міжволі згадалася пляменніца там, на Зямлі, у Мінску, у братавай кватэры... А тым часам Антон ужо саскочыў на грунт і спыніўся, быццам перад ім была нейкая заслона. Я дакрануўся да яго пляча, маўляў, не замінай мне, адыдзі трошкі ўбок, і ў гэты момант ён кінуўся назад і закрычаў:
— Не сыходзь з трапа, Сымон! Вяртайся назад! Паднімайся на карабель!
Але я ўжо саскочыў са сходняў і... апынуўся ў мінскай братавай кватэры. Мы стаялі з братам у пярэднім пакоі і ён мне паказваў, як трэба правільна завязваць гальштук, што ў мяне ніколі не атрымлівалася. З гасцёўні, дзе нас ужо чакаў стол, застаўлены рознымі стравамі, выглянула братавая.
— Ды кіньце вы гэты гальштук! — сказала яна. — Ужо ўсё даўно астыла. У нас сёння не ўрачыстасць, а развітальная вячэра. Можна сесці за стол і без гальштука!
— Добра, ужо ідзём, — сказаў брат.
І тут са свайго пакоя з'явілася мая васьмігадовая пляменніца Каця. Яна ўзяла мяне за руку і стала цягнуць за сабою.
— За стол паспееце сесці, — зашчабятала яна. — Спачатку зойдзем на кухню. Там у мяне дзве бульбіны: Адрэта і Скарб. Я іх адабрала для паказу на конкурсе гародніны, а цяпер вырашыла, што трэба іх аддаць табе, дзядзечка Сымон. Возьмеш іх з сабою на Цэнтаўру. Яны там будуць частачкай зямнога жыцця...
І мы пайшлі з ёю на кухню. Там Каця дастала з каша, сплеценага з лазовых дубчыкаў, тыя дзве бульбіны, пра якія казала, і я не стрымаў свайго здзіўлення:
— Ого-о, якія гіганты! На конкурсе гародніны за табою было б першае месца!