— Дамы пакуль абследаваць не будзем, — сказаў Антон. — Спачатку трэба паглядзець, што там унізе? Куды вядзе гэты ўваход?
— Я пайду з табою, — адазваўся астрафізік, — а Сымон з Савічам няхай застаюцца тут, — і Антон яму не запярэчыў.
— Ну што ж, — павярнуўся да мяне доктар Савіч, калі Антон і астрафізік пакінулі нас. — Не будзем губляць часу. Давай зазірнём у бліжэйшую будыніну. Не стаяць жа нам пасярод гэтага двара.
І мы накіраваліся да высокага ганка. Тут дзверы будыніны расчыніліся, на ганак з адчайным крыкам выбеглі чатыры неверагодна вялізныя паўліны. Іх веерападобныя хвасты пакалыхваліся. Паўліны нейкі момант затрымаліся на ганку і пачалі па сходах збягаць уніз. Потым кінуліся да нас. Гэтых дзівосных птушак не палохала ні наша спецадзенне, ні скафандры. Адзін з паўлінаў учапіўся за камбінезон доктара Савіча, астатнія тры стаялі перада мной і працягвалі крычаць.
— Што тут у вас адбываецца? — ззаду пачуўся голас Антона. Яны з астрафізікам беглі да нас.
— Паўліны галодныя, — спакойна адказаў доктар. — Есці просяць, — і пагладзіў паўліна, які тут жа адбег ад яго.
— Іх бы чым-небудзь пакарміць, — пашкадаваў птушак астрафізік, і паўліны сціхлі.
— Сымон, дзе твае бульбіны? — звярнуўся да мяне Антон. — Ты ж іх, напэўна, узяў з сабою.
Я ажно ўздрыгнуў ад яго слоў і ўявіў, як задрыжэлі ў гэты момант Адрэта і Скарб. Мне ўспомніліся думкі Адрэты, зафіксаваныя фіксатарам: «Хацелася б... Каб мы змаглі камусьці перадаць памяць сваіх сэрцаў». І я ледзь не закрычаў: «О, не-не, мілая Адрэта! Супакойся. Я не аддам вас гэтым паўлінам!», а Антону адказаў:
— Бульбінкі я, вядома ж, узяў. Але не для таго, каб зараз аддаць іх гэтым птушкам. Пра гэта не можа быць ніякай гаворкі. Лепш скажы, што вы там пабачылі?
— Што яны маглі там пабачыць? Што?! — і ў голасе доктара Савіча чулася расчараванне. — Метро! Што яшчэ? Мне тут усё не падабаецца. Цэнтаўра аказалася занядбанай планеткай, без аніводнага жыхара. Ніякай тут эпідэміі няма. Планету па нейкіх прычынах проста пакінулі! А мы там на Зямлі... Пояс жыцця! Мора аблокаў! Колькі было спадзяванняў пабачыць тут штосьці незвычайнае!
— Незвычайнае можа быць, — спакойна сказаў Антон. — Мы ўвайшлі ў той уваход і пабачылі там некалькі дзесяткаў ліфтаў. На іх, безумоўна ж, хтосьці спускаўся ўніз, у нетры Цэнтаўры.
— Чаму спускаўся? — астрафізік запытальна паглядзеў на Антона. — Можа, там хтосьці і цяпер знаходзіцца. Я ведаю планеты, дзе гуманоіды жывуць менавіта ў нетрах!
Паўліны ўсё яшчэ стаялі каля нас, але вось адзін з іх накіраваўся да ганка будыніны. За ім пайшлі і астатнія...
— Галодныя птушкі, панурыя шэрыя дамы, — уздыхнуў доктар Савіч.
— Давайце трошкі паблукаем між іх, можа натрапім на нешта цікавае.
— Давайце! Я не супраць, — адказаў доктару Антон.
І мы пайшлі з дворыка ў дворык, дзе ўсё было аднолькавае: шэры камень будынін, з сінім адлівам трава... Толькі паўлінаў нідзе больш не было.
Мы ўжо даволі доўга блукалі па гэтым дзіўным мёртвым горадзе, пакуль нарэшце не звярнулі ў скверык, так нам напачатку здалося. Але, калі прайшліся па алейцы, доктар Савіч ускрыкнуў:
— Э-э, не! Гэта — не скверык! Гэта — могілкі... Сапраўды, паўсюль бачыліся надмагільныя пліты з радкамі
надпісаў. Літары былі чужыя, незнаёмыя. Ля гэтых пліт ляжалі агромністыя скульптуры. Мы і падышлі да адной з іх.
— Чалавек не чалавек, пачвара не пачвара, — сказаў астрафізік, уважліва разглядваючы скульптуру. — Магчыма, менавіта такі воблік мелі тыя, хто насяляў Цэнтаўру.
У гэты момант у мяне, напэўна, падняліся валасы на галаве. Скульптура паварушыла рукою, а пукатыя жоўтыя вочы яшчэ больш акругліліся. У іх свяцілася жыццё. Доктар Савіч моцна сціснуў маю руку, а ўнутры сябе я пачуў чужы голас:
— Вы зямляне? Падобных да вас мне даводзілася бачыць на Месяцы. Было ў нас некалькі экспедыцый на ваш спадарожнік.
— А ты? Ты хто? — у думках запытаўся я, разумеючы, што паміж намі ўзнікла тэлепатыя.
— Я — айфуец! Усе мы тут айфуйцы. Наш мацярык называецца мацерыком Айфу. Ракеі з трэцяй планеты знішчылі наш абарончы шчыт. Закрылі рэзервуары ядра планеты, адкуль выцякала энергія для абарончага шчыта. Мы не маглі ім супрацьстаяць, яны пазбавілі нас біямасы, але застаўся наш дух. Мы ўсялілі сваё «Я» ў помнікі, якія ставілі ля магільных пліт сваім продкам. І кожны з нас цяпер ажыўляе камень, стварае сваю новую біямасу, не парушаючы генетыкі. Колькі тут помнікаў, столькі і айфуйцаў, і хутка мы ўсе ажывём. На мацерыку Крыспі крыспійцы ўжо ажылі. Мне бачацца ў небе пасмачкі энергіі. Гэта, напэўна, яны ўжо адкрылі рэзервуары ядра планеты.