Мне здавалася, што я не дыхаю. У стане вялікай атарапеласці стаялі і ўсе астатнія, толькі Антон не без цікавасці пазіраў на помнік, які ляжаў ля суседняй надмагільнай пліты. Я таксама паглядзеў у той бок. Каменная статуя, якая дагэтуль ляжала побач з надмагільнаю плітою, прыўзнялася, потым, не без цяжкасці, села. Цёмна-жоўтыя зрэнкі вачэй пранізвалі нас.
— Хутка планету атуліць абарончы шчыт, — прабілася ў мой мозг. — Шкада, што мы не зможам паказаць вам ніжні горад. Тут, наверсе — усё бутафорыя, а сапраўднае наша жыццё працякае ўнутры планеты. Там усё інакшае.
У гэты момант пачуўся нягучны трэск. Так нярэдка трашчаць косці ў чалавека магутнай сілы, калі ён пачынае размінацца. Мы міжволі адступілі назад... Побач паднялася скульптура, а дакладней, падняўся айфуец, які першы скантактаваўся з намі. Ён у разы тры перавышаў нас ростам, і вочы яго не выказвалі ніякіх пачуццяў.
— Вам трэба спяшацца, калі вы хочаце вярнуцца на Зямлю, — загучала дзесьці глыбока ў ва мне. — Абарончы шчыт хутка атуліць нашу планету, і вы не зможаце праз яго прабіцца. А мы дапамагаем толькі роўным сабе.
І штосьці пагрозлівае пачулася ў апошніх словах гуманоіда. Гэта адчуў і доктар Савіч, таму што адразу сказаў:
— Пойдзем адсюль! Тут больш нельга затрымлівацца. Нам яшчэ трэба адшукаць свой чаўнок!
Я паглядзеў уверх, у бяскрайнюю вышыню, дзе ўжо клубіліся лёгкія аблокі, потым зірнуў на айфуйца. Ён размінаў свае доўгія шэрыя пальцы, і мая рука міжволі слізганула ў кішэню камбінезона, адкуль я дастаў свае дзве бульбінкі.
— Гэта — бульба, наша беларуская, — пачаў тлумачыць я гуманоіду. — Адрэта і Скарб. Бульбу трэба пасадзіць, і праз тры месяцы яна дасць ураджай. Спачатку, вядома, не багаты, што называецца для разводу, але праз тры, пяць гадоў тут у вас паўсюль будуць бульбяныя палеткі...
Тоўстыя губы айфуйца расцягнуліся ва ўсмешцы, і ён узяў з маіх рук Адрэту і Скарба. Гуманоід зразумеў мяне і нават уголас сказаў па-айфуйску: «Трыйдзо», што было, трэба думаць, словам падзякі. І хоць у гэты момант мне стала надзвычай сумна, я выканаў просьбу сваёй пляменніцы — зямной дзяўчынкі Каці, і ведаў што тут, на Цэнтаўры, якую мы паспяшаліся хутка пакінуць, у маленькіх бульбяных сэрцах будзе жыць і жыць памяць пра зямную ўзараную баразну, пра кош у мінскай кватэры і нават пра конкурс, на якім бульбінцы Адрэце так хацелася стаць Князёўнай бульбянога палетка...