Выбрать главу

Спачатку да ўсіх гэтых разважанняў доктара мы ставіліся несур'ёзна, чаго не здараецца ад эмацыянальных перагрузак! Але ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна. Спрабаваў прарвацца ў адсек кіравання палётам, каб змяніць курс. І тады мы задумаліся, што ж адбываецца з нашым доктарам? Адказ напрошваўся сам сабою: у доктара ўсе прыкметы лёгкага псіхічнага расстройства, якое з'явілася пасля таго, як ён пачаў насіць на шыі падораны яму гальштук-бабачку. Як толькі мы прыйшлі да такой высновы, адразу ж прапанавалі доктару зняць яго. Гэтая наша прапанова рассмяшыла доктара.

— Ды вам усім і не снілася, што гэты гальштук уяўляе сабою, — сказаў ён. — Гэта — Праграма, завезеная на Зялёную планету прадстаўнікамі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Усё выключна проста. Таму, хто носіць гэты гальштук, спачатку выдаецца міраж, мара жыцця. Адсюль і тыя дзівосныя гарады, навуковыя цэнтры, зоны адпачынку, якія бачылі наўкол сябе жыхары Зялёнай планеты. Ты ж чуў батанік. Я табе перакладаў, — звярнуўся ён да мяне і працягваў: — Але ўсялякую мару трэба ўвасобіць у жыццё, зрабіць явай. І гэта прадугледжана Праграмай. Яна выдае ўстаноўкі, падрабязнае тлумачэнне, як і што трэба рабіць, каб гэтую мару здзейсніць. Ну, скажам, нехта хоча стаць вялікім кампазітарам і яму даецца магчымасць уявіць сябе ім. А потым пачынаецца шлях да гэтай вяршыні, па якім і вядзе Праграма.

Доктар Савіч блытаўся, але яго словы гучалі пераканаўча, хаця хтосьці з нас і запытаўся з недаверам:

— Ну, а цябе асабіста, куды выводзіць яна?

— Я ж вам усё растлумачыў! У сузор'е Дзевы, дзе мы сустрэнемся з братамі па розуме і па эвалюцыйным развіцці. Трэба памяняць курс, і мы вернемся на Зямлю з грандыёзнай сенсацыяй.

— Гэты твой гальштук сам па сабе ўжо і ёсць сенсацыя, — сказаў я і тут жа папрасіў: — Дай панасіць яго, хаця б на некалькі гадзін.

— Разагнаўся!.. Гэтага ні ў якім разе рабіць нельга, — і далей доктар Савіч засцярог: — Можа здарыцца бяда. Праграма дзейнічае ў станоўчым накірунку толькі тады, калі гэты гальштук дорыцца. Яго трэба атрымаць у падарунак. Інакш спрацоўвае адмоўная энергія і дзеянні Праграмы робяцца непрадказальнымі.

— Ды глупства ўсё гэта, — сказаў наш бортмеханік. — Казачкі для ідыётаў. Хоць ты, Савіч, і сам доктар, але табе, відавочна, патрэбна медыцынская дапамога.

І гэтыя яго словы сталі апошнімі ў той нашай размове з доктарам Савічам. А калі вярнуліся на Зямлю, хутка дачуліся, што ў Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў нашага доктара звольнілі. Для яго пачалося зямное жыццё. Ну, а мы, усе астатнія члены экіпажа, неўзабаве адправіліся ў новае міжпланетнае падарожжа.

Міналіся гады, і, напэўна, ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў я вырашыў месяц-другі адпачыць на Зямлі. Космас стамляе. Тады і ўспомніўся мне доктар Савіч. Дзе ён, што з ім? Звярнуўся ў даведачнае бюро Асацыяцыі, дзе адразу ж атрымаў інфармацыю: доктар Савіч жыве недалёка ад Мінска. Мае сваю сядзібу і даўно ўжо адышоў ад лекарскай справы. Мне хацелася пабачыцца з ім, што я і зрабіў неадкладна.

Помню, быў сонечны дзень. Я пакінуў машыну далёка ад доктаравай сядзібы. Вырашыў прайсціся пешшу, сабрацца з думкамі. Згадвалася наша апошняе падарожжа з ім. І, вядома ж, з'яўлялася пытанне, ці захаваў доктар той свой гальштук-бабачку, які атрымаў у падарунак ад жыхароў Зялёнай планеты? Па ім, тым чорным гальштуку на загарэлай шыі, я і пазнаў доктара. Ён у вялікім саламяным капелюшы і ў адных толькі шортах штосьці перасаджваў у гародзе недалёка ад двухпавярховай драўлянай будыніны, якая глядзелася ледзь не палацам. Праходзяць дзесяцігоддзі, а на Зямлі мала што змяняецца.

— Доктар Савіч! Доктар Савіч! — гукнуў я.

І хапіла толькі некалькіх імгненняў, каб доктар пазнаў мяне і кінуўся насустрач. Яго перапаўняла такое радаснае хваляванне, што здавалася: ён вось-вось задыхнецца. Яму, відавочна, не хапала дыхання і, каб было лягчэй бегчы, ён спачатку сцягнуў з галавы капялюш, кінуў на сцежку, а пасля (ці можна было паверыць вачам) сарваў з шыі і гальштук-бабачку, які таксама шпурнуў у траву. А я ж помніў, як тады, на караблі, ён упарціўся, нізавошта не хацеў яго здымаць.

Мы абняліся, як добрыя сябры. На вочы набягалі слёзы, такою радаснай была наша сустрэча. І тут я заўважыў што з будыніны выбегла нейкая дзіўная істота, хутчэй за ўсё малпачка. Спрытна падняла з зямлі капялюш, а потым і гальштук, і хуценька скіравала да дома, куды неўзабаве падаліся і мы.

— Ты тут жывеш не адзін? — запытаўся я ў доктара і дадаў: — Я паспеў заўважыць нейкае калматае стварэнне. Няўжо гэтак змяніўся клімат на Зямлі, што ў Беларусі пачалі жыць малпы?