- А цяпер, - сказаў Кот, - я спяю яму песню, залюляю яго на гадзiнку.
I як пачаў ён мурлыкаць то гучней, то цiшэй, то цiшэй, то гучней, Дзiцянё i заснула моцным сном.
Жанчына паглядзела на iх на абодвух i з усмешкай сказала:
- Вось гэта добра! Што б там нi было, а ўсё ж ты, Кот, разумнiк.
Не паспела яна дагаварыць - пффф! - дым ад Агню хмарамi пачаў клубiцца ў Пячоры: гэта ён успомнiў, што ў Жанчыны з Катом была ўмова. I калi дым разышоўся, - зiрк, Кот сядзiць каля агню, усеўся зручней i сядзiць.
- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Ты зноў пахвалiла мяне, i вось я тут, каля цёплага ачага, i адсюль я не пайду на векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю i гуляю сам сабою.
Жанчына вельмi раззлавалася, распусцiла валасы, падкiнула дроў у агонь, узяла барановую костку i пачала зноў чараваць, каб як-небудзь незнарок трэцi раз не пахвалiць гэтага Ката.
Але цяпер, мой мiлы хлопчык, у Жанчыны не было песень, яна чаравала пацiху, - i вось у Пячоры зрабiлася так цiха, што нейкая Крошка Мышка выскачыла з кутка i цiхенька пачала бегаць па падлозе.
- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - гэта ты начаравала так, каб Мышка выбегла з нары?
- Ай, ай, ай! Не! - закрычала Жанчына, выпусцiла костку i ўскочыла на лавачку, што стаяла каля агню, i хутчэй падабрала свае валасы, каб Мышка не ўзбегла па iх.
- Ну, калi ты не зачаравала яе, - сказаў Кот, - мне не пашкодзiць яе з'есцi.
- Вядома, вядома, - сказала Жанчына, заплятаючы касу. - З'еш яе хутчэй, i я век буду ўдзячна табе.
Адным скачком злавiў Кот Мышку, i Жанчына ўскрыкнула шчыра:
- Дзякуй табе тысячу разоў! Сам Першы Друг ловiць Мышэй не так хутка, як ты. Ты, мабыць, вялiкi разумнiк.
Не паспела яна дагаварыць, як - трах! - у тую ж самую хвiлiну i ў тую ж самую секунду трэснуў Гладыш з малаком, што стаяў каля ачага, трэснуў напалам, бо ўспомнiў, якая ўмова была ў Жанчыны з Катом. I не паспела Жанчына злезцi з лавачкi, - зiрк, а Кот ужо хлебча з разбiтага Гладыша белы сырадой.
- Ты, мой Вораг, ты, Жонка Ворага майго, ты, Мацi майго Ворага, - сказаў Кот, - паглядзi: я тут. Трэцi раз пахвалiла ты мяне: давай жа мне тры разы ў дзень чым больш белага сырадою - на векi вечныя. Але ўсё ж запомнi: я, Кот, хаджу куды ўздумаю, гуляю сам сабою.
I засмяялася Жанчына, i, паставiўшы Кату мiску белага сырадою, сказала:
- О Кот! Ты разумны, як чалавек, але помнi: умову мы заключылi, калi не было дома нi Сабакi, нi Мужчыны; не ведаю, што скажуць яны, як вернуцца дадому.
- А мне што да гэтага! - сказаў Кот. - Мне б толькi месцейка ў Пячоры i тры разы ў дзень больш белага сырадою, i я буду вельмi задаволены. Нiякiя Сабакi, нiякiя Мужчыны мяне не цiкавяць.
Але ў той жа самы вечар, калi Сабака i Мужчына вярнулiся з палявання ў Пячору, Жанчына расказала iм усё як ёсць пра сваю ўмову з Катом, а Кот сядзеў каля агню i вельмi прыемна ўсмiхаўся.
I сказаў Мужчына:
- Усё гэта добра, але нядрэнна было б яму i са мною заключыць умову. Праз мяне ён заключыць яе з усiмi Мужчынамi, якiя будуць пасля мяне.
Ён узяў пару ботаў, узяў крамянёвую сякеру (усяго тры рэчы), прынёс з двара палена i маленькую сякеру (а ўсяго разам пяць), паставiў усё гэта ў рад i сказаў:
- Давай i мы заключым умову. Ты жывеш у Пячоры на векi вечныя, але калi ты забудзешся лавiць Мышэй - паглядзi вось на гэтыя рэчы: iх пяць, i я маю права кожнай з iх кiнуць у цябе, i гэтак жа ўслед за мною пачнуць рабiць усе Мужчыны.
Жанчына пачула гэта i сказала сама сабе:
"Так, Кот разумны, а Мужчына разумнейшы".
Кот палiчыў усе рэчы - яны былi даволi-такi цяжкiя - i сказаў:
- Добра! Буду лавiць Мышэй на векi вечныя, але ўсё ж я, Кот, хаджу дзе ўздумаю, гуляю сам сабою.
- Гуляй, гуляй, - адазваўся Мужчына, - але толькi не там, дзе я. Трапiш мне на вочы, я зараз жа кiну ў цябе ботам цi паленам, i так стануць рабiць усе Мужчыны, якiя будуць пасля мяне.
Тады выступiў Сабака i сказаў:
- Пачакай. Цяпер мая чарга заключыць умову. А праз мяне ўмова будзе заключана i з усiмi iншымi Сабакамi, якiя будуць жыць пасля мяне. - Ён ашчэрыў зубы i паказаў iх Кату. - Калi, пакуль я ў Пячоры, ты будзеш няласкавы з Дзiцём, - гаварыў ён, - я кiнуся на цябе i пакусаю цябе. I так пачнуць рабiць усе сабакi, што будуць жыць пасля мяне на векi вечныя.
Пачула гэта Жанчына i сказала сама сабе:
"Так, гэты Кот разумны, а наш Сабака разумнейшы".
Кот палiчыў сабачыя зубы, i яны здалiся яму вельмi вострымi. Ён сказаў:
- Добра, пакуль я ў Пячоры, буду ласкавы да Дзiцяцi, - калi толькi Дзiця не будзе вельмi балюча цягаць мяне за хвост. Але не забудзьцеся: я, Кот, хаджу дзе ўздумаю, гуляю сам сабою.
- Гуляй, гуляй, - адгукнуўся Сабака, - але толькi не там, дзе я. А не то, як толькi я сустрэну цябе, дык зараз жа забрашу, налячу на цябе i заганю цябе ўверх на Дрэва. I так пачнуць рабiць усе Сабакi, што будуць жыць пасля мяне.
I зараз жа, не трацячы нi хвiлiны, кiнуў Мужчына ў Ката ботамi ды крамянёвай сякерай, i Кот кiнуўся вон з Пячоры, а Сабака пагнаўся за iм i загнаў яго ўверх на Дрэва, - i ад таго самага дня, мой хлопчык, i да гэтага часу трое Мужчын з пяцi - калi яны сапраўдныя мужчыны - кiдаюць чым папала ў Ката, дзе б ён нi трапiўся iм на вочы, i ўсе Сабакi - калi яны сапраўдныя Сабакi, - усе да аднаго, заганяюць яго ўверх на Дрэва. Але i Кот верны сваёй умове. Пакуль ён у доме, ён ловiць Мышэй i ласкава абыходзiцца з дзецьмi, калi толькi дзецi не вельмi балюча цягаюць яго за хвост. Але як толькi ўлучыць хвiлiнку, толькi надыдзе ноч i ўзыдзе месяц, зараз жа ён кажа: "Я, Кот, хаджу дзе ўздумаю, гуляю сам сабою", i бяжыць у Дзiкi Лес, або ўзлезе на Дзiкiя Дрэвы, або ўзбярэцца на Дзiкiя Дахi i дзiка махае сваiм дзiкiм хвастом.
Кошка мурлыкае, дзiўна пяе,
Лазiць па дрэвах так лоўка,
Бегае шустра, ловiць i рве
Корак з працятай вяроўкай.
Мы адпачынак праводзiм з табой,
Бiнкi паслушны i верны,
Бiнкi стары i адданнейшы мой,
Праўнук сабакi пячорнай.
Калi вы, набраўшы з-пад крана вады,
Лапы намочыце кошцы
(Каб выявiць потым сляды
Дзiкiх звяроў на аконцы),