Выбрать главу

А назаўтра ранiцой сказаў яму кароль:

- Ты паплацiшся за гэта сваiм жыццём i толькi тады будзеш памiлаваны, калi зрыеш гару, што знаходзiцца перад маiмi вокнамi, - з-за яе я не бачу, што дзеецца навокал; i павiнен ты зрабiць гэта на працягу васьмi дзён. Удасца табе гэта - узнагародай табе будзе мая дачка.

Узяўся каралевiч за працу, пачаў капаць i капаў без адпачынку, а як прайшло сем дзён убачыў, як мала ён зрабiў i што ўся работа яго нiчога не вартая, i ён зусiм засумаваў, - усе надзеi яго рухнулi. А на сёмы дзень увечары з'явiлася лiса i кажа:

- Ты не варты таго, каб я пра цябе клапацiлася; але iдзi i лажыся спаць, а ўсё за цябе я зраблю сама.

Прачнуўся ён на другi дзень, зiрнуў у акенца, бачыць - гары як i не было. Абрадаваны, кiнуўся юнак да караля i заявiў яму, што справу ён сваю зрабiў; i хацелася цi не хацелася каралю, а мусiў ён слова сваё стрымаць i аддаць сваю дачку. Адправiлiся яны з каралеўнай з замка; прайшоў нейкi час, i вось з'явiлася да iх лiса.

- Хоць ты i валодаеш цяпер самым дарагiм, - сказала яна, - але дзяўчыне з залатога замка належыць i залаты конь.

- А як жа мне яго дабыць? - пытаецца юнак.

- Гэта я табе растлумачу, - адказала лiса. - Ты спачатку вядзi цудоўную каралеўну да караля, якi паслаў цябе ў залаты замак; будзе там нечуваная радасць, i яны адразу аддадуць табе залатога каня i самi яго выведуць. Хуценька садзiся на яго i працягнi iм усiм на развiтанне руку, а апошняй цудоўнай каралеўне; i як толькi возьмеш яе за руку, усцягнi яе адразу на каня i скачы што ёсць сiлы адтуль, - i нiхто не зможа цябе дагнаць: той конь ляцiць хутчэй чым вецер.

Усё адбылося шчаслiва, i каралевiч павёз цудоўную каралеўну на залатым канi. Але лiса iх не кiнула i казала юнаку:

- А зараз я дапамагу табе дабыць i залатую птушку. Калi ты пад'едзеш да таго залатога замка, дзе знаходзiцца птушка, то здымi дзяўчыну з каня, а я ўжо за ёю прыгляджу. Затым заедзь на залатым канi ў двор замка, - цябе ўбачаць, i будзе там вялiкая радасць; i яны вынесуць табе залатую птушку. Калi клетка з птушкай будзе ў цябе ў руках, ты куляй скачы да нас назад i забярэш зноў цудоўную каралеўну.

Калi ўсё шчаслiва збылося i каралевiч ужо збiраўся ехаць са сваiм багаццем дамоў, кажа яму лiса:

- А зараз ты павiнен мяне аддзячыць за дапамогу.

- А што ты за гэта ад мяне патрабуеш? - спытаў юнак.

- Калi мы будзем у лесе, ты мяне застрэль i адсячы мне галаву i лапы.

- Нiчога не скажаш, добрая ўдзячнасць, - адказаў каралевiч, - такога я ўжо нiяк зрабiць не магу.

I кажа лiса:

- Калi ты гэтага зрабiць не хочаш, я павiнна буду цябе пакiнуць. Але перш чым я ад цябе пайду, хачу даць табе яшчэ адну добрую параду: бойся дзвюх рэчаў - не купляй мяса з вiсельнi i не садзiся на краi калодзежа.

Затым лiса збегла ў лес.

Юнак падумаў: "Што за дзiўны звер i якiя дзiўныя ў яго пажаданнi. Хто ж будзе купляць мяса з вiсельнi? А жадання сядзець на краi калодзежа ў мяне нiколi небыло".

Паехаў ён разам з цудоўнай каралеўнай далей; а дарога праходзiла праз тую вёску, дзе засталiся яго два браты. I было там вялiкае зборышча i многа шуму. Каралевiч спытаў, што тут здарылася; яму адказалi, што тут павiнны павесiць двух людзей. Падышоў ён - бачыць, што гэта два яго браты, якiя натварылi шмат дрэнных спраў i прагулялi ўсё сваё багацце. Ён спытаўся, цi нельга iх вызвалiць.

- Можна, калi вы згодны за iх заплацiць, - адказалi людзi, - але навошта вам выкiдваць дарэмна грошы i iх выкупляць?

Але каралевiч, не раздумваючы, за iх заплацiў, i вось яны апынулiся на волi i рушылi далей усе разам. Трапiлi яны ў той самы лес, дзе сустрэлася iм упершыню лiса. Сонца горача прыпякала, а ў лесе было прахалодна i прыемна, i вось кажуць два браты:

- Давайце адпачнем ля калодзежа, паядзiм i нап'емся.

Ён згадзiўся, за размовай забыўся пра параду лiсы i сеў на краi калодзежа, не прадчуваючы нiчога дрэннага. Тады двое братоў скiнулi яго ў калодзеж, захапiлi дзяўчыну, каня i птушку i накiравалiся дамоў да свайго бацькi.

- Вось, - кажуць яны, - прывезлi мы не толькi залатую птушку, а яшчэ i залатога каня i дзяўчыну з залатога замка.

I была там вялiкая радасць, але конь нiчога не еў, птушка не спявала, а дзяўчына сядзела i ўсё плакала...

А малодшы брат не загiнуў. На шчасце, калодзеж быў сухiм, ён упаў на мяккi мох, нiчога сабе не пашкодзiў, толькi выбрацца адтуль ён не мог. Але i ў гэтай бядзе яго не пакiнула верная лiса. Яна прыбегла да яго, пачала ўшчуваць, што ён забыў пра яе параду.

- Усё ж я не магу цябе пакiнуць, - сказала лна, - i дапамагу табе выбрацца з калодзежа.

Яна загадала яму ўчапiцца за яе хвост i трымацца мацней i выцягнула яго наверх.

- Але ты яшчэ не зусiм пазбавiўся ад небяспекi, - сказала лiса. - Твае браты не ўпэўнены ў тваёй гiбелi, i яны расставiлi па ўсiм лесе вартаўнiкоў, каб забiць цябе, калi заўважаць.

А сядзеў ля дарогi жабрак, i вось абмяняўся юнак з iм адзеннем i з'явiўся, пераапрануты, у каралеўскi двор. Яго нiхто не пазнаў, але птушка пачала спяваць, конь пачаў есцi, а цудоўная каралеўна перастала плакаць.

Спытаўся кароль у здзiўленнi:

- Што гэта значыць?

А дзяўчына яму i кажа:

- Не ведаю, мне было раней так сумна, а цяпер так радасна. Мне здаецца, што з'явiўся мой сапраўдны жанiх.

I яна расказала каралю пра ўсё, што здарылася, хоць абодва браты i пагражалi ёй смерцю, калi яна прагаворыцца. Тады загадаў кароль паклiкаць да сябе ўсiх людзей, што былi ў замку, з'явiўся i юнак, пераапрануты жабраком; але дзяўчына адразу яго пазнала i кiнулася да яго на шыю. Злых братоў схапiлi i пакаралi, а малодшага абвянчалi з цудоўнай каралеўнай, i ён быў прызначаны пераемнiкам караля.

А што ж сталася з беднай лiсой?

Мiнула шмат часу, i адправiўся аднойчы каралевiч зноў у той самы лес, сустрэла яго лiса i кажа:

- Цяпер у цябе ўсё ёсць, што ты мог сабе жадаць, а вось майму няшчасцю ўсё няма канца, але ты можаш мяне выручыць, - i пачала лiса зноў яго прасiць i малiць, каб ён згадзiўся яе застрэлiць i адсекчы ёй галаву i лапы. Так ён i зрабiў; i толькi выканаў ён яе просьбу, як сталася лiса юнаком, i быў ён не хто iншы, як брат цудоўнай каралеўны, якi нарэшце быў вызвалены ад злога закляцця. I цяпер мелi яны ўсё, каб быць усё сваё жыццё шчаслiвымi.