Выбрать главу

- Я ўжо з'еў цэлую печ сiтнага хлеба, ды што гэта для мяне, калi я страшэнна галодны! Нiяк мне не наесцiся, i даводзiцца таму пояс падцягваць усё тужэй, каб з голаду не памерцi.

Узрадаваўся Дурань i кажа:

- Дык уставай i iдзi за мной: ужо ты ўволю наясiся.

Прывёў ён яго да каралеўскага двара, а туды звезлi да таго часу ўсю муку з усяго каралеўства i напяклi вялiзную гару хлеба; ну, тут лясны чалавек падышоў i пачаў есцi, - i за адзiн дзень уся хлебная гара знiкла.

Трэцi раз запатрабаваў Дурань сабе нявесту, але каралю хацелася ад яго пазбавiцца, i запатрабаваў ён у Дурня такi карабель, каб мог па вадзе i па сушы плаваць.

- Як толькi ты на тым караблi да мяне падплывеш, - сказаў ён Дурню, адразу мая дачка будзе тваёю жонкай.

Накiраваўся Дурань прамой дарогай у лес; сядзеў там стары сiвы чалавечак, якому ён аддаў некалi свой пiрог, i сказаў чалавечак:

- Гэта ты мяне накармiў, напаiў, дам я табе за гэта карабель; я гэта раблю таму, што ты мяне пашкадаваў.

I даў ён яму карабель, якi мог хадзiць i па сушы i па моры. Убачыў кароль той карабель i не мог адмовiцца аддаць дачку сваю замуж за Дурня. Вось згулялi вяселле, i пасля смерцi караля атрымаў у спадчыну Дурань усё каралеўства i жыў доўгiя гады шчаслiва са сваёю жонкай.

МIЛЫ РАЛАНД

Жыла калiсьцi жанчына, i была яна сапраўднай ведзьмай. Было ў яе дзве дачкi; адна з iх нязграбная i злая, i жанчына любiла яе таму, што яна даводзiлася ёй роднай дачкой; а другая - добрая i прыгожая, i жанчына яе ненавiдзела таму, што тая была яе падчарыцай.

Аднойчы надзела падчарыца прыгожы фартух, ён спадабаўся другой дачцэ, i тая пачала зайздросцiць зводнай сястры i сказала мацi, што хоча - чаго б нi каштавала - атрымаць гэты фартух.

- Супакойся, маё дзiцятка, - сказала старая, - ты яго атрымаеш. Тваю зводную сястру даўно пара забiць; сёння ўночы, якраз, як яна засне, я прыду i адсяку ёй галаву. Толькi глядзi, каб ты сама легла ў ложак блiжэй да сцяны, а яе падсунь на самы край.

I давялося б беднай дзяўчыне загiнуць, але менавiта ў гэты час яна стаяла ў кутку i ўсё чула. Дзяўчыну ўвесь дзень з дому не выпускалi, а калi надышоў час класцiся спаць, ёй загадалi класцiся першай. Калi сястра заснула, дзяўчына асцярожна пасунула яе на край ложка, а сама легла каля сцяны, на яе месца.

Падкралася ўночы старая, i быў у яе правай руцэ тапор, а левай яна спачатку памацала, цi ляжыць хто на краю ложка; потым яна моцна сцiснула тапор рукамi i адсекла галаву сваёй роднай дачцэ.

Калi старая пайшла, дзяўчына ўстала i накiравалася да свайго любага, звалi яго Раландам, i пастукала ў яго дзверы. Выйшаў ён, а яна яму гаворыць:

- Паслухай, мiлы Раланд, нам трэба хутчэй адсюль бегчы. Мачыха хацела мяне забiць, а замест мяне забiла ўласную дачку. Развiднее, яна ўбачыць, што нарабiла, i тады мы прапалi.

- Спачатку я раю табе, - сказаў Раланд, забраць у яе чарадзейную палачку, бо мы не выратуемся, калi яна кiнецца нас даганяць.

Забрала дзяўчына чарадзейную палачку, потым узяла мёртвую галаву i капнула на падлогу тры кроплi крывi: адну каля ложка, другую на кухнi, а трэцюю - на лесвiцы. А потым знiкла са сваiм любым.

Ранiцою прачнулася старая ведзьма, паклiкала сваю дачку, каб аддаць ёй фартух, але тая не з'явiлася. Тады яна крыкнула:

- Дзе ты?

- Ды я тут, на лесвiцы, падмятаю, - адказала кропля крывi.

Выйшла старая, але на лесвiцы нiкога не ўбачыла, i тады яна крыкнула яшчэ раз:

- Дзе ты?

- Ды я тут, грэюся на кухнi, - адгукнулася другая кропля крывi.

Пайшла ведзьма на кухню, але i там нiкога не ўбачыла. Крыкнула яна яшчэ раз:

- Дзе ты?

- Ой, ды я тут, на ложку, сплю! - адгукнулася трэцяя кропля крывi.

Увайшла старая ў пакой, наблiзiлася да ложка. I што ж яна ўбачыла? Сваё роднае дзiця, якое плавала ў крывi i якому сама ж галаву адсекла.

Раз'юшаная ведзьма падскочыла да акна, i паколькi бачыць магла яна далёка-далёка, то адразу заўважыла сваю падчарыцу, якая бегла са сваiм мiлым Раландам.

- Нiчога ў вас не атрымаецца, - крыкнула ведзьма. - Як бы вы далёка не адбеглi, уцекчы ад мяне вам не ўдасца.

Сунула яна ногi ў свае сямiмiльныя боты, у якiх што нi крок - аж на гадзiну наперад апынешся, i ў хуткiм часе нагнала абодвух. Як толькi заўважыла дзяўчына, што старая ўжо блiзка, ператварыла яна з дапамогай чарадзейнай палачкi свайго любага Раланда ў возера, а сама ператварылася ў качку i паплыла на сярэдзiну гэтага возера. Спынiлася ведзьма на беразе, пачала кiдаць у ваду хлебныя крошкi, каб як-небудзь падманiць да сябе качку. Ды качка не паквапiлася на падманку, i давялося старой вяртацца ўвечары нi з чым дамоў.

Тым часам дзяўчына прыняла разам з Раландам свой ранейшы выгляд, i пайшлi яны далей, i iшлi ўсю ноч, пакуль не развiднела. Потым ператварылася дзяўчына цудоўнай кветкай, якая раптам вырасла ў цярноўнiку, а свайго Раланда ператварыла яна ў скрыпача.

Неўзабаве з'явiлася ведзьма i кажа скрыпачу:

- Мiлы музыка, цi можна сарваць мне гэтую прыгожую кветку.

- Ну, зразумела, можна, - адказаў ён. - А я яшчэ табе i сыграю.

Як толькi ведзьма залезла ў зараснiк калючага цярноўнiка i наважылася сарваць кветку, - яна вельмi добра ведала, хто быў гэтай кветкай, - музыка пачаў iграць, i ведзьме супроць свайго жадання давялося скакаць, бо танец быў чарадзейны. I чым хутчэй iграў музыка, тым усё вышэй падскоквала ў танцы старая.

Калючкi ўжо ўсю вопратку падралi на ведзьме, да крывi пакалолi яе, а музыка ўсё iграў i iграў; i скакала ведзьма да таго часу, пакуль мёртвая не звалiлася на зямлю.

Вось так яны нарэшце выратавалiся, i сказаў Раланд:

- А цяпер я пайду да свайго бацькi i папрашу, каб ён наладзiў нам вяселле.

- Ну а я застануся тут, - сказала дзяўчына, - буду цябе чакаць. А каб мяне нiхто не пазнаў, ператваруся ў прыдарожны слуп з чырвонага каменя.

Раланд знiк, а дзяўчына стаяла чырвоным слупом каля дарогi i чакала свайго любага. Тым часам Раланд вярнуўся дамоў, але яго прывабiла другая дзяўчына, i ён забыў пра сваю любую.

Доўга-доўга стаяла бедная дзяўчына ў полi, i калi Раланд так i не вярнуўся да яе, яна засумавала, ператварылася ў кветку i падумала: "Няхай хто-небудзь наступiць на мяне i растопча..."

Але здарылася так, што на тым прыдарожным полi пасвiў сваiх авечак пастух. Ён заўважыў кветку, бо яна была вельмi прыгожая, сарваў яе, прынёс дамоў i схаваў сабе ў сундучок. I з таго часу пайшлi ў доме пастуха цудадзейныя справы. Устане ён ранiцою, зiрне, а ўся работа ўжо зроблена: пакой падмецены, стол i лаўкi чыстыя, у печы агонь гарыць, поўнае вядро вады стаiць. А як вернецца дамоў апоўднi - i стол ужо накрыты, i посуд з рознай ежай на iм.