I нiяк не можа пастух зразумець, як гэта ўсё само сабой робiцца - у сябе ж дома ён нiколi нiкога чужога не заўважаў, ды i хто б мог у маленькай хатцы схавацца? Усё гэта яму пэўна падабалася, але ж было i страшна; i тады ён накiраваўся да адной мудрай жанчыны за парадай.
Жанчына сказала:
- Тут нейкае чараўнiцтва, мабыць. Ты як-небудзь на досвiтку прыслухайся, цi не рухаецца што-небудзь па хаце, а калi што заўважыш - накiнь хуценька на тое самае хустку. Вось i зловiш...
Пастух так i зрабiў, як сказала яму жанчына, i на другую ранiцу, толькi-толькi пачало вiднець, ён убачыў: сундучок адчынiўся i з яго выйшла кветачка. Умомант падскочыў да яе пастух i накiнуў белую хустку. Здарылася неверагоднае: у тую ж хвiлiну перад iм вырасла цудоўная дзяўчына.
Яна расказала пастуху ўсё: пра тое, што была яна кветкай i ўвесь гэты час клапацiлася аб яго гаспадарцы, расказала i пра свой лёс. Дзяўчына вельмi спадабалася пастуху, i ён папрасiў яе выйсцi за яго замуж. Але яна адказала:
- Не, я хачу застацца вернай свайму любаму, Раланду, хоць ён мяне i пакiнуў.
Але яна абяцала пастуха не пакiдаць i весцi па-ранейшаму яго гаспадарку.
А якраз надышоў час вяселля Раланда. I былi па вясковай старой традыцыi запрошаны на вяселле ўсе навакольныя дзяўчаты пець у гонар жанiха i нявесты песнi.
Пачула аб гэтым адданая любаму дзяўчына i так засумавала, што вось-вось сэрца разарвецца ад гора, i яна не пажадала iсцi на вяселле. Але за ёю ўсё ж прыйшлi дзяўчаты i ўзялi яе з сабой.
Вось надышла яе чарга пець песню, але яна запела толькi тады, калi засталася адна, без дзяўчат. Iнакш яна не магла. Як толькi пачуў яе песню Раланд, ускочыў са свайго месца i ўсклiкнуў:
- Мне гэты голас знаёмы! Вось яна, мая сапраўдная нявеста, нiякай iншай я не жадаю!
I ўсё, што ён паспеў забыць, раптам зноў ажыло, вярнулася зноў у сэрца, як у родны дом.
I адсвяткавала тады адданая дзяўчына вяселле са сваiм любым Раландам, знiклi яе пакуты, прыйшоў час радасцi i весялосцi.
ПАПЯЛУШКА
Захварэла аднойчы ў аднаго багача жонка i адчула, што канец ёй прыходзiць. Паклiкала яна да сябе сваю адзiную дачку i гаворыць:
- Любае маё дзiця, будзь сцiплай i ласкавай, i Бог табе заўсёды дапаможа, а я буду глядзець на цябе з неба i заўсёды буду каля цябе.
Потым закрыла яна вочы i памерла. Дзяўчынка хадзiла кожны дзень на магiлу да мацi i плакала, i была цiхмянай i ласкавай.
Вось надышла зiма, i снег накрыў белым саванам магiлу, а калi вясной зноў засвяцiла сонейка, узяў багач сабе ў жонкi другую жанчыну.
Прывяла мачаха ў дом сваiх дачок. Былi яны прыгожыя i тварам белыя, але сэрцам злосныя i жорсткiя. I наступiў тады цяжкi час для беднай падчарыцы.
- Няўжо гэтая дурнiца будзе сядзець у нас у пакоi? - сказала мачаха. - Хто хоча есцi хлеб, няхай яго спачатку заробiць. Ану, хутчэй на кухню, будзеш гаспадыняй.
Адабралi яны ў яе прыгожае адзенне, надзелi на яе старую зрэбную кашулю i далi ёй драўляныя чаравiкi.
- Паглядзiце вы на гэтую гордую прынцэсу, бачыце, як убралася ў строi, гаварылi яны, смеючыся, i адвялi яе на кухню.
I павiнна была яна там з ранiцы да вечара выконваць чарнавую работу: падымацца раненька-рана, насiць ваду, палiць у печы, кухарыць i мыць. Акрамя таго, зводныя сёстры ўсяляк iмкнулiся як можна мацней яе засмуцiць насмiхалiся над ёю, высыпалi гарох i сачавiцу ў попел, i ёй трэба было сядзець i выбiраць iх адтуль.
Вечарам, калi яна ад працы вельмi стамлялася, ёй даводзiлася класцiся спаць не ў ложак, а на падлогу, побач з печчу, на попеле. I таму, што была яна заўсёды ў попеле, у пыле i гразi, празвалi яе сёстры Папялушкай. Давялося аднойчы бацьку збiрацца ехаць на кiрмаш, i спытаў ён у сваiх падчарыц, што прывезцi iм у падарунак.
- Прыгожыя строi, - сказала адна.
- Жэмчуг i каштоўныя камянi, - папрасiла другая.
- Ну, а ты што, Папялушка, хочаш?
- Прывязi мне, тата, галiнку, што на зваротным шляху першая зачэпiць цябе за шапку.
Накупляў бацька сваiм падчарыцам прыгожых сукенак, жэмчугу i самацветных каменьчыкаў, i калi вяртаўся дамоў праз лясок, галiнка арэхавая сцебанула яго, ды так моцна, што i шапку ў яго з галавы збiла. Ён адламаў гэтую галiнку i ўзяў яе з сабой. А дома падарыў падчарыцам тое, што яны прасiлi, а Папялушцы аддаў арэхавую галiнку.
Падзякавала яму Папялушка, пайшла на магiлу да мацi i пасадзiла там арэхавую галiнку. I так моцна плакала, што слёзы ручаём цяклi з яе вачэй i шчодра палiлi гэтую галiнку. Вось вырасла галiнка i стала прыгожым дрэвам. Тройчы на дзень прыходзiла Папялушка да дрэва, плакала i малiлася; i кожны раз прылятала да дрэва белая птушка; i, калi Папялушка загадвала якое-небудзь жаданне, птушка скiдвала ёй тое, што яна прасiла.
Але вось аднойчы сталася так, што кароль наладзiў банкет, якi павiнен быў доўжыцца ажно тры днi, i склiкаў на яго ўсiх прыгожых дзяўчат краiны, з тым, каб сын яго мог выбраць сабе жонку. Калi зводныя сёстры даведалiся, што iм таксама трэба з'явiцца на банкет, яны паклiкалi Папялушку i кажуць ёй:
- Прычашы нам валасы, наваксуй туфлi i зашпiлi нам засцежкi, ды як можна мацней, бо мы iдзём у каралеўскi палац на агледзiны.
Папялушка паслухалася iх, але заплакала: ёй таксама вельмi хацелася пайсцi патанцаваць; яна пачала прасiцца ў мачахi, каб тая пусцiла i яе.
- Ты ж, Папялушка, - сказала ёй мачаха, - уся ў попеле ды ў гразi, куды ж табе iсцi на банкет! У цябе ж нi сукенкi няма, нi туфляў, а ты хочаш яшчэ танцаваць.
Перастала Папялушка яе прасiць, а мачаха ёй i кажа:
- Вось высыпала я мiску сачавiцы ў попел. Калi збярэш за дзве гадзiны, тады можаш iсцi разам з сёстрамi.
Выйшла Папялушка чорным ходам у сад i сказала так:
- Вы, галубкi ручныя, вы, галубкi, птушкi паднебныя, ляцiце, дапамажыце мне сабраць сачавiцу.
Лепшыя калiўцы - у гаршчок,
Горшыя - у валлячок.
I прыляцелi да кухоннага акенца два белыя галубкi, а за iмi i галубка, i нарэшце пазляталiся ўсе птушачкi паднебныя, селi на попел. Схiлiлi галубкi свае галоўкi i пачалi кляваць: тук-тук-тук-тук, а за iмi i астатнiя таксама: тук-тук-тук-тук, i хутка сабралi ўсе зярняткi ў мiсачку.