Каралю спадабалася парада, i ён загадаў паставiць у пярэдняй дванаццаць калаўротаў.
Ды слуга, якi жадаў дабра паляўнiчым, пайшоў i адкрыў i гэтую задуму караля. Застаўшыся сам-насам са сваiмi дзяўчатамi, каралеўна сказала iм:
- Трымайце сябе ў руках i на калаўроты нават не пазiрайце.
I вось, калi на другi дзень ранiцою кароль пазваў сваiх дванаццаць паляўнiчых, яны абыякава прайшлi праз пярэднюю, на калаўроты не зiрнулi нават.
Тады кароль зноў кажа iльву:
- Ты мяне падмануў: гэта мужчыны, на калаўроты яны не зiрнулi.
Леў адказаў:
- Яны i на гэты раз даведалiся, што iх хочуць выпрабаваць.
Але кароль ужо больш не верыў iльву. Дванаццаць паляўнiчых з гэтага часу заўсёды суправаджалi караля на паляваннi. Яны ўсё больш i больш яму падабалiся. Неяк у час палявання прыйшла вестка, што нявеста караля знаходзiцца ўжо ў дарозе. Пачула гэта сапраўдная нявеста i зрабiлася ёй крыўдна i балюча, так балюча, што нават сэрца амаль перастала ў яе бiцца, i яна, беспрытомная, упала. Кароль, убачыўшы, што з яго мiлым паляўнiчым нешта здарылася, падбег да яго. Жадаючы памагчы, ён сарваў у яго з рукi пальчатку. I тут убачыў ён пярсцёнак, якi падарыў сваёй нявесце, паглядзеў у твар i пазнаў яе. I захвалявалася яго сэрца, пацалаваў ён яе, а калi яна расплюшчыла вочы, сказаў:
- Ты - мая, а я - твой, i нiхто на свеце нас нiколi не разлучыць.
I кароль паслаў насустрач другой нявесце ганца i загадаў прасiць яе вярнуцца назад у сваё каралеўства, так як, маўляў, у яго ўжо ёсць жонка, а хто стары ключ знойдзе, таму новага не трэба.
Тут i вяселле згулялi. I леў зноў трапiў у мiласць да караля, бо ён жа яму ўсю праўду сказаў.
БРЭМЕНСКIЯ МУЗЫКI
Шмат гадоў таму жыў на свеце млынар. I быў у млынара асёл, разумны i дужы.
Доўга працаваў асёл на млыне, цягаў на спiне кулi з мукой i вось нарэшце састарыўся. Бачыць гаспадар: аслабеў асёл, не здатны больш для работы - i выгнаў яго з дому.
Спалохаўся асёл: "Куды я пайду, куды падзенуся? Стары я стаў i слабы".
А потым падумаў: "Пайду гэтак я ў нямецкi горад Брэмен i стану там гарадскiм музыкам".
Так i зрабiў. Пайшоў у нямецкi горад Брэмен.
Iдзе асёл па дарозе i крычыць па-аслiнаму. I раптам бачыць ён: ляжыць на дарозе сабака i цяжка дыхае.
- Чаму ты так запыхаўся, сабака? - пытае асёл. - Што з табой?
- Стамiўся, - гаворыць сабака. - Бег доўга, вось i запыхаўся.
- Што ж ты так бег, сабака? - пытае асёл.
- Ах, асёл, - гаворыць сабака. - Пашкадуй мяне. Жыў я ў паляўнiчага, доўга жыў. Па палях i балотах за дзiчынай для яго бегаў, а цяпер стары стаў,i надумаў мой гаспадар мяне забiць. Вось я i збег ад яго, а што далей рабiць не ведаю.
- Пойдзем са мной у горад Брэмен, - адказвае яму асёл, - зробiмся там музыкамi. Брэшаш ты гулка, голас у цябе добры - ты будзеш спяваць i ў барабан бiць. А я буду на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць сабака, - пойдзем.
Пайшлi яны разам. Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы.
Iшлi яны, iшлi i раптам бачаць: сядзiць на дарозе кот, сумны сядзiць кот, невясёлы.
- Што ж ты такi сумны? - пытае яго асёл.
- Што ж ты такi невясёлы? - пытае сабака.
- Ах, - гаворыць кот, - пашкадуйце вы мяне, асёл i сабака. Жыў я ў сваёй гаспадынi, доўга жыў, - лавiў пацукоў i мышэй. А цяпер стары стаў, зубы ў мяне прытупiлiся, i захацела мая гаспадыня мяне ў рэчцы ўтапiць. Я i збег з дому. А што далей рабiць - не ведаю.
Асёл яму адказвае:
- Пойдзем з намi, кот, у горад Брэмен, станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на скрыпцы iграць, сабака - спяваць i на барабане iграць, а я - спяваць i на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць кот, - пойдзем.
Пайшлi яны разам.
Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы.
Iшлi яны, iшлi. Праходзяць побач аднаго двара i бачаць: сядзiць на варотах певень i крычыць на ўсё горла: "Ку-ка-рэ-ку!"
- Ты што, пеўнiк, крычыш? - пытае яго асёл.
- Што з табой здарылася? - пытае яго сабака.
- Можа, цябе хто пакрыўдзiў? - пытае кот.
- Ах, - гаворыць певень, - пашкадуйце вы мяне, асёл, сабака i кот. Заўтра да маiх гаспадароў госцi прыедуць, i вось збiраюцца мае гаспадары зарэзаць мяне i зварыць з мяне суп. Што мне рабiць?
Адказвае яму асёл:
- Пойдзем з намi, певень, у горад Брэмен, i станем там вулiчнымi музыкамi. Голас у цябе добры, ты будзеш спяваць i на балалайцы iграць, кот будзе спяваць i на срыпцы iграць, сабака - спяваць i на барабане iграць, а я буду спяваць i на гiтары iграць.
- Што ж, - гаворыць певень, - пойдзем.
Пайшлi яны разам.
Асёл iдзе, крычыць па-аслiнаму, сабака iдзе, брэша па-сабачы, кот iдзе, мяўкае па-кашачы, певень iдзе, кукарэкае.
Iшлi яны, iшлi, i вось настала ноч. Асёл i сабака ляглi пад вялiзным дубам, кот сеў на галiну, а певень узляцеў на самую вершалiну дрэва i пачаў адтуль глядзець па баках.
Глядзеў, глядзеў i ўбачыў: свецiцца непадалёку агеньчык.
- Агеньчык свецiцца! - крычыць певень.
Асёл кажа:
- Трэба даведацца, што гэта за агеньчык. Можа, паблiзу дом стаiць.
Сабака кажа:
- Можа, у гэтым доме мяса ёсць. Я паеў бы.
Кот кажа:
- Можа, у гэтым доме малако ёсць. Я папiў бы.
А певень кажа:
- Можа, у гэтым доме пшонка ёсць. Я пакляваў бы.
Усталi яны i пайшлi на агеньчык.
Выйшлi на паляну, а на паляне дом стаiць, i акенца ў iм свецiцца.
Асёл падышоў да дому i зазiрнуў у акенца.
- Што ты там бачыш, асёл? - пытае яго певень.
- Бачу я, - адказвае асёл, - сядзяць за сталом разбойнiкi, ядуць i п'юць.
- Ох, як хочацца есцi! - сказаў сабака.
- Ох, як хочацца пiць! - сказаў кот.
- Як бы нам разбойнiкаў з дому выгнаць? - сказаў певень.
Думалi яны, думалi i прыдумалi.
Асёл цiхенька паставiў пярэднiя ногi на падваконнiк, сабака залез на спiну аслу, кот ускочыў на спiну сабаку, а певень узляцеў на галаву кату.
I тут яны ўсе разам закрычалi:
асёл па-аслiнаму,
сабака - па-сабачы,
кот - па-кашачы,
а певень - закукарэкаў.
Закрычалi яны i ўвалiлiся праз акно ў пакой.
Напалохалiся разбойнiкi i ўцяклi ў лес.
А асёл, сабака, кот i певень селi вакол стала i ўзялiся за ежу.
Елi-елi, пiлi-пiлi, - наелiся, напiлiся i спаць леглi.
Асёл расцягнуўся ў двары на сене, сабака ўлёгся перад дзвярыма, кот скруцiўся клубком на печы, а певень залез на вароты.