Выбрать главу

- Што з табой, Гурмандзiнэ? - спытала ў яго Бландзiна. - Ты ўвесь час маўчыш. Ты часам не захварэў?

- Не, прынцэса, - адказаў Гурмандзiнэ, - я адчуваю сябе добра.

- Але ж ты такi бледны! Скажы, што з табой, бедны Гурмандзiнэ. Я абяцаю, што зраблю ўсё, каб табе было лепей.

Расчулiўшы Гурмандзiнэ сваёй дабрынёй, Бландзiна сябе амаль уратавала. Але ўспамiн пра цукеркi, паабяцаныя каралевай Фур'етай, прымусiў хлопца прагнаць свае добрыя пачуццi.

I не паспеў ён нiчога адказаць, як страўсы ўпёрлiся ў агароджу, за якой рос зачараваны Бэзавы лес.

- Ах! - ускрыкнула Бландзiна. - Якi прыгожы бэз! I як ён чароўна пахне! Вось добра было б сабраць вялiкi букет i падарыць яго тату! Гурмандзiнэ, калi ласка, злезь з брычкi i прынясi мне некалькi галiнак.

- Я не магу, прынцэса, - азваўся маленькi паж. - Пакуль мяне не будзе, страўсы могуць уцячы.

- Ну i што? - сказала Бландзiна. - Я i сама магу на iх даехаць да палаца.

- Але тады кароль будзе сварыцца, што я вас пакiнуў адну. Можа, вы лепей самi сходзiце па гэтыя кветкi ды выбераце, якiя вам больш спадабаюцца.

- I праўда, - пагадзiлася Бландзiна. - А то мне будзе вельмi непрыемна, калi на цябе, мой бедны Гурмандзiне, будуць з-за мяне сварыцца.

I сказаўшы гэта, Бландзiна саскочыла з брычкi, пралезла памiж прутоў у агароджы i пачала збiраць кветкi.

Як толькi яна гэта зрабiла, у Гурмандзiнэ ўсё ўсярэдзiне здрыганулася i яго пачалi мучыць згрызоты. Яму захацелася выправiць сваё злачынства, паклiкаць Бландзiну назад. Але хоць прынцэса была ўсяго за дзесяць крокаў, i ён яе выдатна бачыў, яна зусiм не чула ягоных крыкаў i ўсё глыбей заходзiла ў зачараваны лес. Гурмандзiнэ доўга яшчэ глядзеў, як яна збiрае прыгожыя кветкi, пакуль прынцэса зусiм не знiкла з вачэй.

Не ведаючы, што рабiць, хлопец горка заплакаў, ён праклiнаў сваю ненаеднасць i ненавiдзеў каралеву Фур'ету. Але прыгадаўшы, што час, калi Бландзiна павiнна вярнуцца ў палац, ужо зусiм блiзкi, ён нарэшце паехаў назад i задворкамi прыбег да каралевы, якая яго чакала. Убачыўшы, якi ён бледны i якiя ў яго чырвоныя i заплаканыя ад нячыстага сумлення вочы, каралева здагадалася, што Бландзiна прапала.

- Ты ўсё зрабiў? - спытала яна.

У адказ Гурмандзiнэ толькi кiўнуў галавой, бо гаварыць у яго не было сiлы.

- То хадзi за мной, - сказала яму каралева. - Вось твая ўзнагарода.

I яна паказала пажу на вялiкi куфар, поўны сама розных цукерак. Потым яна паклiкала служку i загадала яму пагрузiць гэты куфар на аднаго з тых мулаў, на якiх прывезлi яе каштоўнасцi i аздобы.

- Гурмандзiнэ завязе гэты куфар майму бацьку, - сказала каралева i дадала, павярнуўшыся да пажа. - Выязджай зараз жа, а праз месяц прыедзеш зноў i завязеш яшчэ адзiн куфар.

У тую ж хвiлiну яна неўпрыкмет сунула хлопцу ў руку мяшэчак з залатымi манетамi. Гурмандзiнэ нiчога не адказаў i моўчкi залез на мула. Доўга не думаючы, ён адразу пусцiў наўзгалоп; але мул быў вельмi натурысты i ўпарты, i, хутка стамiўшыся ад цяжкага куфра, ён пачаў кiдацца з боку ў бок, брыкацца i нарэшце такi скiнуў Гурмандзiнэ разам з усiмi яго цукеркамi. Хлопец яшчэ не ўмеў добра ездзiць нават на канi, не тое, што на муле, i, зляцеўшы на зямлю, ударыўся галавой аб камень i тут жа памёр. Ён так i не змог скарыстацца ўзнагародаю за сваё злачынства, бо не паспеў з'есцi нiводнае цукеркi, падоранай яму каралевай.

Нiхто яго не пашкадаваў, бо нiхто яго й не любiў у палацы, апроч беднай Бландзiны, якая ў гэты самы час блукала па зачараваным Бэзавым лесе.

Глава 3

Бэзавы лес

Апынуўшыся ў лесе, Бландзiна пачала збiраць прыгожыя кветкi. Яна радавалася, што iх так многа i што ў iх такi добры пах. Збiраючы, яна заходзiла ўсё далей i заўважала яшчэ прыгажэйшыя кветкi, тады яна вытрасала фартух i шапку i пачынала збiраць новыя.

Так прайшла цэлая гадзiна. Бландзiне ўжо зрабiлася горача, а букет быў такi цяжкi, што яна пачала стамляцца. I тады яна вырашыла, што пара вяртацца ў палац. Яна павярнулася i ўбачыла, што з усiх бакоў яе абступае бэз.

Яна паклiкала Гурмандзiнэ, але нiхто не адказаў. "Здаецца, я адышлася трошкi далей, чым думала, - сказала Бландзiна. - Што ж, хоць я i стамiлася, давядзецца iсцi назад. Гурмандзiнэ пачуе мяне i выйдзе насустрач."

Яна рушыла назад па сваiх слядах, але колькi нi йшла, дрэвы i кусты не радзелi i ўскрайку леса было не вiдаць. Яна зноў доўга клiкала Гурмандзiнэ, але ёй зноў нiхто не адказаў. I тады ёй зрабiлася страшна.

- Што са мной будзе ў гэтым лесе? I што падумае мой бедны тата, убачыўшы, што я не вярнулася? А небарака Гурмандзiнэ? Ён жа не адважыцца вярнуцца ў палац без мяне: на яго будуць сварыцца, а можа нават адлупцуюць! I ўсё гэта з-за мяне, з-за таго, што мне захацелася назбiраць гэтага бэзу... Ах, якая я няшчасная! Цяпер я памру ў гэтым лесе ад смагi i голаду, калi ўначы мяне не задзяруць злыя ваўкi.

Бландзiна кiнулася пад высокiм дрэвам на зямлю i горка заплакала. Яна плакала вельмi доўга, але ўрэшце стома перамагла яе смутак, i, паклаўшы пад галаву букет, яна моцна заснула.

Глава 4

Бландзiна прачынаецца першы раз i сустракаецца з Катком-Вуркатком

Так Бландзiна праспала ўсю ноч. Нiводзiн драпежны звер не патрывожыў яе спакойнага сну, i холад яна не адчула. Назаўтра яна прачнулася позна i, калi працерла вочы, здзiўлена ўбачыла, што з усiх бакоў яе абступаюць нейкiя дрэвы i што ляжыць яна зусiм не ў сваiм ложку i не ў сваiм пакоi. Яна паклiкала пакаёўку i пачула ў адказ цiхае мяўканне. Здзiвiўшыся i амаль спалохаўшыся, яна пачала азiрацца вакол i ўбачыла каля сваiх ног прыгожага белага ката, якi ласкава глядзеў на яе i мяўкаў.

- Ах, ты, Каток-Вуркаток, якi ж ты прыгожы! - сказала Бландзiна i пагладзiла ката па яго белай, як снег, iльснянае поўсцi. - Я вельмi радая цябе бачыць. Ты ж завядзеш мяне да сваёй хаткi? Але я такая галодная, што напэўна, нiкуды не змагу дайсцi, пакуль не паем.

Толькi яна сказала гэтыя словы, як Каток-Вуркаток мяўкнуў яшчэ раз i паказаў сваёй маленькаю лапкай на невялiкi пакунак, якi ляжаў побач з ёй. У чыстай белай тканiне было нешта загорнута. Бландзiна разгарнула тканiну i ўбачыла некалькi лусценяў з маслам.

Яна пакаштавала адзiн i адразу адчула, што лусценi вельмi смачныя. Тады яна адламала некалькi кавалачкаў Катку-Вуркатку, i той з вуркатаннем пачаў iх есцi. Было вiдаць, што лусценi яму таксама вельмi падабаюцца.

Калi Бландзiна добра пад'ела, яна нахiлiлася да Катка-Вуркатка, палашчыла яго i сказала: